На працягу суботы і нядзелі тут працавалі гандлёвыя рады, выступалі самадзейныя артысты, ласаваліся найсмачнейшымі вырабамі слаўгарадскіх, чэрыкаўскіх і краснапольскіх сыравараў. Надвор’е, як той казаў, спрыяла планам арганізатараў і шчодра дарыла сонечную цеплыню і пяшчоту. Дарэчы, фестываль «Гаспадарчы сыр» упершыню праходзіў у гэтым сакральным месцы. Арганізатары вырашылі аб’яднаць два народныя святы адной пляцоўкай. Са Слаўгарада да Блакітнай крыніцы былі арганізаваныя аўтобусныя маршруты.
За два рублі, а пенсіянеры яшчэ танней, можна было далучыцца да свята.
— Сімвалічна, што менавіта ў Год адзінства мы сабраліся ў Слаўгарадскім раёне, — падкрэсліла намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Алена Шаўцова. — Рэгіянальнае свята «Народная прыпеўка» адзначаецца ўжо дзясяты год. Сёння вельмі важна захаваць гістарычную і культурную спадчыну нашай краіны. Калі мы адзіныя, мы непераможныя.
У «народнай прыпеўцы» ўдзельнічала пятнаццаць самадзейных калектываў. Атмасферу свята стваралі таксама ўстановы адукацыі Слаўгарадскага раёна, медавікі, сыравары, рамеснікі. Другі дзень дзявятага па ліку фестывалю «Гаспадарчага сыру» пачаўся яшчэ і з велафестывалю.
— Беларусь нездарма лічыцца спартыўнай краінай, — адзначыла Алена Шаўцова. — Здароўе людзей у краіне — гэта частка сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. А кулінарны фестываль «Гаспадарчы сыр» даўно ўжо стаў візітоўкай раёна. Слаўгарадскія сыравары — вядомыя майстры. І іх смаката карыстаецца нязменнай папулярнасцю.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/slaugaradski-rayon
[2] https://zviazda.by/be/tags/blakitnaya-krynica
[3] https://zviazda.by/be/tags/alena-shaucova
[4] https://zviazda.by/be/tags/gaspadarchy-syr-0