Гэта адбылося ў сераду каля дзесяці гадзін вечара, калі ва ўсім горадзе знікла святло. Абласны цэнтр знаходзіўся ў поўнай цемры амаль 40 хвілін.
Без святла засталіся, па інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, акрамя Магілёва, яшчэ 717 населеных пунктаў вобласці — у Бялыніцкім (181), Круглянскім (140), Шклоўскім(200), Горацкім (34) і Магілёўскім (162) раёнах. Знікла не толькі святло, але і вада, бо спыніліся электрапомпы, якія падаюць яе на паверхі. Па інфармацыі «Магілёўэнерга», у той жа дзень, калі адбылася аварыя, у 23.20 электразабеспячэнне ў вобласці было цалкам адноўлена. Вада ў кранах адсутнічала крыху даўжэй.
— Па інфармацыі раёнаў, усе наступствы былі ліквідаваныя ўжо на 9 гадзін раніцы, — паведаміў генеральны дырэктар Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёўскай вобласці Віталь Ігнатовіч. — Сітуацыя была пазаштатная, у Магілёве каля 200 чалавек аказалася заблакіраванымі ў ліфтах. Прадпрыемства «Магілёўліфт» аператыўна прымала меры па вызваленні людзей. На шчасце, абсталяванне са строю не выйшла, з падачай электрычнасці ўсё запрацавала. Вобласць паспяхова выйшла з гэтай экстрэмальнай сітуацыі.
Надзвычайная сітуацыя адбылася позна вечарам, калі большасць жыхароў знаходзілася дома. Не пашчасціла крыху тым, хто ў час адключэння электраэнергіі ехаў у тралейбусе.
— Былі цалкам абясточаны ўсе падстанцыі, стаяў увесь горад, у тым ліку і мы, — паведаміў карэспандэнту «Звязды» дырэктар Магілёўскага філіяла «Тралейбусны парк № 1» Сяргей Манастырэнка. — Пасажыраў у гэты час было няшмат, яны з разуменнем паставіліся да сітуацыі. Ніякіх скаргаў не было. Выпадак, вядома, выключны. Я амаль 30 гадоў працую ў гэтай сістэме, але такога нават і не ўспомню.
Учора раніцай у Магілёўскім аблвыканкаме прайшло пазачарговае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам намесніка старшыні аблвыканкама Сяргея Маслава. Была прааналізавана работа ўсіх службаў і прыняты дадатковыя рашэнні па ўзмацненні бяспекі на некаторых аб'ектах.
Трэба аддаць належнае сістэме аховы здароўя Магілёўскай вобласці. Па інфармацыі ведамства, усе бальніцы забяспечаны акумулятарнымі батарэямі і дызельнымі генератарамі, што дазволіла ім пратрымацца, пакуль не аднавілася падача электраэнергіі.
У Магілёўскім абласным упраўленні МНС паведамілі, што за час адключэння электраэнергіі ратавальнікамі здзейснена 34 выезды на аказанне дапамогі насельніцтву, у тым ліку па дэблакіроўцы людзей з кабін ліфтаў і падачы электрычнасці на апараты ШВЛ.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[5] https://zviazda.by/be/tags/elektrychnasc