Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам аховы здароўя, перадае [1] БелТА.
«Я рады выканаць важную місію — уручыць Падзякі Прэзідэнта тым людзям, чыім прызваннем стала лячэнне. У гэтай зале прысутнічаюць лепшыя прадстаўнікі медыцынскай сферы — людзі, чый вопыт, кампетэнтнасць, прафесіяналізм і працавітасць атрымалі высокую ацэнку. Вы заслужылі ўдзячнасць тых, каго лечыце, ратуеце , ставіце на ногі, вяртаеце ў строй. Гэта і ёсць высакароднасць у прафесіі, якую вы выбралі для сябе ў якасці жыццёвага курсу», — сказаў Раман Галоўчанка.
Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на складанасць работы ў медыцынскай сферы і высокую цану памылкі. «Гэта прафесія патрабуе выключнай працавітасці, глыбокіх прафесійных ведаў, пастаяннага асваення новых метадаў лячэння, новых тэхналогій. Да таго ж цяпер няпросты час: усім нам, а вам асабліва, выпала змагацца з сусветнай напасцю — пандэміяй, якая паразіла планету. Гэта патрабуе асаблівай самааддачы. Урачы робяць усё магчымае для выратавання чалавечых жыццяў», — адзначыў ён.
«Рады магчымасці падзякаваць усёй медыцынскай супольнасці, пажадаць моцнага здароўя і натхнення, шчасця і дабрабыту напярэдадні прафесійнага свята. Няхай вас заўсёды сагравае і дае новыя сілы ўдзячнасць вашых пацыентаў», — дадаў Раман Галоўчанка.
Узнагароды медыкам таксама ўручалі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла. У прыватнасці, былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу «Урач года — 2020». Сярод іх урач-акушэр-гінеколаг, загадчыца родавага аддзялення Бабруйскага радзільнага дома Ірына Паддубная, участковы ўрач-педыятр Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Рудзько, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозга РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Дзмітрый Цесакоў, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Рыкоўскі, урач агульнай практыкі, загадчык Занарацкай амбулаторыі Мядзельскай ЦРБ Данііл Емельяновіч.
Сярод іншых узнагарод, якія ўручаліся сёння медыкам, — медаль імя Флорэнс Найцінгейл, нагрудны знак «За працу ў імя жыцця».
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/galouchanka-uruchyu-medykam-dzjarzhaunyja-uznagarody-101038-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunyya-uznagarody
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pinevich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-shyla
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-medycynskaga-rabotnika