Шэраг адметных разнапланавых праектаў працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, а менавіта — у будынку на вуліцы Някрасава, 3. Выбралі некаторыя з іх і расказваем, навошта ў НЦСМ трэба завітаць аматарам трох непадобных кірункаў творчасці — жывапісу, ткацтва і фатаграфіі.
Частка сямейнай гісторыі
Больш за два дзясяткі работ прадстаўлена на выстаўцы «Сярэбраны альбом» Вячаслава Бахметава. Фатограф родам з Гомеля, сябра Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, уваходзіць у секцыю аналагавай фатаграфіі, секцыю трэвэл-фатографаў, займаецца альтэрнатыўнымі фатаграфічнымі працэсамі: цыянатыпіяй, гуміалейным і гумбіхраматным друкам, алейным друкам.
«Сярэбраны альбом» (куратарам выступае Алена Данброва), — амбратыпы аўтара за два гады, на якіх адлюстраваны блізкія творцу людзі, рэчы, думкі і адчуванні — сям’я, сябры і дом. Па словах фатографа, прадстаўленыя творы — своеасаблівая рэфлексія па сямейных аматарскіх альбомах фатаграфій, якія захоўваюцца ў многіх дамах і якія людзі пераглядаюць, калі збіраюцца разам падчас свят. «Цяпер усе глядзяць у камп’ютар і тэлефоны. Хочацца, каб традыцыя рабіць сямейныя партрэты родных і проста друкаваць фотаздымкі захавалася. Такая тэхніка атрымання выяў, як амбратыпія, адсылае нас да вытокаў з’яўлення фатаграфіі і дазваляе атрымліваць унікальныя дамашнія рэліквіі», — адзначае Вячаслаў Бахметаў.
Праекты, прысвечаныя амбратыпіі (варыянт мокракаладыённага працэсу, які быў вынайдзены ў сярэдзіне 1850-х гг., — у выніку атрымліваецца пазітыўная выява на шкляной пласціне, зафарбаванай з аднаго боку чорным) — не вельмі часта з’ява ў выставачным жыцці Беларусі. Працэс стварэння дарагі і працяглы па часе. З прылад, акрамя фотаапарата, патрэбны шкло, лак, посуд і рэактывы. Усе дзеянні выконваюцца за 10—15 хвілін да высыхання калодыю.
Глыбіня рэзкасці і танальных пераходаў, плямы мікразасвечвання, наплывы эмульсіі, а таксама паставы і выразы твараў тых, хто пазіруе, — усё гэта ў свой час абумовіла папулярнасць амбратыпіі пры стварэнні партрэтаў. Людзі на здымках выглядалі ўзвышанымі і высакароднымі, сямейны партрэт увогуле лічыўся фамільнай рэліквіяй.
У кожным партрэце аўтару ўдалося перадаць настрой і асаблівасці амбратыпаў, але ў некаторых работах прасочваецца непаўторны аўтарскі стыль. Напрыклад, на адным з твораў глядач бачыць твар жанчыны у верхнім левым куце, астатняе — нібы водныя рагі на акне, за якім сядзіць жанчына і ўсміхаецца. Аўтар адыходзіць ад своеасаблівай кананічнасці, уласцівай гэтаму кірунку, і паказвае людзей больш рэальнымі, прыземленымі: панурымі, задумлівымі, насцярожанымі, але часцей усмешлівымі. Усё ж гэта частка сямейнай гісторыі. І тое, што фатограф не пазначае нават прыкладных дат стварэння серыі і не падпісвае творы, кажа пра глыбока асабісты працэс творчасці і важнасць кожнай работы.
Відавочна, Вячаславу Бахметаву даспадобы рэтра-эстэтыка і змрочнасць, якая часта суправаджаецца светлымі вобразамі, — прыкмет сучаснасці ў яго патрэтах можна налічыць не вельмі шмат. Выяўляецца гэта і ў нацюрмортах, напрыклад, з выявамі павука ў шклянцы ці чэрапа, які акружаюць вазы з рознымі кветкамі, у тым ліку завялымі, грэцкія арэхі і падсвечнік. Хапае і выключэнняў — букет жывых кветак (ва ўсякім разе выглядаюць такімі) і некалькі яблыкаў побач ці сціпла накрыты абедзенны стол. Такія творы, натуральна, валодаюць больш пазітыўнай энергетыкай і не меней змястоўныя.
Беларускі этнасюррэалізм
Персанальная экспазіцыя Алены Шлегель «Калекцыя ілюзій» пачынае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. «Прыгожыя аксесуары жаночага свету, кругаварот прыемных дробязей разам з выявай свету ідэй аб’яднаны ў жывапісе Алены ў стылістыцы тонкага і далікатнага варыянта “беларускага этнасюррэалізму”, — заўважаюць стваральнікі праекта. — Містычны, міфалагічны змест твораў мастачкі зачароўвае яркасцю фарбаў, але бачым у яе любімыя колеры: залацісты, зялёны і чырвоны — найлепшае спалучэнне для казачных сцэн. Шлегель мае свой асаблівы творчы почырк. На працягу 15 гадоў работы аўтара застаюцца аднолькава якаснымі і цікавымі; эстэтыка падачы, малюнак і палітра даўно знайшлі сваіх прыхільнікаў. І нядзіўна, што прызнанне дзяржавы — перамога ў намінацыі “Жывапіс” — дасталася менавіта гэтай мастачцы».
