Касцюковіцкая зямля надзвычай багатая на літаратурныя таленты. Яна дала свету адзінага на Магілёўшчыне народнага паэта Аркадзя Куляшова і адзінага народнага пісьменніка Івана Чыгрынава, шэраг майстроў слова: Аляксея Русецкага, Васіля Хомчанку, Леаніда Левановіча, Майсея Сяднёва, Мікалая Леўчанку... Асобнае месца займае паэт Алесь Пісьмянкоў.
Шчырыя і пранікнёныя вершы ён прысвяціў сваёй малой радзіме. Яго творчасць адзначана прэміяй Ленінскага камсамола БССР, Літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова і пасмяротна прэміяй «Залаты апостраф». Імя Алеся Пісьмянкова з 2006 года носіць Касцюковіцкая дзіцячая бібліятэка.
З мэтай захавання памяці пра слыннага сына касцюковіцкай зямлі на яго радзіме з 2007 года праводзіцца рэгіянальнае свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Фестываль неаднаразова змяняў назвы, фармат, даты правядзення і ўжо з 2011 года ладзіцца на спецыяльна пабудаванай пляцоўцы — летнім амфітэатры ў горадзе Касцюковічы і на малой радзіме паэта — у вёсцы Бялынкавічы на маляўнічым лугу ракі Бесядзь.
Удзел у свяце прымаюць прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і раёна, пісьменнікі і выканаўцы аўтарскай песні розных рэгіёнаў Беларусі і памежных рэгіёнаў Расіі, родныя і сябры знакамітых пісьменнікаў гэтага краю, члены сям’і Алеся Пісьмянкова. У межах фэсту арганізоўваюцца конкурсы паэзіі, аўтарскай песні, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, бібліятэчных выставак-прэзентацый. Гэта адзіны такога кшталту і тэматычнай накіраванасці фестываль на Магілёўшчыне і бадай што ва ўсёй Беларусі.
22 мая ў межах VІ рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» быў арганізаваны конкурс бібліятэчных выставак «Літаратурнае падарожжа па старонках пісьменства роднага краю», удзел у якім бралі дзевяць раённых кніжніц Магілёўскай вобласці.
Касцюковіцкая раённая бібліятэка імя І. Чыгрынава падрыхтавала літаратурную экспазіцыю «Яны прайшлі па той вайне», на якой былі прадстаўлены матэрыялы ваеннага і пасляваеннага часу, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў-франтавікоў: А. Куляшова, І. Чыгрынава, А. Русецкага, В. Хомчанкі, С. Пацёмкіна. Архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўтарскія зборнікі на старадаўніх этажэрках і ў чамаданах таго часу, праілюстраваныя прадметамі ваеннай пары, прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў. Эмацыянальны фон стварала тэатралізацыя мірнага жыцця і раптоўнага пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Комплексны падыход раённай бібліятэкі да прадстаўлення літаратурнай спадчыны рэгіёна адзначаны дыпломам пераможцы.
Выстаўка-прэзентацыя Хоцімскай раённай бібліятэкі «Якуб Брайцаў. Архіўная спадчына», прысвечаная 160-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, драматурга, паэта-земляка Якуба Брайцава, адзначана дыпломам ІІ ступені.
Пад гучанне цымбальнай музыкі вядучая пазнаёміла наведвальнікаў з асноўным творам Я. Брайцава — раманам «Сярод балот і лясоў», прызнаным крытыкамі і літаратуразнаўцамі першым беларускім раманам. Тут была паказана імправізаваная сцэна з жыцця Я. Брайцава, які стварае верш «Дудка» і чытае яго першым слухачам.
Цэнтральнае месца адведзена копіям сямейных фотаздымкаў, асабістым дакументам і каштоўным рукапісам пісьменніка-земляка з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Наведвальнікам прэзентаваўся электронны рэсурс «Якуб Брайцаў. Архіўная спадчына», падрыхтаваны супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі да юбілейнай даты пісьменніка.
Дыпломам ІІІ ступені адзначана Дрыбінская раённая бібліятэка за юбілейную выстаўку «Тот край, откуда родом…», прысвечаную 85-годдзю Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Дрыбінскага раёна Віктара Кудлачова.
