Выстаўка «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» адкрылася 16 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі, перадае [1] БелТА.
Выставачны праект расказвае аб асноўных этапах гістарычнага развіцця Беларусі. Ён дае кароткую характарыстыку культурных каштоўнасцей, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы. Экспазіцыя прапануе адправіцца ў захапляльнае падарожжа, успомніць важныя даты, натхніцца спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы літаральна далучыцца да гісторыі.
«Вельмі важна, што ў Год народнага адзінства адкрываецца такая выстаўка, якая паказвае глыбіню нашых каранёў. Наш народ, які ўключае ў сябе дзясяткі розных нацыянальнасцей, мае права ганарыцца тысячагадовай гісторыяй нашай незалежнай, суверэннай Беларусі. Кожны стэнд, які можна ўбачыць у экспазіцыі, — элемент гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Кожны прадмет, прадстаўлены тут, ілюструе мінулае і дае магчымасць на практыцы ўсвядоміць, наколькі прыгожая матэрыяльная і духоўная культура нашых продкаў», — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.
Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: «Гісторыя» і «Культура». «Ідэя выстаўкі з’явілася яшчэ ў 2015 годзе, экспазіцыя задумвалася для паказаў за мяжой. З 2020 года для нас было важна існуючыя візуальныя матэрыялы, напрацоўкі дапоўніць матэрыяльнымі артэфактамі, каб завяршыць выставачны праект да гэтага лета. У экспазіцыі гісторыя падзелена на восем перыядаў: ад пачатку засялення тэрыторыі Беларусі да сучаснасці. Што датычыцца культурных тэм, мы пастараліся ахапіць найбольш цікавыя для шырокай аўдыторыі моманты: нацыянальны строй, беларуская кухня, мова, музыка. І, вядома, прырода, з якой пачынаюцца і гісторыя, і культура», — расказала куратар праекта вядучы навуковы супрацоўнік экспазіцыйнага аддзела музея Таццяна Мірановіч.
Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2021 год у сферы культуры. Партнёрамі выступаюць Інстытут гісторыі НАН, Нацыянальны архіў, Нацыянальны гістарычны архіў, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей, музеі пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, прыроды і экалогіі, гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Фатографы — Ганна Кіпель і Анатоль Андрэеў.
Наведаць выставачны праект можна да канца гэтага года.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/gid-pa-gistoryi-i-kultury-belarusi-pradstavili-u-minsku-101010-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-gistarychny-muzey