Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Валерыя Рабкаўца старшынёй Пінскага гарадскога выканкама, Валянціна Зайчука першым намеснікам Брэсцкага абласнога выканкама, Сяргея Карпенку старшынёй Баранавіцкага раённага выканкама, Мікалая Арлова старшынёй Віцебскага гарадскога выканкама, Андрэя Санько старшынёй Мастоўскага раённага выканкама, Міхаіла Гулага старшынёй Горацкага раённага выканкама, Галіну Слабоднікаву старшынёй Кіраўскага раённага выканкама, Рамана Мельніка кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска. Сяргей Літаш зацверджаны Прэзідэнтам на пасаду генеральнага дырэктара гандлёва-вытворчага РУП «Белфармацыя».
«Часы заўсёды былі няпростыя, асабліва для вас, таму што вы заступаеце на перадавую лінію і вам сам-насам прыйдзецца працаваць з нашым насельніцтвам», — пачаў размову з назначэнцамі Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паўтарыў параду, якую на гэтым тыдні даў старшыні Аршанскага райвыканкама.
«Ні ў якім разе не спяшайцеся. Заўсёды давайце людзям шанец. Прыйдзе ў калектыў, прызначце тэрмін, дайце магчымасці ўсім, хто хоча працаваць. Магчыма хтосьці не хацеў, а захоча працаваць. Не рубіце з пляча, але і не адкладайце ў доўгую скрыню рашэнне пытанняў. Хай сябе пакажуць да канца года, а далей прымайце рашэнне», — сказаў Прэзідэнт.
Яшчэ адна парада кіраўнікам мясцовай улады — не «перацягваць» на новае месца былых калег.
«Па-першае, і там людзі неабходныя. Не трэба іх перацягваць і разлічваць толькі на асабістую адданасць і сяброўства. Усё-такі павінны быць яны і прафесіяналамі, і людзьмі, адданымі нашай дзяржаве. Мінулы год паказаў, хто ёсць хто і ў якім кірунку выбудоўваць кадравую палітыку», — дадаў кіраўнік краіны.
Новыя кадры ідуць працаваць у сельскагаспадарчыя раёны, таму асаблівую ўвагу, Прэзідэнт падкрэслівае, неабходна надаць выканаўчай дысцыпліне. Па яго словах, навучыліся і расціць, і прыбіраць, а вось паводзіны часам губяць усё.
«Раю вам звярнуць увагу на падзёж жывёлы. Гэта недапушчальна. Тысячы галоў маладняка гінуць з-за безадказнасці кіраўнікоў і спецыялістаў на месцах», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
На яго думку, неабходна прыстасоўвацца да патэнцыялу кадраў, што ёсць на месцы, а не жаліцца на іх недахоп. Прэзідэнт даў даручэнне сфарміраваць каманды, напрыклад тых жа ветурачоў, у раёнах пры ўпраўленнях сельскай гаспадаркі ці ветстанцыях. Ён нагадаў і пра патэнцыял кадраў, якіх накіроўваюць вучыцца па мэтавых заяўках у ВНУ.
«І звярніце асноўную ўвагу на гаспадаркі, якія сёння слабенькія. Іх у раёнах з 12-15, тры-чатыры — не болей. Астатнія нармальна працуюць і не ставяць пытанні па спецыялістах: ветурачах, заатэхніках ці аграномах, а вось на тры-чатыры гаспадаркі зрабіце ўпор», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў канцы года праверыць, як ідуць справы з такімі адсталымі гаспадаркамі.
Па яго словах, на ўласным вопыце ён зразумеў, што не хапае ў АПК менавіта дысцыпліны, ды дрэнна працуюць і над захаваннем тэхнікі.
«Гэта таму, што многім яна бясплатна дастаецца. „Грошы далі, давай сто камбайнаў закупім“, — кажуць. Праз два гады на гэты камбайн жахліва глядзець. А каштуе ён нямала — і 300 тысяч долараў, і 500 тысяч долараў. Гэта велізарныя грошы для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і для краіны. Таму дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што не трэба спадзявацца на рыначную эканоміку. «Рынак нічога не адрэгуляваў за чвэрць стагоддзя. Я за гэтым уважліва назіраю, — нагадвае кіраўнік краіны. — Таму неабходна дысцыпліна. У нас няма шалёных грошай. Калі мы спім, у нас нафтавая ці газавая труба не працуе і грошы не капаюць на рахункі. Нам неабходна сваімі рукамі ўсё рабіць».