На выстаўцы былі прадстаўлены дакументы пра жыццё і дзейнасць, творчыя дасягненні пісьменніка, аўтарскія і калектыўныя зборнікі, фотадакументы аб знаходжанні і сустрэчах з чытачамі на малой радзіме. Да юбілею знакамітага земляка бібліятэкары абагульнілі назапашаны вопыт работы з аўтарам і склалі біябібліяграфічны паказальнік «Дзве радзімы — адзін лёс».
Менавіта да VI фестывалю «Пісьмянкоў луг» В. Кудлачоў запісаў відэазварот да ўдзельнікаў свята, які дэманстраваўся на літаратурнай пляцоўцы Дрыбіншчыны.
Адбылася прэзентацыя дакументальна-біяграфічнай аповесці І. Фамянковай «Вдохновенья луч», якая толькі што выйшла з друку і аператыўна была дастаўлена на свята. Гэта аповесць пра нягоды і радасці чалавека, які ў дзевяць гадоў страціў зрок, пра яго імкненне да жыцця і пазнання, пра людзей, якія былі побач і дапамагалі герою падняцца на высокую прафесійную і грамадскую прыступку.
Дыплом ІІІ ступені атрымала і Шклоўская раённая бібліятэка за выстаўку-інсталяцыю «Вайна ў лёсе пісьменнікаў Шклоўшчыны», якая знаёміла з творчасцю аўтараў, чыё дзяцінства і юнацтва выпалі на гады вайны: У. Харланцьева, В. Арцем’ева, Н. Галіноўскай, Л. Анціпенкі, Г. Вярбіцкага. Кнігі пісьменнікаў дапоўнены архіўнымі матэрыяламі: ваеннымі фотаздымкамі, узнагароднымі дакументамі, рукапісамі і газетамі 1945 года. Матэрыялы аб’яднаны памяццю сэрца, жаданнем данесці праўду пра вайну да цяперашняга пакалення, захаваць памяць пра мужнасць і гераізм землякоў.
Для стварэння атмасферы салдацкага прывалу былі аформлены лясныя дэкарацыі, імправізаванае вогнішча, прадстаўлены экспанаты часоў вайны: палявы тэлефон, бінокль, алюмініевы кацялок, кружка і фляжка, гармонік, які дапамагаў салдатам адпачываць на прывале. Для наведвальнікаў арганізавана сапраўдная палявая кухня, дзе можна было пачаставацца смачнай салдацкай кашай і зрабіць фотаздымкі на ўспамін.
Дыпломамі ўдзельнікаў адзначаны пяць раённых бібліятэк. Клімавіцкая раённая бібліятэка імя І. Пехцерава прадставіла экспазіцыю «Кніжны кірмаш». Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах прэзентавалі зборнік гумарыстычных вершаў мясцовай паэткі Г. Цыганковай «Гарэзлівы кірмаш», які дапамагла выдаць раённая бібліятэка. Галіна Цыганкова — журналіст Клімавіцкай раённай газеты «Родная ніва», на працягу многіх гадоў вядзе аўтарскую рубрыку «Субацея», дзе публікуе свае гумарыстычныя вершы з незвычайнымі фотаздымкамі. Рубрыка так спадабалася клімаўчанам, што неўзабаве ў аўтара з’явілася нямала суаўтараў. Жыхары сталі дасылаць журналісту свае фота з цікавымі сюжэтамі, на якія Г. Цыганкова піша яркія вершы.
«Клімаўшчына літаратурная» знаёміла гасцей з творчасцю пісьменнікаў-землякоў, у тым ліку Івана Пехцерава, імя якога носіць раённая бібліятэка.
Краснапольская раённая бібліятэка прадставіла персанальную выстаўку «І памяць аб ім жыве…», прысвечаную грамадскаму дзеячу, настаўніку, пісьменніку і краязнаўцу Леаніду Лабаноўскаму. Тое, што ён зрабіў для Краснапольшчыны, цяжка пераацаніць. Л. Лабаноўскі быў мастацкім кіраўніком аматарскага тэатра пры раённым Доме культуры — найстарэйшага народнага тэатра ў Беларусі, арганізаванага яшчэ ў 1918 г. Дзейнасць тэатральнага калектыву і яго кіраўніка адзначана граматай Вярхоўнага Савета БССР і ганаровым званнем «Народны». Тэатр працягвае плённа працаваць, і з гэтай нагоды на краснапольскай зямлі праводзіцца міжрэгіянальны фестываль аматарскіх тэатраў «Тэатральныя вечарыны».
