Нямецкі аўтаканцэрн Audi абвясціў аб канкрэтных планах па адмове ад вытворчасці аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання. Пачынаючы з 2026 года ўсе новыя мадэлі Audi будуць электрамабілямі, заявіў кіраўнік канцэрна Маркус Дзюзман на кліматычнай канферэнцыі ў Берліне, паведамляе [1] Deutsche Welle.
Чакаецца, што да 2025 годзе ў лінейцы Audi будзе больш за 20 мадэляў электрамабіляў. Пры гэтым вытворчасць аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання мяркуецца паступова згарнуць да 2033 года. Зрэшты, у сувязі з высокім попытам у Кітаі такія машыны, магчыма, працягнуць выпускаць на мясцовых партнёрскіх заводах і пасля 2033 года, дапусціў кіраўнік Audi.
«Я не веру ў сілу забаронаў, я веру ў паспяховасць тэхналогій і інавацый», — дадаў Маркус Дзюзман.
Аб планах згарнуць вытворчасць аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання раней ужо абвясціў шэраг вытворцаў. Шведская кампанія Volvo мае намер зрабіць гэта да 2030 года, амерыканскі канцэрн General Motors — з 2035 года. Вытворца Mercedes-Benz Daimler плануе цалкам перайсці на электрамабілі да 2039 года, а другі нямецкі канцэрн Volkswagen — з 2040 года.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.dw.com/ru/audi-budet-proizvodit-tolko-jelektromobili/a-58009104
[2] https://zviazda.by/be/tags/audi
[3] https://zviazda.by/be/tags/elektramabili
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyamecki-autakancern
[5] https://zviazda.by/be/tags/markus-dzyuzman