Па словах Прэзідэнта, кіраўнікам неабходна ўлічваць чалавечы фактар і дысцыпліну.
«Звярніце, калі ласка, на гэта ўвагу. Павінна быць дакладная сістэма, патрабавальнасць да людзей. Людзі павінны ведаць, што рабіць, а вы кантралюйце. Калі трымаеш пад кантролем, пытанні вырашаюцца. Крыху адпусціў, даў слабіну — некаторыя думаюць, што можна не рабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівыя спадзяванні Прэзідэнт выказаў на працу Рамана Мельніка, прызначанага кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.
«Прыемнае прызначэнне, што чалавек з праваахоўных органаў ідзе працаваць на кіруючую пасаду ў грамадзянскай сферы. Але цяжка сказаць, ваенная ці неваенная ў вас будзе работа. Кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна вам працы хопіць не меней, чым у міліцыі. Трэба паглядзець, як ваенны чалавек спрацуе на гэтай пасадзе. У нас шмат хлопцаў, якія на пенсію сыходзяць раней. Слухайце, на іх пахаць яшчэ можна, яны нам карысць прынясуць на іншых пасадах. Не трэба баяцца, што кажуць: «Лукашэнка стаўку робіць на ваенных», — паведаміў кіраўнік краіны.
Што датычыцца «Белфармацыі», ён адзначыў — стаўку зрабілі на гэта прадпрыемства, таму неабходна там наводзіць парадак. Такі загад Прэзідэнт і даў Сяргею Літашу. «Займіцеся коштаўтварэннем. І будзьце вельмі акуратныя, не думайце, што вас там чакалі. Вы прыйшлі з боку і ведаеце, як некаторыя на гэта паглядзяць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Рэмарку Прэзідэнт зрабіў наконт праблем Піншчыны, заўважыўшы, што яны нікуды не дзеліся і новаму кіраўніку Валерыю Рабкаўцу неабходна іх убачыць і вырашыць. «Пінск для нас вельмі важны горад. На асаблівым кантролі. Таму я на вас вельмі разлічваю», — падзяліўся кіраўнік краіны.
Наступная частка прызначэнняў — дыпламаты. Дзмітрый Кальцоў накіраваны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Іран. Дзмітрый Гарэлік едзе на гэтую пасаду ў Манголію, а Валерый Бараноўскі Вільнюс мяняе на кубінскую Гавану.
«Я публічна вас хачу папярэдзіць. Вы людзі разумныя, вопытныя, з мазгамі. Вы ў праве мець свой пункт погляду. Але вы ведаеце, куды вы ідзяце. Вы прадстаўляеце краіну і Прэзідэнта там, куды вас сёння накіраваў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён мяркуе, што гэтыя дыпламаты безагаворачна падтрымліваюць палітыку, якую ажыццяўляе кіраўніцтва краіны.
«Калі не ці змянілася меркаванне, неабходна прыйсці і ціха, спакойна сказаць: „Я не магу“. Каб не было здрады. Я гэта кажу, таму што былі ў нас паслы, якія паступалі пэўным чынам. Хай гэта і адзінкавыя выпадкі, але гэта непрымальна. Вы людзі больш, чым ваенныя, бо ваенныя пры пагонах, як і вы, але тут, у краіне. А вы на чужбіну едзіце, таму, гледзячы на вас, людзі будуць там на месцы ў Манголіі, Іране, Кубе рабіць вынікі пра нашу краіну. Будзьце вартыя краіны, перад усім, і беларускага народа», — сцвярджае кіраўнік краіны.
