Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. Адзін вядомы фінансіст Пітэр Лінч казаў: «Ніколі не ўкладайце грошы ў ідэю, якую вы не можаце растлумачыць на пальцах». Таму сёння мы з вамі разгледзім пытанне капіталаўкладання. Што сёння можа прынесці нам рэальную выгаду і ў якім выглядзе лепш захоўваць свае грошы — вось асноўныя аспекты нашай гутаркі.
Шмат кватэр, але не ва ўсіх
Купля нерухомасці — адзін з самых выгадных і папулярных на сёння спосабаў прымнажэння капіталу. Няма нічога больш прыемнага, чым мець у сваім горадзе дзве-тры кватэры і здаваць іх у арэнду. Штомесячны заробак ад гэтага дазволіць вам жыць не шыкоўна, але цалкам нармальна. Іншая справа, калі вы з'яўляецеся землеўладальнікам. Ні для кога не сакрэт, што ўчасткі ў наваколлі сталіцы даражэюць не па днях, а па гадзінах, таму ўчарашні кавалачак зямлі, якому чырвоная цана была некалькі соцень долараў, ужо сёння можа прынесці свайму гаспадару некалькі дзясяткаў тысяч.
Дарэчы, купляць кватэры для інвеставання ў працэсе іх актыўнага патаннення не зусім правільна. Да таго ж мы будзем разглядаць наш сярэднестатыстычны варыянт, па якім будзем укладваць не вельмі вялікую суму — блізкую ў эквіваленце да дзесяці тысяч долараў. У гэтым выпадку цалкам рэальна разглядаць банкаўскія ўклады.
Валюту зберажэнняў трэба выбраць загадзя
Банкаўскія дэпазіты — доўгатэрміновы, але цалкам прымальны праект. Мы нічым не рызыкуем, таму што абсалютна ўсе банкі застрахаваны на любы выпадак жыцця і вашы грошы змогуць вярнуцца да вас. Калі разглядаць сітуацыю з пазітыўнага боку, то вы будзеце мець стабільны, хоць і невялікі прыбытак.
Як ні дзіўна, але памер даходу напрамую залежыць ад валюты, у якой мы збіраемся захоўваць нашы зберажэнні. Эканаміст Леў Марголін лічыць, што збіраць грошы можна ў любой валюце, якая падпарадкоўваецца эканамічным законам. Адгадаць, што будзе больш устойлівым — долар, еўра, рубель або швейцарскі франк — цяпер вельмі складана. Больш за тое, у папярэднія чатыры гады, калі прэзідэнтам Амерыкі быў Трамп, напэўна, быў сэнс рабіць зберажэнні ў еўра, таму што палітыка Трампа была досыць непрадказальнай. Цяпер суадносіны долара і еўра перасталі вагацца, і курс гэтых валют будзе адносна роўным даволі доўга.
Іншыя фінансісты прыводзяць залатое правіла ўкладанняў — не класці ўсе яйкі ў адзін кошык. Рэкамендуецца 60 % укладаў трымаць у айчыннай валюце, па 20 % — у доларах і еўра.
Існуюць розныя прагнозы аб тым, што долар можа абрынуцца, але, ва ўсякім выпадку, зрабіць гэта такое не так проста, таму што гэта міжнародная рэзервовая валюта. Таму можна ўкласці грошы і ў долар, і ў еўра, а можна — і ў рублі. Можна паспрабаваць пашукаць і іншыя ўстойлівыя валюты. Напрыклад, пасля Brexіt брытанскі фунт можа быць адносна ўстойлівым.
Мы цяпер назіраем доўгі працэс умацавання беларускага рубля і зніжэнне дэвальвацыйных чаканняў. Таму цікавасць да дэпазітаў непасрэдна ў доларах расці не можа. І, магчыма, нават ідзе невялікі ператок грошай фізічных асоб з замежнага сектара банкаўскіх дэпазітаў у нацыянальны.
Ад сябе асабіста я дадаў бы, што, калі вы не збіраецеся за мяжу, тады трэба выбіраць валюту для інвестыцый, дзе самая маленькая маржа (розніца паміж купляй і продажам банкнот). У нашых беларускіх рэаліях гэта якраз долар. Але не варта забываць, што самыя вялікія працэнты па ўкладах прысутнічаюць менавіта ў рублёвых дэпазітах. І яшчэ нагадаю, што курс долара нязменна стаяў на адным месцы на працягу амаль двух з паловай гадоў, аж да лета мінулага года. Цяпер наш рубель «адваёўвае» страчанае...
Амаль 19 % значна адрозніваюцца ад 2-2, 5 %
Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы — цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі.
Самы выгадны адзыўны дэпазіт па долары тэрмінам ад 45 дзён да 13 месяцаў прадугледжвае ўсяго толькі 0,8 % гадавых. Даходнасць укладаў у еўра ў залежнасці ад укладу — 0,1-0,5 %. Адзыўныя ўклады можна папаўняць на працягу ўсяго тэрміну захоўвання.
Акрамя таго, калі вы здымаеце грошы датэрмінова, працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Зараз умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Дапусцім, ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць за ўсё 0,1 або 0,2 працэнта даходу. Прыкладна такая ж тэхналогія падліку працэнтаў і па рублёвых адзыўных дэпазітах, толькі першапачаткова стаўкі там вышэйшыя.
Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі пасля заканчэння таго тэрміну, які паказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды больш прывабныя і высокія.
Максімальная стаўка на безадзыўныя ўклады на адзін год цяпер роўная 2,5 % гадавых. Праўда, яе прапануе толькі адзін банк і тэрмін дэпазіту даволі працяглы (1100 дзён). Максімальная стаўка ў іншых банках — 2,3 %, па ўкладах у еўра — 1,3 %. Валютныя ўклады тэрмінам да двух гадоў абкладаюцца падаходным падаткам у 13 %. Тэрмінам два гады і больш — не.
Цяпер аб рублях. Нашы айчынныя банкі бяруць амаль любыя сумы рублёў на любы час. Галоўнае, каб уклады былі безадзыўнымі. Сярэднія працэнты па дэпазітах на тэрмін ад 180 дзён да 24 месяцаў пачынаюцца ад 16 % да 17 %. Праўда, ёсць уклады, дзе працэнты дасягаюць 18,5 % і 18,7 %. У першым выпадку гэта ўклад, дзе мінімальная сума пачынаецца з 5000 рублёў, у другім дагавор лічыцца заключаным без фізічнай прысутнасці кліента ў банку, у рэжыме анлайн. Каб прыцягнуць кліентаў, банкі сёння прапануюць нядрэнныя працэнты на безадзыўныя ўклады нават на кароткія тэрміны. Стаўкі ў памеры 12—14 % гадавых цяпер можна знайсці на дэпазіце на тэрмін 35, 65 і 90 дзён.
Трэба памятаць, што стаўка фіксаваная, але ёсць нюансы... Большасць дэпазітаў, асабліва з невялікімі тэрмінамі, маюць пастаянную працэнтную стаўку, якая самастойна банкамі мяняцца не можа. Наогул, банкі цяпер не могуць памяншаць стаўкі па дэпазітах у аднабаковым парадку. Гэта стала правілам, якое зафіксаваў рэгулятар раней. З названага правіла маецца выключэнне: дагаворы са зменнай стаўкай, што залежыць ад паказчыка, змяненне якога адбываецца незалежна ад банка. У прыватнасці, такім параметрам можа быць стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка. Таму некаторыя банкі, апісваючы стаўку на працяглыя тэрміны, адзначаюць, што яна роўная стаўцы рэфінансавання плюс-мінус нейкі працэнт.
Што датычыцца падаткаў, то з рублём мы маем невялікае паслабленне. Падаходны падатак (13 %) будзе ўтрымлівацца з даходаў, атрыманых у беларускіх рублях, тэрмінам менш за 1 год. Паляжалі вашы крэўныя рублі на рахунках год і адзін дзень — усё, ніякіх падаткаў з працэнтаў плаціць не трэба.
Аблігацыя для простага чалавека — незразумелае слова
Укладваць свае грошы ў куплю каштоўных папер рызыкне не кожны. І справа нават не ў тым, што кампаніі сёння руйнуюцца і адраджаюцца з попелу з маланкавай хуткасцю. Праблема ў тым, каб вылічыць, якая кантора стане доўгажыхаром, а якая — матыльком-аднадзёнкай. Для гэтага патрабуюцца спецыяльныя веды, якіх у звычайнага чалавека проста няма, аднак яны ёсць у банкіра. Менавіта таму былі створаны спецыяльныя фонды банкаўскага кіравання — форма інвеставання, якая мае на ўвазе аб'яднанне грашовых сродкаў ад розных ўкладчыкаў і правядзенне розных фінансавых аперацый пад наглядам вопытных фінансістаў.
Асабіста мне «гульня» ў аблігацыі лічыцца забаўнай справай, даволі бяспечнай. Напрыклад, дзяржаўныя аблігацыі Міністэрства фінансаў цяпер можна набыць на другасным рынку праз структуру Беларусбанка. Гэтыя каштоўныя паперы купляюцца кліентамі за беларускія рублі па курсе Нацбанка з разліку кошту адной аблігацыі, роўнай тысячы долараў. Прыбытковасць аблігацыі стабільная і роўная ад 4 % да 5,5 % гадавых, у залежнасці ад нумара выпуску. Дывідэнды па паперах выплачваюцца адзін раз на тры месяцы.
Дадзеная структура прадае і карпаратыўныя аблігацыі. Самыя надзейныя з іх — каштоўныя паперы самога Беларусбанка, якія прадугледжваюць даходнасць 2,3 %. Таксама да апошняга часу дастаткова бяспечнымі лічыліся каштоўныя паперы Беларускай чыгункі. Даход па гэтых аблігацыях прадугледжваў 4,75 % гадавых.
Наогул, у «скарбонцы» арганізацыі Беларусбанка цяпер прадаецца мноства аблігацый розных прадпрыемстваў і фінансавых кампаній. Гэта і добра вядомыя фірмы, і структуры, якія былі створаны нядаўна. Доларавая прыбытковасць гэтых каштоўных папер вар'іруецца ад 6 % гадавых да 9 %. Ёсць там і аблігацыі, намінаваныя ў еўра і беларускіх рублях. Дык вось, максімальная стаўка даходнасці аблігацый у айчыннай валюце роўная 20 % гадавых.
Высакародны метал і «старыя» рэчы
Укладанні ў каштоўныя металы — даніна сівой даўніне. У такога роду ўкладанняў маса плюсоў. Па-першае, купляеце золата ў банка і аддаяце метал на захоўванне. Па-другое, працэнты вам налічваюць тым жа самым золатам, на якое вы патрацілі грошы. Ну і, па-трэцяе, золата ніколі не падае ў кошце (а калі і абясцэньваецца, то на вельмі кароткі прамежак часу). А вось купля антыкварыяту — вельмі арыгінальны спосаб захаваць і прымножыць свае назапашванні. На такі крок вырашаюцца выключна багатыя людзі і робяць гэта часцей за ўсё не дзеля выратавання капіталу, а толькі для маральнага задавальнення.
Укладанне ў свой бізнес ці ў сваю сям'ю?
Выкарыстоўваць грошы на адкрыццё ўласнага бізнесу можа толькі вельмі ўпэўнены ў сабе чалавек, які валодае ладным багажом ведаў у юрыспрудэнцыі, эканоміцы і іншых бюракратычных навуках. Працэнт паспяховых арганізацый, якія ўзніклі пры такім збегу абставін, вельмі малы. Як правіла, кампанія такога кшталту жыве не даўжэй за тры-чатыры гады і прыбытку ад яе амаль няма.
Зусім іншая справа — інвеставанне ў сваю сям'ю. Хоць гэты даход і несувымерны ў грашовым выражэнні, але яго практычнае значэнне вельмі важкае. Укладваючы грошы ў сваё здароўе, у адукацыю, у спецыяльнасць, у новыя веды, мы тым самым развіваемся ў прафесійным плане і прынясём нашмат большы даход сабе і сваёй сям'і ў доўгатэрміновай перспектыве.
Сяргей КУРКАЧ
Фота pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/uklady
[6] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-rcbli