У вёсцы Краснае Маладзечанскага раёна мужчына ў стане алкагольнага ап’янення падчас сваркі шпурнуў у жонку кухонны нож, але, на шчасце, трапіў у сцяну. 33-гадовы вясковец быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Група інфармацыі грамадскіх сувязяў Маладзечанскага РАУС паведамляе падрабязнасці гэтага крымінальнага здарэння.
У дзень інцыдэнту муж і жонка былі ў гасцях, дзе мужчына ўжываў спіртныя напоі. Вярнуўшыся дадому бліжэй да поўначы, гаспадару хацелася працягу застолля — ён учыніў скандал з жонкай, бо яна была супраць. Жанчына звярнулася ў міліцыю і папрасіла ўціхамірыць мужа, які, як яна паведаміла, падняў на яе руку.
На сямейны скандал аператыўна прыбыў участковы інспектар. Гаспадар сапраўды быў нецвярозы і паводзіў сябе агрэсіўна, умешваючыся ў размову з 37-гадовай заяўніцай. На кухні міліцыянер убачыў нож, які тырчаў у сцяне, і зразумеў, што жанчына хавае падрабязнасці таго, што здарылася. Як аказалася, у ходзе канфлікту, які ўспыхнуў, мужчына схапіў кухонны нож і з размаху кінуў яго ў жонку, што сядзела каля сцяны. Нож праляцеў у сантыметрах ад правага вуха пацярпелай і ўваткаваўся ў сцяну ззаду. На гэтым скандаліст не супакоіўся і працягваў буяніць, выказваючы ў адрас жонкі пагрозы.
Дэбашыра затрымалі і даставілі ў райаддзел міліцыі. Свой учынак ён патлумачыў тым, што хацеў папалохаць жонку. Па факце сямейнага скандалу мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а за пагрозу фізічнай расправы кідальнік нажа стаў фігурантам крымінальнай справы па артыкуле «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці», санкцыя якога прадугледжваюць да двух гадоў пазбаўлення волі.
На жаль, гісторыя вяскоўца нічому не навучыла. Вярнуўшыся дадому з разгляду адміністрацыйнай справы, мужчына той жа ноччу зноў быў дастаўлены ў міліцыю за чарговы сямейна-бытавы скандал. У арганізме парушальніка, як паказала медыцынскі агляд, змяшчалася 1,4 праміле алкаголю. Цяпер грамадзяніну за паўторнае адміністрацыйнае правапарушэнне можа пагражаць больш суровае пакаранне.
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота з сайта УУС Мінскага аблвыканкама
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syameyna-bytavoe-nasille
[2] https://zviazda.by/be/tags/skandal
[3] https://zviazda.by/be/tags/nozh
[4] https://zviazda.by/be/tags/incydent