Гэтым летам купальны сезон пачаўся пазней, чым у мінулыя гады. Але ўжо каля тыдня тэмпература вады ў вадаёмах Сінявокай трымаецца на адзнацы +20 — + 21 градус. Яшчэ з пачатку мая (лічыцца, што сезон купання ў нас — з 1 мая да 30 верасня) спецыялісты Таварыства ратавання на водах працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, а з прыходам сапраўднага цяпла работы ім дадасца. Бо гэтым летам вельмі многія грамадзяне не паедуць у адпачынак на мора.
Беларускія пляжы гатовы прыняць адпачывальнікаў. У краіне функцыянуе 431 пляж (з іх 21 — у Мінску). Усе пляжныя зоны бяспечныя, дно вадаёмаў абследавана вадалазамі, на кожным пляжы ўстаноўлены буі, а таксама папераджальныя таблічкі і інфармацыйныя стэнды, выратавальныя станцыі аснашчаны ўсім неабходным — моцнымі катарамі, сучасным выратавальным і вадалазным рыштункам, укамплектаваны прафесійнымі супрацоўнікамі.
— Адпачынак немагчымы без адпаведнай інфраструктуры, — падкрэслівае старшыня Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Анвар Ігамбердзіеў.
Пляжы абсталяваны з улікам розных інтарэсаў і патрэб адпачывальнікаў: ёсць веладарожкі, дзіцячыя і назіральныя пляцоўкі, кафэ, шэзлонгі, альтанкі, можна ўзяць напракат лодкі і катамараны. Устаноўлены кабінкі для пераадзявання і санвузлы.
У сталіцы гэтым летам будзе працаваць інклюзіўная пляжная зона, распавёў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Дзмітрый Стаселька. Размешчана яна будзе на тэрыторыі пляжа № 2 ў Драздах. Крокі ў гэтым кірунку рабіліся і раней — напрыклад, на пляжы № 1 Цнянскага вадасховішча зона адпачынку абсталявана з улікам патрэб людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а на пляжах 8 і 9 на Мінскім моры ёсць спецыяльныя кабінкі для пераадзявання інвалідаў-калясачнікаў. Але месца для бяспечнага купання людзей з асаблівасцямі пакуль не было.
— Інклюзіўная зона адпачынку будзе ўключаць у сябе купальню, абсталяваную адмысловымі пандусамі і турнікетамі, і месцы для пераадзявання інвалідаў-калясачнікаў, — кажа Дзмітрый Стаселька. — Будзе і пад'язная дарожка да вады. Побач, у непасрэднай бачнасці, размешчана выратавальная станцыя. Месца выбрана зыходзячы з меркаванняў лагістыкі: сюды можна без праблем дабрацца з любога пункта горада.
Словам, адпачывальнікам будзе камфортна. Застаецца толькі выконваць меры асабістай бяспекі на вадзе, кажуць ратавальнікі.
Дзе купацца бяспечна?
У купальны сезон, распавялі супрацоўнікі Таварыства выратавання на водах, штогод гіне каля 110 чалавек. Летась гэтая лічба склала 107 чалавек, пазалетась — 105.
— Гібель людзей на вадзе ўзрастае ў пачатку купальнага сезона, — падкрэсліў Анвар Ігамбердзіеў.
На сённяшні дзень актыўна працуюць 66 выратавальных станцый і 148 пастоў Таварыства выратавання на водах (100 пастаянных, астатнія — сезонныя). Але гарантаваць бяспеку на абсалютна ўсіх вадаёмах краіны ратавальнікі не ў сілах.
— 90 % людзей гіне ў месцах, непадкантрольных таварыству, — адзначае кіраўнік арганізацыі. — І часцей за ўсё няшчасныя выпадкі на вадзе адбываюцца ў забароненых для купання месцах.
