Не так даўно ў Лідзе ў службу МНС паступілі звесткі, што адзін з пакояў на адзінаццатым паверсе інтэрната загарэўся. Пах гары адчуў сусед, які і выклікаў выратавальнікаў. Сам гаспадар у гэты час быў на працы. Супрацоўнікам МНС, якія прыбылі на месца здарэння, ліквідавалі пажар, выбіўшы дзверы. Агонь сапсаваў драўляны падваконнік і стол. Абышлося без пацярпелых. Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання сталі сонечныя прамяні, якія сфакусаваліся на паверхні драўлянага стала праз шкляны слоік, напоўнены вадой. Слоік стаяў на падваконніку ў пакоі, на вуліцы ў той дзень было сонечнае надвор’е.
Каб ўстанавіць тэхнічную прычыну пажару, прызначалася судовая пажарна-тэхнічная экспертыза ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.
Намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз УГКСЭ па Гродзенскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Дзяніс КРАПІЎНІЦКІ распавёў аб выніках праведзенай экспертызы:
— Устаноўлена, што ў дадзеным выпадку адбылося спалучэнне шэрагу ўмоў, якія і прывялі да пажару. Гэта — наяўнасць сонечных прамянёў, прадмета, здольнага факусаваць сонечныя прамяні, а менавіта шклянога слоіка з вадой, і гаручага матэрыялу (у дадзеным выпадку гаворка ідзе аб паверхні драўлянага стала). У кропцы факусіроўкі сонечных прамянёў тэмпература паступова павялічвалася і дасягнула тэмпературы самазагарання (тлення) адпаведнага матэрыялу. У экспертнай практыцы такія здарэнні сустракаюцца рэдка, але, як бачым, выключаць іх не варта.
Падобны выпадак адбыўся ў мінулым годзе ў Юрацішках Іўеўскага раёна. Жанчына пакінула трохлітровы слоік з вадой на прыступках веранды свайго дома і сышла. Праз некаторы час грамадзянін заўважыў, што ад дома ідзе дым і выклікаў МНС. Як і ў папярэдняй сітуацыі, прычынай пажару сталі сонечныя прамяні, якія сфакусаваліся на паверхні драўлянай ашалёўкі веранды дома праз шкляны слоік, напоўненую вадой.
Фокусам аптычнай сістэмы могуць быць розныя шкляныя слоікі і бутэлькі з вадой, акуляры, павелічальнае шкло і іншыя прадметы. У сонечныя дні грамадзянам варта памятаць пра гэта, каб пазбегнуць падобных здарэнняў.
Сёлета судовымі экспертамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці праведзена больш за 90 пажарна-тэхнічных экспертыз. Як паказвае практыка, найбольш частая прычына пажараў — гэта бестурботнасць людзей пры выкарыстанні крыніц адкрытага агню. Таксама не менш распаўсюджанай прычынай ўзнікнення пажараў з’яўляюцца няспраўнасці або невыкананне правілаў эксплуатацыі электратэхнічных прылад у электрычных сетках, што часцяком у канчатковым выніку прыводзіць да стварэння ў іх пажаранебяспечных аварыйных рэжымаў, такіх як перагрузка, фармаванне вялікіх пераходных супраціваў, кароткае замыканне.
Летам пытанне забеспячэння пажарнай бяспекі з’яўляецца асабліва актуальным, заўважаюць у кіраванні ГКСЭ па Гродзенскай вобласці. Справа ў тым, што ў гарачыя і сухія дні вялікая небяспека ўзнікнення пажараў у памяшканнях, на прысядзібных участках, а таксама ў лясных масівах. Банальная неасцярожнасць з агнём можа прывесці да пажару і стаць прычынай сур’ёзных наступстваў.
Аліса СКІБА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alisa-skiba
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/sonechny-zaychyk
[4] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[5] https://zviazda.by/be/tags/lida
[6] https://zviazda.by/be/tags/pazharatehniki