Даследчык шчыльна займаўся вывучэннем гісторыі Краснапольшчыны, арганізаваў школьны гісторыка-краязнаўчы музей, які таксама атрымаў званне «Народны».
Леанід Васільевіч стаў аўтарам 14 кніг па гісторыі Краснапольскага раёна, расказаў пра ўдзел настаўнікаў Краснапольшчыны ў Вялікай Айчыннай вайне, пра землякоў-афганцаў, наступствы Чарнобыля. Апошняя кніга «Вязні вайны» выйшла з друку ўжо да гадавіны з дня яго смерці.
Экспазіцыя «І памяць аб ім жыве…» — даніна павагі землякоў да памяці пісьменніка-краязнаўцы.
Бібліятэчная пляцоўка Крычаўскай раённай бібліятэкі «Гукі Крычаўскага балю» запрасіла перанесціся ў далёкую эпоху ХVIII стагоддзя і акунуцца ў тую атмасферу, паслухаць вершы землякоў, узяць удзел у інтэлектуальных гульнях.
Пад гукі песні на вершы В. Паліканінай і Д. Даўгалёва «Давай з табой на Вы...» Г. Пацёмкін і Кацярына ІІ сустракалі гасцей пляцоўкі. Кніжная выстаўка-інсталяцыя «Баль у Палацы Пацёмкіна» знаёміла з гісторыяй балю і яго этыкетам.
На выстаўцы «Літаратурныя імёны зямлі Крычаўскай» прадстаўлены сучасныя творы паэтаў-землякоў.
Слаўгарадская раённая бібліятэка арганізавала тэматычную выстаўку «Мой родны край, мая зямля, мая Слаўгарадчына», прысвечаную 885-годдзю заснавання горада. Матэрыялы раскрывалі звесткі аб гісторыка-культурнай спадчыне краю, аб гераічных падзеях, выбітных людзях і славутых мясцінах.
У экспазіцыі ў асноўным былі прадстаўлены выданні краязнаўчага характару: фотадакументальныя альбомы з арыгінальнымі фатаграфіямі, дакументамі, успамінамі, інфармацыйныя выданні, бібліяграфічныя дапаможнікі і інфармацыйна-рэкламныя буклеты, створаныя спецыялістамі бібліятэкі. Дадаткам да выстаўкі служыў прадметны рад: хатні сыр — гастранамічны брэнд Слаўгарадскага раёна, вырабы народных майстроў, пітная вада з «Блакітнай крыніцы».
Цэнтральным звяном выстаўкі сталі творы пісьменнікаў Слаўгарадчыны: К. Кірэенкі, М. Стральцова, А. Масарэнкі, В. Ракава, Ф. Шкірманкова, якія праслаўлялі малую радзіму, яе прыроду, працавітых людзей.
З гісторыяй Чэрыкаўскага краю, знакавымі падзеямі, памятнымі мясцінамі, помнікамі прыроды, вядомымі землякамі, літаратурнай і культурнай спадчынай знаёмілі матэрыялы літаратурна-краязнаўчай экспазіцыі Чэрыкаўскай раённай бібліятэкі «Вобразы роднага краю». Тут шырока былі прадстаўлены матэрыялы пра пісьменнікаў-землякоў: В. Карамазава, І. Гутарава, І. Дзенісенку, І. Сіўцова, А. Яскевіч, зборнікі вершаў самадзейных паэтаў раёна, выдадзеныя супрацоўнікамі раённай кніжніцы.
Дапаўняла экспазіцыю фотагалерэя з архіўных здымкаў горада сярэдзіны мінулага стагоддзя, матэрыялы па гісторыі кнігадрукавання на Чэрыкаўшчыне і матэрыялы па абрадавым свяце «Бразгун», прызнаным нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.
Бібліятэчныя экспазіцыі арганічна ўпісаліся ў канцэпцыю свята, наглядна прадэманстравалі гістарычныя і культурныя набыткі рэгіёнаў, папулярызавалі багатую літаратурную спадчыну Магілёўшчыны і яе літаратурнай сталіцы — Касцюкоўшчыны, найбольш выбітным прадстаўніком якой з’яўляецца Алесь Пісьмянкоў. Яго вершы — празрыстыя і сонечныя, як майскія дні, калі на адкрытых пляцоўках і на беразе ракі Бесядзь каля бацькоўскага дома А. Пісьмянкова ладзіцца фестываль «Пісьмянкоў луг».
Галіна ДЗЯТЛАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/ales-pismyankou