Сёлета да цёплага сезона па ўсіх берагах акваторый выстаўлены знакі «Месца для купання», «Купанне забаронена», на берагах вадаёмаў устаноўлены стэнды з інфармацыяй аб тэмпературы вады і правілах бяспекі пры купанні. Некаторыя пляжы на Мінскім моры радыёфікаваныя — з гучнагаварыцеляў адпачывальнікам на дзвюх мовах, рускай і англійскай, нагадваюць правілы бяспекі на вадзе. Супрацоўнікамі таварыства штодня праводзяцца рэйды.
— Хацелася б падкрэсліць: дазволенымі для купання месцамі з'яўляюцца толькі пляжныя зоны. Там вы абароненыя, — кажа Дзмітрый Стаселька. — Важна разумець: радыус дзеяння выратавальнай станцыі — 1200 метраў. Купаючыся ў іншых месцах, вы рызыкуеце жыццём.
Купаючыся ў неналежных месцах або заплываючы за буйкі, чалавек падвяргае сябе не толькі небяспецы патануць — ёсць яшчэ верагоднасць загінуць ад сутыкнення з маламерным суднам.
— Суднаўладальнікі ажыццяўляюць праход па воднай роўнядзі і не разлічваюць, што ў месцах, не прызначаных для купання, у вадзе будуць людзі. Гэта можа прывесці да трагедыі, бо сучасныя судны (яхты, маторныя лодкі, гідрацыклы) развіваюць вялікія хуткасці, — адзначае намеснік начальніка ДУ «Дзяржаўная інспекцыя па маламерных судах» Юрый Аляксеенка.
Не заплывайце за буйкі!
На жаль, менталітэт нашых грамадзян часам такі, кажуць ратавальнікі, што калі яны бачаць прадстаўнікоў Таварыства выратавання на водах, то ў забароненых месцах не купаюцца. Ратавальнікі праехалі — усё, вольніца. Характэрна, што з усіх патанулых з пачатку гэтага года (а гэта 91 чалавек) 23 % (21 чалавек) знаходзіліся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.
— Чалавек парушае зону купання, гэта бачыць вахтавы, і мы падыходзім да парушальніка на катары. Гэта можа быць, напрыклад, чалавек у нецвярозым стане, які вырашыў такім чынам скараціць дарогу, пераплыўшы вадаём. Часам ён плыве ў адзенні і ў абутку, — расказвае дзяжурны матрос выратавальнага паста Таварыства выратавання на водах Савецкага раёна г. Мінска Рустам Чарнавокі. — Ён плыве з апошніх сіл, і, бачачы, што прыйшла дапамога, тут жа сыходзіць пад ваду. Мы адразу паднімаем такога чалавека, гэта ў нас ужо адпрацавана: адзін выкідвае якар, а двое кідаюцца да тапельца. Выцягваем і чуем: «Я не прасіў вас мяне ратаваць, я даплыў бы!» Гэта самы распаўсюджаны адказ.
Купанне ў забароненых месцах можа пацягнуць за сабой штраф да трох базавых. Але на першы раз ратавальнікі звычайна парушальніку даруюць і не выклікаюць міліцыю.
— Спадзяёмся, што людзі зразумеюць і больш парушаць не будуць.
Уласна кажучы, выпісваць штрафы — гэта кампетэнцыя міліцыі, ратавальнікі толькі папярэджваюць. Ну і ратуюць, зразумела. З пачатку бягучага года прадстаўнікамі таварыства выратаваны 80 чалавек па краіне, з іх 13 — непаўналетнія. Папярэджаны за парушэнне правілаў аховы жыцця людзей на водах 9925 чалавек, у тым ліку 854 непаўналетнія. Але 12 дзяцей з пачатку гэтага года загінулі на вадзе — прадухіліць трагедыю не ўдалося.
— У гібелі маленькіх дзяцей на вадзе звычайна вінаватыя дарослыя, якія паводзяць сябе бесклапотна і пакідаюць малалетніх каля вады без належнага нагляду, — падкрэслівае старшыня рэспубліканскай выратавальнай арганізацыі. — А для 10-12-гадовых і крыху старэйшых галоўная прычына гібелі ў вадзе — бравада.
