Днямі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч у рамках рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён наведаў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба», размешчаны ў пасёлку Энергетыкаў.
Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, разам з намеснікам старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта Вольгай Ігнатавай парламентарый азнаёміўся з тэрыторыяй аздараўленчага лагера, наведаў карпусы, дзе жывуць дзеці, сталовую, аб'екты бытавога прызначэння і медыцынскі корпус, пляцоўкі для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў.
У гэты ж дзень Віктар Лісковіч папрысутнічаў на мерапрыемствах, якія традыцыйна праводзяцца ў лагеры, — «Квэст «У свеце Сяброўства», «Паляна «Спорт! Творчасць! Інтэлект!».
— Вельмі ўтульнае месца. Па вачах і эмоцыях дзяцей відаць, што ім тут вельмі падабаецца, — падкрэсліў парламентарый. — Я ўпэўнены, што ў лагеры яны цалкам расслабляюцца, адпачываюць, набіраюцца сіл, займаюцца тым, што ім даспадобы. Сёння праграму летняга аздараўлення трэба фарміраваць па заяўным прынцыпе. А наша задача — забяспечыць дастатковую колькасць месцаў у лагерах. Хацелася б таксама разгледзець магчымасць устаноўкі каркасных басейнаў у тых установах адукацыі, дзе дзецям не хапае водных працэдур. Гэта будзе садзейнічаць умацаванню іх здароўя.
Сенатар перакананы, што арганізацыя школьных аздараўленчых лагераў — адна з самых цікавых і найважнейшых формаў работы са школьнікамі ў летні перыяд. Трэба дадаць, што ў свой час Віктар Лісковіч выступіў ініцыятарам арганізацыі кругласутачных летнікаў на базе вясковых школ у маляўнічых мясцінах Панёманскага рэгіёна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-azdaraulenchy-lager-druzhba
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhynski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-liskovich