Класічныя музычныя вечары каля сцен Мірскага замка, здаецца, знайшлі працяг у аналагічным культурным мерапрыемстве на Ашмяншчыне, якое, магчыма, стане пастаянным. Каля сцен замка Сапегаў у Гальшанах таксама зладзілі творчую вечарыну.
Пасля нядаўняга адкрыцця для наведвальнікаў Паўночнай вежы замка гістарычны будынак стаў цэнтральным месцам падзей шматлікіх мерапрыемстваў краю. На выхадных падчас тэатралізаванай пастаноўкі госці сустрэліся з Паўлам Сапегам, Соф'яй Гальшанскай, Белай дамай і Чорным манахам. Такая падача легендаў і паданняў краю вельмі падабаецца і запамінаецца гледачам. Зладзілі таксама майстар-клас па сярэднявечных танцах і квэст-гульню для прыхільнікаў містыкі.
Мясцовыя майстры паказвалі, як нараджаюцца ганчарныя вырабы, цацкі хэнд-мэйд і лялькі-абярэгі. Падмацоўваліся госці слівавай гарбатай ды духмянай юшкай. А надвячоркам усіх чакалі канцэрт інструментальнай музыкі і арыгінальныя кампазіцыі, якія Ігар Задарожны, саліст Белдзяржфілармоніі, выканаў на крыштальнай арфе, сабранай з вінных келіхаў, і піле.
19 чэрвеня Соф'я Гальшанская ізноў чакае гасцей на свята ў сваёй рэзідэнцыі і абяцае светлавое шоу. А дапамагаць ёй будуць музычны калектыў «Арацэя» і гістарычны клуб «Шатландская пяхота». Астатнія сюрпрызы арганізатары пакуль не раскрываюць.
Ірына СІДАРОК
Прэв’ю — pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/zamak-sapegau
[4] https://zviazda.by/be/tags/galshany
[5] https://zviazda.by/be/tags/sofya-galshanskaya
[6] https://zviazda.by/be/tags/vecharyna