Міф, казка, легенда — усё міксуецца ў палотнах Алены Шлегель. На іх выразна, з рэалістычнай дакладнасцю адлюстраваны героі — жывёлы, гістарычныя асобы, міфічныя істоты, цыркавыя персанажы, але элементы дэкаратыўнасці пры бліжэйшым разглядзе становяцца такімі ж паўнавартаснымі героямі. Кожная работа — рэбус, які патрабуе паглыбленага і ўсебаковага аналізу. Без яго проста немагчыма раскрыццё алегарычных сэнсаў, закладзеных аўтарам у кожную дэталь таго ці іншага твора. Напрыклад, карціна «Малочныя рэкі» (2004) заснавана на міфе, таму кожная выява тут напоўнена сімвалічным зместам. Тое ж малако яшчэ з даўніх часоў атаясамлівалася з адраджэннем і неўміручасцю, дабрынёй, клопатам, спагадай, багаццем і ўрадлівасцю. Увогуле ж, гледача не пакідае адчуванне, што з многімі вобразамі ён знаёмы, штосьці бачыў, нешта чытаў пра гэта. Але калі пэўныя цытаты — моўныя і візуальныя — угадваюцца, у работах Алены Шлегель яны набываюць іншае, незвычайнае гучанне.
Адна з наймаштабнейшых па памеры работ — квадрыптых «Родны алфавіт» (2017), ідэя стварэння якога з’явілася ў сувязі з жаданнем мастачкі асэнсаваць месца Айчыны ў свядомасці. «Алфавіт у гэтым творы адыгрывае ролю своеасаблівага культурнага кода, які ўключае ў сябе вобразна-сэнсавы рад, звязаны для мяне з паняццем Радзімы, — адзначае Алена Шлегель. — Як мастак я расшыфроўваю гэты код з дапамогай візуальнага рада выяў, што звязаны з матэрыяльнай культурай Беларусі». Выявы групуюцца ў залежнасці ад літары, з якой пачынаецца іх назва. Па магчымасці Алена Шлегель выкарыстоўвала адпаведны колер літар (напрыклад, «А» — аранжавы) або колер-сімвал («К» — кроў). Да таго ж кампазіцыю аб’ядноўваюць цытаты з графічнага аздаблення «Бібліі» Францыска Скарыны. Знойдзе ўважлівы глядач і партрэты князёў Вялікага Княства Літоўскага.
Створаныя ў форме гульні, карціны Алены Шлегель нібы ілюструюць найбольш яркія бакі жыцця — каханне, флірт, гумар, пяшчоту… Глядач блытаецца ў тым, дзе рэальнасць і дзе сон, дзе праўда і дзе вымысел, дзе каханне, а дзе падман. Большасць карцін падобны да каляровых сноў, але, напрыклад, у дыптыху «Перараджэнне» (2017) мастачка набліжаецца да жорсткай рэальнасці, хоць не пазбаўляе твор рамантычнага флёру.
Выразнае, таямнічае, лаканічнае…
Экспазіцыя памяці Алы Непачаловіч «Патаемнае» прадаўжае серыю выставак лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі Міністэрства культуры Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва 2020 года. Арганізатары выстаўкі, куратарам якой выступае Таісія Халамава, упэўнены, што мастачка запомніцца пазітыўным, поўным энергіі чалавекам. «Яна заўсёды знаходзілася ў асяроддзі студэнтак і майстрых, на фоне якіх вылучалася сваёй мастацкай графікай на тэкстылі. На працягу жыцця Ала Непачаловіч падрыхтавала 26 лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, дзевяць стыпендыятаў і ўладальнікаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Разам з калегамі Наталляй Сухаверхавай, Аленай Обадавай, Вольгай Рэднікінай была “рухавіком” айчыннага ткацтва і габелена, асобай, вядомай далёка за межамі Беларусі», — адзначылі стваральнікі экспазіцыі.
Ала Непачаловіч нарадзілася ў Маскоўскай вобласці, скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975), да 1996 года па размеркаванні працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ў галіне габелена, мастацкага ткацтва і сцэнічнага касцюма. Да канца жыцця была дацэнтам кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ала Непачаловіч станавілася лаўрэатам рэспубліканкіх і міжнародных конкурсаў, удзельнічала ў айчынных і замежных выстаўках, ажыццявіла шэраг персанальных выставачных праектаў. Яе манументальныя кампазіцыі і габелены аздабляюць шматлікія грамадскія інтэр’еры, у тым ліку Нацыянальнай біблітэкі Беларусі, Гродзенскага драматычнага тэатра, абласнога Палаца культуры Магілёва, а таксама ўстаноў Расіі, Украіны, Казахстана, Германіі, Літвы, Венгрыі. Сёння творы Алы Непачаловіч знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Музея гісторыі горада Мінска, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. Масленікава, у Міністэрстве замежных спраў Беларусі і Беларускім саюзе мастакоў.
Тэкстыльныя кампазіцыі мастачкі — вобразна-асацыятыўныя дэкаратыўныя творы. Аўтар адлюстроўвала асабісты свет. Як адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч, з дапамогай простых форм і арнаментальных малюнкаў яна стварала сучасныя вобразныя структуры, у якіх ясна прасочваецца нацыянальны стыль: у іх ёсць выразнасць дакладна прадуманых ліній і захапляльная таямнічасць паўторных арнаментаў, уласцівае сучаснаму мастацтву імкненне да лаканічнасці, вобразнага мінімалізму. У экспазіцыі памяці Алы Непачаловіч прадстаўлены якраз такія работы розных гадоў, што пацвярджаюць гэты пункт гледжання: «Цецерукі» (1995), «Ходнік» (2009), «Сутонне» (2001), «Рытмы зямлі-1» (2011) і многія іншыя. Сэрца выстаўкі — тэкстыльныя кампазіцыі з серыі «Патаемнае».
Пералічаныя выставачныя праекты будуць працаваць у НЦСМ да 4 ліпеня.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/ncsm
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva