15 дзікіх азіяцкіх сланоў (сярод іх тры сланяняці) пакінулі колішнія месцы рассялення — Сішуанбаньна-Дайскую аўтаномную акругу, што ў правінцыі Юньнань — і адправіліся на поўнач, перадае [3] «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Гэтае падарожжа прыцягнула шырокую ўвагу па ўсім свеце. Перамяшчэнне буйных жывёл стала прычынай 412 здарэнняў, яны знішчылі сельскагаспадарчыя культуры на плошчы больш чым 800 гектараў. Паводле папярэдніх ацэнак, прамы эканамічны ўрон склаў каля 6,8 мільёнаў юаняў (амаль мільён долараў). Для суправаджэння сланоў-падарожнікаў улады правінцыі Юньнань задзейнічалі 14 дронаў і каля 500 чалавек, якія сочаць за статкам, перакрываюць дарогі на яго шляху і спрабуюць накіраваць іх на паўднёвы захад, назад — да родных мясцінаў.
Сланы па шляху зайшлі нават у шасцімільённы горад Куньміна. Чаму статак азіяцкіх сышоў са звычайнага арэалу пражывання ў далёкі паход, застаецца незразумелым. Некаторыя спецыялісты мяркуюць, што гэта неспрактыкаваны важак статка павёў яго кудысьці не туды, іншыя лічаць, што сланы адправіліся шукаць новае месца жыхарства.
Дзікія азіяцкія сланы занесены ў Чырвоную кнігу. У Кітаі іх усяго каля трохсот, і большасць з іх жыве ў правінцыі Юннань. Навукоўцы кажуць, што настолькі далёка юннаньскія сланы са звычайных месцаў пасялення яшчэ не сыходзілі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya