Міністэрства аховы здароўя назвала асноўныя прычыны ўзнікнення цеплавога ўдару. Інфармацыя размешчана [1] на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Медыкі адзначаюць, што асноўнай прычынай цеплавога ўдару з’яўляецца ўздзеянне на арганізм высокай тэмпературы ва ўмовах высокай вільготнасці навакольнага асяроддзя. Неспрыяльныя наступствы для здароўя могуць наступіць з-за нашэння цёплага і сінтэтычнага адзення, якое перашкаджае целу вылучаць цяпло. Таксама прычынай развіцця цеплавога ўдару можа стаць празмернае ўжыванне алкаголю: ён парушае тэрмарэгуляцыю. Рызыку павышаюць і некаторыя лекавыя сродкі. Да такіх ставяцца вазаканстрыктары, дыуретыкі, антыдэпрэсанты і антыпсіхатычныя сродкі.
Медыкі звяртаюць увагу, што цеплавой ўдар можа атрымаць любы чалавек, аднак некаторыя, з прычыны іх фізіялагічных асаблівасцяў, падвяргаюцца большай рызыцы. Напрыклад, у нованароджаных тэрмарегуляцыйныя працэсы развіты не ў поўнай меры. У пажылых людзей тэрмарэгуляцыя з узростам слабее, што таксама прыводзіць да павышэння рызыкі атрымаць цеплавой ўдар. Да групы рызыкі ставяцца і цяжарныя жанчыны. Акрамя таго, некаторыя даследчыкі лічаць, што ёсць людзі з генетычнымі асаблівасцямі арганізма, якія павышаюць рызыку ўзнікнення цеплавога ўдару (прыроджаная адсутнасць потавых залоз, мукавісцыдоз).
Каб пазбегнуць наступстваў, лекары рэкамендуюць насіць лёгкую вопратку з натуральных матэрыялаў (лён, бавоўна). Пры магчымасці дома трэба ўсталяваць кандыцыянер. Варта больш піць вадкасці, асабліва ў цёплы час года. Перш чым ўжываць якія-небудзь лекавыя сродкі, абавязкова пракансультавацца з лекарам. Машыну не варта пакідаць на сонцы. Калі ўсё ж гэта здарылася, не трэба сядзець у распаленым аўтамабілі больш за 10 хвілін.
Чалавеку, які не прывык да дзеяння на арганізм высокіх тэмператур, варта абмежаваць фізічную актыўнасць. Цяжкая фізічная нагрузка пад адкрытым сонцам — сур’ёзны фактар рызыкі. Калі працу нельга адкласці, час ад часу рэкамендуецца рабіць перапынкі на адпачынак.
Спасылкі
[1] http://minzdrav.gov.by/ru/novoe-na-sayte/zharkoe-leto-budte-ostorozhny/
[2] https://zviazda.by/be/tags/spyakota
[3] https://zviazda.by/be/tags/ceplavy-udar
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue