У перыядычным друку часта можна сустрэць таго ці іншага аўтара, чые празаічныя ці паэтычныя спробы здольны зацікавіць, але імя аўтара ні аб чым ні кажа, творчая біяграфія больш чым сціплая, а іншыя творы пісьменніка часам не так лёгка знайсці. Сярод такіх — Наталля Канстанцінава. Яна нарадзілася і жыве ў Мінску, скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апавяданні і аповесці творцы друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Новая Няміга літаратурная»… Некаторыя творы змешчаны таксама ў калектыўным зборніку «Скажы, што кахаю…» («Мастацкая літаратура») і міжнародным зборніку «Ніць» Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан). Вось і ўсё, што вядома пра Наталлю Канстанцінаву з адкрытых крыніц.
Важнай тэме — пошуку сябе і свайго чалавека, які б раздзяліў жыццёвы шлях, прысвечана, здаецца, ключавая аповесць для аўтара «Усё яшчэ наперадзе…», у цэнтры сюжэта якой — юнак Ігар. Знешне — надзвычай прывабны мускулісты хлопец, які імкнецца не нагадваць бясфоменную камлыгу, але і да «спаборніцкіх кандыцый» яму далёка. Унутрана спакойны, удумлівы, мэтанакіраваны. Сабе шукае такую ж, але, заўважаючы прыемные рысы ў знешнім выглядзе ці характары той ці іншай маладой асобы, спакушаецца і раздумвае пра магчымасць ці немагчымасць вяселля. Ідэальны вобраз для яго — добрапрыстойная, сур’ёзная, разумная, сучасная, адукаваная і, надзвычай важна, дзейная… Герой імкнецца адпавядаць такім дзяўчатам, хоць, праўда, яго выбар па жыцці не асабліва суадносіцца з мэтай: часта тое, чаго яму хочацца, само трапляе ў рукі. За работу, напрыклад, Ігару асабліва змагацца не даводзіцца — яе прапаноўваюць, і цяжкасцей у той ці іншай сферы ў героя чамусьці не ўзнікае. Галоўная праблема персанажа, а разам з ім час ад часу і кожнага з нас — адсутнасць імкнення да аналізу, глыбокай рэфлексіі, за якімі б з’явіліся пэўныя высновы, што дапамагаюць рушыць далей. Герой, нягледзячы на прынцыповасць (а ўсе мы, як правіла, лічым сябе прынцыповымі асобамі), ідзе на повадзе ў неўсвядомленых жаданняў, збегу акалічнасцей. Аднак у разнастайнасці прапаноў ён так і не абірае ніводнай.
Аўтар глядзіць на свайго персанажа з цікаўнасцю і быццам спачувае. Асабліва гэта счытваецца ў апошніх радках аповесці: «Так, жыцця пачатак — мноства калідораў. Ніхто не ведае, які з іх выведзе да сапраўднага кахання. І што рабіць? Заходзіць па чарзе ў кожны, рабіць некалькі крокаў і, зразумеўшы, што ён не твой, уцякаць? Або выбраць адзін на ўдачу і крочыць па ім да канца, куды б ён ні завёў: ва ўтульны пакойчык, дзе ты апынешся разам з сям’ёй, ці да новага шляху, які зноў разыдзецца на некалькі сцежак, і так бясконца? Магчымасцей шмат, жыццё адно. У мяне яно толькі пачынаецца, і ўсё яшчэ наперадзе». Песімістычны фінал насамрэч не дае надзеі на тое, што ўмоўны Ігар зможа некага ашчаслівіць і стане шчаслівым сам.
Мужчыны, але крыху іншага складу, — асноўныя дзеючыя асобы і ў іншых творах пісьменніцы, у тым ліку ў дэтэктыўнай аповесці «Як карміць трусоў». Добра структураваны твор з размераным сюжэтам, са шматлікімі адступленнямі (тут адчуваецца веданне аўтарам асноў філасофіі) і вялікай колькасцю персанажаў не інтрыгуе, не вабіць асаблівымі тайнамі і загадкамі. Такіх гісторый (з забойствам, прычына якога — грошы і жарсць) у літаратуры, а апошнім часам найбольш у кіно, хапае з лішкам. Каштоўнасць сюжэта — менавіта ў разважаннях галоўнага героя Алексея, таксама адзіночкі па жыцці. Нельга з няшчасця рэзка пераскокнуць у шчасце, робіць ён выснову і ў нечым працягвае разважанні героя папярэдняга твора.
ўжо цалкам, паўнавартасна раскрываецца ў больш метафарычных апавяданнях «Картачныя ігры», «Муза» і асабліва моцна ў «Лёгкім подыху мары». Часткова належачы жанру антыўтопіі, апошняя спроба расказвае пра ідылічнае грамадства: людзі, дзякуючы своеасабліваму адкрыццю, некалькі стагоддзяў таму разгадалі тайну бяссмерця. Але іх свет механічны, і кожны чалавек, які амаль увесь час знаходзіцца ў спецыяльным пакоі-ячэйцы, згодна з пэўнай праграмай, — пад кантролем. Як і належыць антыўтопіі, «Лёгкі подых мары» мае на ўвазе парадзіраванне ўтопіі як жанру: мара ператвараецца ў кашмар. Як правіла, антыўтопіямі можна называць толькі творы, у якіх, як і ва ўтопіі, шмат увагі надаецца характарыстыкам палітычнага, сацыяльнага, культурнага ўладкавання свету будучага або альтэрнатыўнай рэальнасці. Аднак у творы Наталлі Канстанцінавай адсутнічае погляд на пэўныя з’явы той жа палітычнай ці сацыяльнай сферы — пра гэта гаворка ўвогуле не вядзецца, бо галоўнай мэтай аўтара было паказаць, што жыццё чалавека, нават вельмі працяглае ці тэарэтычна бясконцае, без кахання не мае сэнсу.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura-i-mastactva-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/krytyka