Быў выпадак у Віцебскай вобласці: дзядуля сам паказаў унукам невялікае азярцо і зрабіў для іх плыцік. І вадаём маленькі, і глыбіня яго ўсяго метр семдзесят, але дзеці вырашылі паплаваць на плыце адны і загінулі.
А што датычыцца бравады, то да яе схільныя не толькі падлеткі, але і, здавалася б, дарослыя людзі, распавядаюць ратавальнікі. Класічны прыклад: пасля лазні кампанія хлопцаў вырашыла паспаборнічаць, хто далей праплыве пад вадой. Нырнулі чацвёра, а на паверхню выплылі трое... Зусім нядаўні выпадак: у невялікім мястэчку гулялі вяселле. Жаніх ад паўнаты пачуццяў нырнуў з дамбы. У выніку дзяўчына, ледзь паспеўшы стаць жонкай, ператварылася ва ўдаву.
Твой скачок бачаць усе...
Аматары сэлфі і экстрэмальных відэа — яшчэ адзін галаўны боль ратавальнікаў. Гэтую катэгорыю парушальнікаў бяспекі на вадзе прыцягваюць гідратэхнічныя збудаванні. У Мінску адно з такіх сумна вядомых месцаў з дрэннай рэпутацыяй — гідратэхнічнае збудаванне вадасховішча Дразды. Тут адбыўся не адзін няшчасны выпадак са смяротным зыходам.
— На будынку ўстаноўлены камеры відэаназірання і таблічкі з інфармацыяй аб забароне рыбнай лоўлі і купання. Але гэта не перашкаджае аматарам вострых адчуванняў залазіць на каркас збудавання, здзяйсняць скачкі і ныраць. У гэтым месцы ўжо танулі і нашы грамадзяне, і грамадзяне іншых краін, — расказаў начальнік вадалазна-выратавальнай службы Мінскай гарадской арганізацыі Таварыства выратавання на водах Дзмітрый Храпкоў. — Тут сапраўды вялікая глыбіня, з-за гэтага — вельмі нізкая тэмпература вады. Разагрэты на сонцы чалавек ад рэзкага перападу тэмператур атрымлівае тэрмамеханічны шок, у выніку спыняецца сэрца. У гэтым выпадку — утапленне. Бываюць і пераломы шыйных пазванкоў, калі скачок у ваду здзейснены няправільна. Гэта таксама цягне за сабой гібель. Дзяжурная змена выратавальнай станцыі «Дразды» бывае тут штодня, а ў найбліжэйшы час будуць здзяйсняць планавыя абходы патрулі МУС.
— Урачам вельмі балюча, калі маладыя здаровыя людзі становяцца інвалідамі, — кажа намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Кірыл Крыварот. — Ныраў у гэтым месцы ужо 10 гадоў, а тут прыплыў корч або вадаём абмяльчэў, чалавек удараецца галавой і пашкоджвае шыйны аддзел пазваночніка. У выніку — параліч. Мы, нейрахірургі, выязджаем, аперыруем, але аперацыя, па сутнасці, артапедычная — вызваліць спінны мозг ад сціскання, выдаліць касцяныя абломкі. З самім спінным мозгам нічога, на жаль, зрабіць мы не можам, і гэта сусветная практыка. Пасля аперацыі чалавеку патрэбны будуць працяглая рэабілітацыя і лячэнне, якое, як правіла, не прыводзіць да поўнага выздараўлення. Таму наша рэкамендацыя: лепш на вадаёмах наогул не ныраць, для гэтага ёсць скачковыя басейны. А дзяцей трымаць на адлегласці выцягнутай рукі, каб яны каля вады былі пад пастаянным кантролем.
Купайся на здароўе!
Такім чынам, правілы паводзін на вадзе ў купальны сезон:
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kupanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/kupalny-sezon
[5] https://zviazda.by/be/tags/nebyaspeka
[6] https://zviazda.by/be/tags/plyazhy