Кожны суворавец ведае прымаўку: той, хто не паступіў у сувораўскае вучылішча, павінен радавацца, а хто паступіў, — ганарыцца. І сапраўды, сённяшнія выпускнікі ўсе як на падбор: прыгожыя, статныя, выхаваныя, адукаваныя, спартыўныя. Нават і не скажаш, што пяць гадоў таму гэтыя юнакі прыйшлі сюды дзецьмі. Цяпер яны — сапраўдныя мужчыны. І абсалютна няважна, што многім з іх няма яшчэ і 18-ці.
— Выпускнікі вучылішча заўсёды складалі яго гонар, з’яўляліся ўзорам выканання воінскага і грамадзянскага абавязку, — адзначыў намеснік міністра абароны генерал-маёр Андрэй ЖУК. — Многія выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча сёння праходзяць службу на вышэйшых пасадах ва Узброеных Сілах і іншых сілавых структурах дзяржавы, забяспечваючы яго бяспеку і суверэнітэт, працуюць на адказных дзяржаўных пастах. Выхаваныя на славутых баявых традыцыях, яны ўпісалі нямала яркіх старонак у гераічны летапіс савецкіх і беларускіх Узброеных Сіл. Сённяшнія выпускнікі прымнажаюць славутыя традыцыі сувораўскага вучылішча выдатнымі поспехамі ў вучобе і высокімі дасягненнямі ў спорце.
І гэта не гучныя словы. Адзін з выпускнікоў вучылішча, Станіслаў Прытуленка, з’яўляецца стыпендыянтам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі — падчас вучобы ў сувораўскім ён паказваў добрыя вынікі на спаборніцтвах па шматбор’і. Юнак родам з Глуску, што ў Магілёўскай вобласці. Пра сувораўскае марыў з самага дзяцінства, усур’ёз задумаўся, калі аднойчы паглядзеў парад. «Мяне так уразіў сувораўскі строй, што пасля шостага класа я вырашыў паступаць у вучылішча, — расказвае выпускнік. — Падрыхтоўка да іспытаў была сур’ёзная, конкурс таксама, таму калі я паступіў, то радасці не было мяжы».
Неўзабаве мара Станіслава ажыццявілася ўдвайне — праз некаторы час ён ужо сам маршыраваў у сувораўскім страі на адным з галоўных праспектаў краіны на парадзе ў Дзень Незалежасці. Надзвычай сімвалічна гэта для нашчадка тых, хто ў далёкія 1940-я сам здабываў Перамогу. Прадзед Станіслава быў камандзірам танкавага ўзвода, прайшоў усю вайну. Прабабуля трапіла на прымусовыя работы ў Германію, але і там знайшла выхад, як помсціць ворагу: на авіязаводзе, дзе яна працавала, жанчына наўмысна рабіла дзіркі на некаторых дэталях. Яны, безумоўна, ганарыліся б сваім праўнукам-сувораўцам, які збіраецца паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі.
Сёлета са сцен вучылішча выйшла 70 сувораўцаў. Сярод выпускнікоў — адзін сярэбраны і пяць залатых медалістаў. З адзнакай скончыў сувораўскае і Ягор Барсамян. Юнак будзе працягваць сваю адукацыю ў Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава ў Санкт-Пецярбургу — дзякуючы атэстату з высокімі адзнакамі, ён ужо паступіў туды па-за конкурсам (дарэчы, прывілеі пры паступленні прадастаўляюцца сувораўцам і ў ВНУ сілавога блоку нашай краіны). Мама Ягора, якая прыйшла на выпускны, расказала, што ў свой час з трывогай успрыняла сынава рашэнне паступаць у сувораўскае вучылішча, аднак цягам часу ніколькі аб гэтым не пашкадавала. «Тут з маленькіх хлопчыкаў выхоўваюць сапраўдных мужчын», — ганарыцца сынам Ася Барсамян.
— Мы рыхтуем сапраўдных прафесіяналаў і грамадзян нашай краіны, — перакананы начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча палкоўнік Андрэй ГАРБАЦЕНКА. — Вядома, яны выказваюць добрыя вынікі і ў вучобе, і ў спорце, але самае галоўнае, што ў сценах вучылішча сувораўцы навучыліся сябраваць: падтрымліваць, дапамагаць, суперажываць адзін аднаму. За пяць гадоў яны ўвабралі ў сябе гэты дух кадэцтва, які, упэўнены, пранясуць праз усё сваё жыццё. Абсалютная большасць сённяшніх выпускнікоў ідзе вучыцца ў ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў для Узброеных Сіл, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і іншых сілавых структур. Гэта патрыёты сваёй краіны.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/minskae-suvorauskae-vaennae-vuchylishcha
[5] https://zviazda.by/be/tags/vypuskniki
[6] https://zviazda.by/be/tags/suvoraucy