29 чэрвеня 1941 года з аэрадрома Ула, які знаходзіўся ў Віцебскай вобласці, выляцела звяно ў складзе трох самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў 128-га авіяпалка 12-й авіядывізіі. Яны павінны былі правесці разведку і нанесці бомбавыя ўдары па наступаючых войсках вермахта. У той дзень па дарозе Маладзечна — Радашковічы — Мінск суцэльнай плынню на ўсход рухаліся нямецкія войскі, танкі і аўтамашыны. Выканаўшы пастаўленую задачу, савецкія лётчыкі вярталіся на аэрадром, але ў небе над Лагойскам у іх на шляху з'явіліся знішчальнікі Люфтвафэ...
У небе пачаўся паветраны бой. У раёне вёскі Сутокі Смалявіцкага раёна немцы падбілі адзін з самалётаў звяна. Сведкам паветранага бою стаў Мікалай Кранцэвіч, які ў той час жыў у вёсцы Ляда, што ў Лагойскім раёне.
«Мы з мамай у той дзень хадзілі да сваякоў у суседнюю вёску Крывая Паляна, яна знаходзілася недалёка ад Сутокаў, — успамінаў Мікалай Кранцэвіч. — Калі вярталіся, у небе з'явіліся самалёты і пачалася страляніна. У паветраным баі ўдзельнічалі два нямецкія самалёты і тры нашы. Вялікія двухматорныя бамбардзіроўшчыкі ляцелі з боку Мінска на Зембін. Нямецкія самалёты ляталі, кружыліся над імі. Потым адзін наш самалёт адхіліўся ад маршруту, у баку вёскі Ляда з'явіўся дым. Астатнія паляцелі далей і зніклі. Самалёт упаў у лесе, яго хвост зачапіўся за хвою. Адзін лётчык выпаў з самалёта і зламаў нагу. Двое гарэлі ў самалёце і страшна крычалі. Мы баяліся падыходзіць. Хтосьці сказаў: «Не бойцеся, бомбаў няма». Іх выцягнулі. Запрэглі каня. Пагрузілі на колы, і Цімох Навіцкі павёз авіятараў у Лагойск. Ён потым расказваў, што адзін лётчык памёр у Воўчых гарах, а другі на Паненскай гары».
Як потым высветлілася, падбіты самалёт адхіліўся ад курсу звяна і, зніжаючыся, паляцеў у напрамку вёскі Ляда. На жыхароў накіроўваўся падпалены самалёт... «Была нядзеля, усе бабы і мужыкі сядзелі на вуліцы, — успамінала мясцовая жыхарка Аляксандра Карбановіч. — Лётчык, відаць, выруліў, каб вёску не спаліць. Самалёт упаў у лес. Усе пабеглі туды. Лётчыкаў было трое. Мой бацька зняў шапку, чэрпаў ёю з балота ваду і даваў лётчыкам піць. Людзі потым самалёт разбіралі, з дэталяў рабілі для печкі засланкі».
У той дзень каля збітага самалёта знаходзіўся і настаўнік з вёскі Юркавічы Віктар Падуновіч. «Яны трапілі на хвойнік, — расказваў ён. — Крылы роўна адламаліся, у абгарэлай скураной куртцы выскачыў адзін з лётчыкаў, было відаць, што адна нага ў яго была прастрэлена або паламана. Ён папрасіў нас знайсці яшчэ двух членаў экіпажа. Мы падышлі да самага падпаленага самалёта і за абгарэлыя стропы парашутаў выцягнулі іх у непрытомным стане. Пасля чаго паклалі іх на калёсы і адправілі ў бальніцу ў Лагойск...»
Гэта быў цяжкі шлях, улічваючы што вайскоўцы моцна абгарэлі, таму кожная няроўнасць дарогі аддавалася болем ва ўсім целе. З Навіцкім павезлі лётчыкаў і іншыя жыхары вёскі, бо пакласці траіх параненых і моцна абгарэлых мужчын на адны калёсы наўрад ці было магчыма.
У канцы мінулага стагоддзя лёсам гэтых лётчыкаў займаўся кіраўнік пошукавага атрада «Абавязак» Вячаслаў Брыштэн. Дзякуючы дакументам, з якімі ён працаваў у архіве, удалося ўстанавіць не толькі абставіны гібелі лётчыкаў, а нават іх прозвішчы. З яго слоў, каня, які вёз авіятараў, спынілі каля Паненскай гары чырвонаармейцы. Яны сказалі пахаваць там дваіх з іх, якія па дарозе загінулі. Трэцяга павезлі ў лагойскую бальніцу. Пераапрануўшы ў цывільнае адзенне, вайскоўца пачалі аперыраваць.
Гэтымі адважнымі лётчыкамі былі намеснік камандзіра 1-й эскадрыллі старшы лейтэнант Сямён Панфілаў, паветраны стралок-радыст малодшы сяржант Уладзімір Філіпаў і штурман лейтэнант Дзмітрый Красільнікаў. Менавіта апошняму пашчасціла выжыць. Вядома, што звяно Панфілава вызначылася ў баях з ворагам у першыя дні вайны. За тыдзень баёў у яго значылася 10 баявых вылетаў. Газета «Красная звезда» пісала, што «звяном у паветраным баі было збіта 7 нямецкіх знішчальнікаў». За гэты подзвіг старшы лейтэнант Панфілаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна, а лейтэнант Красільнікаў — ордэнам Чырвонага Сцяга.
Падпольшчыкі бальніцы на чале з галоўным урачом падрабілі Дзмітрыю Красільнікаву дакументы — немцы так і не даведаліся, што ў бальніцы лечыцца савецкі лётчык. Медработнікі не толькі выратавалі яму жыццё, а і паставілі штурмана на ногі. У жніўні 1943 года яны пераправілі Красільнікава ў партызанскі атрад «Бальшавік», які дыслацыраваўся ў Руднянскім лесе. Праз некаторы час з партызанскага аэрадрома каля Бягомля Дзмітрыя Красільнікава накіравалі за лінію фронту. Ён зноў пачаў лятаць.
Два іншыя лётчыкі з экіпажа збітага самалёта пахаваныя на Паненскай гары ў Лагойску, на мемарыяльнай дошцы напісаны іх імёны. У чэрвені мінулага года на месцы падзення самалёта Панфілава ў лесе каля вёскі Ляда быў адкрыты памятны інфармацыйны знак — дакладнае месца катастрофы ўдалося ўстанавіць дзякуючы мясцоваму святару з вёскі Швабы протаіерэю Дзіянісію Снытко, які з'яўляецца вялікім аматарам ваеннай гісторыі, а таксама пошукавікам даследчай групы ваеннай гісторыі «Рубон».
Пошуковая работа па двух іншых самалётах са звяна Панфілава працягваецца. Месцы падзення іх ужо вядомыя, знойдзены шыльды з нумарамі матораў, але прозвішчы загінулых пакуль не ўстаноўлены. Гэта задача на будучыню.
Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ
Фота: Мінабароны Расіі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandr-paulyukovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamyon-panfilau
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyachaslau-bryshten
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[7] https://zviazda.by/be/tags/lyotchyki
[8] https://zviazda.by/be/tags/lagoyshchyna