У Віцебскім аблвыканкаме адбыўся семінар, прысвечаны лічбавізацыі дзяржаўных органаў і арганізацый з прымяненнем дзеючага заканадаўства. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і воблачны аператар beCloud.
Віцебск стаў пятым абласным цэнтрам, дзе прайшлі мерапрыемствы па прэзентацыі воблачных рашэнняў і знаёмстве з заканадаўчымі аспектамі ІКТ-дзейнасці. Аналагічныя семінары ўжо адбыліся ў Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
У рамках семінара быў прадстаўлены праект «Нацыянальная SMART-платформа», аператарам якой з'яўляецца beCloud. Платформа прапануе рашэнні і інфраструктуру для рэалізацыі «разумных» праектаў, яе распрацоўшчыкі кажуць пра вялікія магчымасці для развіцця рэгіёна, якія яна дае.
У размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі Алег Сядзельнік, генеральны дырэктар СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», расказаў пра тое, што ў выніку стварэння «дзяржаўнага воблака» органы ўлады і арганізацыі могуць працаваць больш эфектыўна, эканомяцца бюджэтныя сродкі; інфармацыя, у тым ліку персанальная, надзейна абараняецца. А такія семінары, заўважыў ён, дазваляюць быць бліжэй да спажыўцоў.
Канстанцін Булатаў, начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, пацвердзіў журналістам перавагі выкарыстання «лічбы». Актыўнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій, па яго словах, спрыяе павышэнню якасці расследавання злачынстваў, эканоміць час і фінансавыя выдаткі. Чарговы этап — пераход ад папяровых носьбітаў да практыкі электроннага занясення інфармацыі. Надзейная сістэма бяспекі гарантуе абарону ад несанкцыянаванага доступу ў базу даных.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Прэв’ю — pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/becloud
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebski-ablvykankam
[6] https://zviazda.by/be/tags/aleg-syadzelnik
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-voblachnyya-tehnalogii