Як паведамляе тэлеграм-канал УДАІ УУС Мінгарвыканакама, учора прыкладна ў 23 гадзіны 30 хвілін на вуліцы Альшэўскага супрацоўнікі спецпадраздзялення па забеспячэнні дарожнай бяспекі звярнулі ўвагу на аўтамабіль «Мазда», які сваёй манерай язды вылучаўся з транспартнага патоку.
Інспектары з дапамогай маячкоў і гукавой сігналізацыі падалі сігнал аб спыненні. Аднак кіроўца працягнуў рух, павялічыўшы хуткасць. Праваахоўнікі пачалі пераслед. У дапамогу інспектарам спецпадраздзялення далучыліся яшчэ некалькі экіпажаў ДАІ. Падчас пагоні кіроўца іншамаркі неаднаразова парушаў ПДР, чым ствараў пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху. На вуліцы Панамарэнкі зламысніка ўдалося затрымаць.
У ходзе разбору высветлілася, што 37-гадовы мужчына не мае права кіравання транспартным сродкам. І ў момант пераследу ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення: вынік агляду - 1,06 праміле алкаголю ў яго арганізме. Таксама высветлена, што раней сталічны жыхар неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нецвярозую язду на аўтамабілі і без правоў.
У дачыненні да парушальніка праваахоўнікі склалі адміністрацыйныя матэрыялы, у тым ліку за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянераў пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў, і даставілі ў Фрунзенскі РУУС Мінска. Аўтамабіль змясцілі на ахоўную стаянку.
Акрамя таго, за перадачу кіравання кіроўцу ў стане алкагольнага ап'янення і без правоў да адказнасці прыцягнуты і ўладальнік "Мазда", які ў момант пераследу знаходзіўся ў салоне аўтамабіля ў якасці пасажыра.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dai
[2] https://zviazda.by/be/tags/pyany-kirouca
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk