Учора, у Сусветны дзень донара, здалі кроў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Іван Лаўрыновіч, кіраўнік краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Масуд Дара. Выязны пункт арганізавала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа на базе свайго вучэбнага цэнтра сумесна з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій.
Дзмітрый Піневіч у размове з журналістамі падзяліўся, што кроў здае ўжо шмат гадоў, з 17-гадовага ўзросту, калі паступіў у Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Цяпер працягвае традыцыю ў якасці міністра аховы здароўя.
— Донарства з'яўляецца элементам фарміравання адказнасці кожнага з нас за тых, каму патрэбна кроў. Прыкладна 100 тысяч донараў штогод здаюць кроў, з яе рыхтуецца каля 240 тон разных кампанентаў. Вельмі важна, што кроў цяпер менш запатрабавана ў экстраннай дапамозе, бо выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, у тым ліку ў правядзенні планавых і экстранных аперацый, адпаведна, менш кровастрат. Таму донарская кроў больш ідзе на перапрацоўку. І гэтыя кампаненты планава выкарыстоўваюцца ў медыцынскай дапамозе дзецям і дарослым. Таму кожны, хто здае кроў, уносіць часцінку сваёй дапамогі тут і цяпер дзецям і дарослым, якія маюць у гэтым патрэбу, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.
Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на падрыхтаваны адпаведны законапраект, татальнага бязвыплатнага донарства ў Беларусі не будзе. Пры шэрагу паказанняў здача крыві і плазмы застанецца платнай. Бязвыплатнае донарства пры гэтым таксама не бясплатнае. Усе донары атрымліваюць кампенсацыі на харчаванне, аднаўленне і за патрачаны рабочы дзень.
— Бязвыплатнае донарства — гэта індыкатар фарміравання грамадства, яго спеласці і гатоўнасці да садзейнічання і аказання дапамогі, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.
Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Мычко таксама традыцыйна сярод тых, хто штогод бязвыплатна здае кроў.
— Паводле закона, падтрымка бязвыплатнага донарства з'яўляецца адной з важных задач Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сённяшняя акцыя — гэта падвядзенне вынікаў той работы, якая праводзіцца на працягу ўсяго года, — адзначыла Вольга Мычко.
Толькі за два тыдні чэрвеня больш за 600 валанцёраў і работнікаў Чырвонага Крыжа сталі донарамі, учора — яшчэ 380 чалавек. Агулам амаль тысяча валанцёраў гэтай арганізацыі паўдзельнічала ў акцыі бязвыплатнага донарства.
— Напэўна, многія бачылі фільм «Плаці наперад». Хочацца спадзявацца, што нікому з нас донарская кроў не спатрэбіцца, але гэта тая гісторыя, калі, зрабіўшы запас, заплаціўшы наперад, мы дапамагаем іншым, — рэзюмавала Вольга Мычко.
Дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій Фёдар Карпенка адзначыў, што донарская кроў патрабуецца кожны дзень.
— Штодзённа ў краіне адбываецца каля 2—2,5 тысячы пераліванняў. І гэта магчыма толькі дзякуючы донарам, якія платна ці бязвыплатна, але трацяць свой час, рэсурсы і энергію, каб дапамагчы іншаму.
На выязным пункце ўчора было нарыхтавана каля 30 літраў розных кампанентаў крыві, што дазволіць аказаць дапамогу 70 чалавекам. Донарская кроў і яе кампаненты запатрабаваны пры планавых аперацыях, аператыўнай родадапамозе, трансплантацыях органаў і тканак, пры вялікіх аперацыях у кардыялогіі, кардыяхірургіі, анкалогіі, дзіцячай анкагематалогіі.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/susvetny-dzen-donara
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pinevich-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/volga-mychko
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-tavarystva-chyrvonaga-kryzha-1