У працоўным парадку Прэзідэнт падпісаў узгадненні: Дзмітрыя Баско першым намеснікам старшыні КДК, Андрэя Лабовіча намеснікам старшыні КДК, Андрэя Кавальчука намеснікам старшыні ДМК, Дзмітрыя Емяльянава генеральным консулам Беларусі ў Чунцыне (КНР), Таццяну Шэдко начальнікам сакратарыята Савета Рэспублікі, Сяргея Навадворскага галоўным інжынерам БЧ, Алега Шулякоўскага членам Брэсцкага аблвыканкама, Аляксандра Астрэйкі членам Мінскага аблвыканкама, Таццяну Астрэйку і Рамана Бандарука членамі Мінскага гарвыканкама.
Каментарый у тэму
Сяргей Літаш, генеральны дырэктар гандлёва-вытворчага РУП «Белфармацыя» сцвярджае, што ад таго, наколькі эфектыўна функцыянуе сістэма лекавага забеспячэння, залежыць якасць аказання медыцынскай дапамогі. «Таму задачы пастаўлены кіраўніком краіны па бесперабойным лекавым забеспячэнні арганізацый аховы здароўя і насельніцтва па даступных цэнах і кантроль за цэнамі на лекавыя сродкі. Гэтыя задачы будуць выкананы», — сказаў Сяргей Літаш.
З-за пандэміі шэраг вытворчасцяў за мяжой былі спынены, некаторыя краіны абмежавалі вываз лекаў за межы,таму, па яго словах, мог назірацца недахоп нейкіх прэпаратаў.
«Разам з тым, працуем непасрэдна з вытворцамі, і пастаўкі будуць павялічвацца, аднаўляцца. Змяненне палітыкі дзяржавы ў рэгістрацыі лекавых сродкаў таксама паўплывае на з’яўленне лекавых сродкаў, якія сышлі з рынка Беларусі», — адзначае генеральны дырэктар гандлёва-вытворчага РУП «Белфармацыя».
Сяргей Літаш звяртае ўвагу, што сёння рэалізуецца больш за 50% лекавых сродкаў у сумарным выяўленні менавіта беларускай вытворчасці і тэндэнцыя да павелічэння гэтай лічбы.
«Наяўнасць айчынных лекавых сродкаў дапаможа нам не залежыць ад іншых краін і іх праблем», — рэзюмуе спецыяліст.
Сяргей Карпенка, старшыня Баранавіцкага раённага выканкама паведаміў, што гэты рэгіён мае вялікае значэнне для Брэсцкай вобласці.
«Нягледзячы на тое, што доля прамысловасці Баранавіцкага раёна ў цэлым у прамысловасці вобласці нязначная, доля валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі адчувальная. За мінулы год яна складала каля 12,5 працэнта. За пяць месяцаў года гэта ўжо больш за 14 працэнтаў», — акцэнтаваў кіраўнік раёна.
На яго погляд, сакрэт поспеху пры працы на зямлі — работа з кадрамі і працоўная дысцыпліна.
Валерый Бараноўскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кубе адзначае, што перад дыпламатамі Прэзідэнт заўсёды ставіць асноўнай задачай нарошчваць экспарт.
«У Літве гэта было прасцей рабіць, бо яна адна з асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў. І нават у гэтыя складаныя часы беларускі экспарт у Літву расце. Куба — гэта далёка, там складана. Але мы сёлета, дзякуючы намаганням пасольстваў і ведамстваў за пяць месяцаў экспарт падцягнулі практычна да мінулагодняга. Складанасці ёсць, але будзем грукаць у кожныя дзверы», — сказаў дыпламат.
Сумесныя праекты маюць адбыцца ў медыцынскай сферы, адукацыі, таму пасол з добрым настроем едзе ў новую краіну.
«Мабыць, лепш працаваць у сяброўскай атмасферы, чым там, дзе цябе абражаюць. Я калі там (у Вільнюсе — „Зв.“) знаходзіўся, насупраць рэзідэнцыі стаялі людзі з плакатамі „Валера, выходзь!“ Я на краіну ўжо 25 гадоў працую, а мне такія плакаты ставяць! І так кожны дзень. Складана там нашым дыпламатам працаваць, таму я хацеў бы пажадаць ім вытрымкі і здароўя», — падзяліўся Валерый Бараноўскі.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/syargey-litash
[5] https://zviazda.by/be/tags/palac-nezalezhnasci
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/kadravyya-naznachenni
[8] https://zviazda.by/be/tags/belfarmacyya-0