Амаль на працягу месяца ваеннаслужачыя 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады сіл спецыяльных аперацый у набліжаных да рэальных умовах удасканальвалі сваё баявое майстэрства. Разам са сваімі калегамі з Расіі і Сербіі на палігонах Наварасійска вайскоўцы выконвалі задачы па барацьбе з тэрарызмам, дэсантаваліся парашутным і беспарашутным спосабамі, вялі дзённую і начную разведку, ажыццяўлялі штурмавыя дзеянні ў горна-лясістай мясцовасці, пераадольвалі водную перашкоду і знішчалі ўмоўных праціўнікаў.
Акрамя таго, удзельнікі вучэння ўдасканальвалі майстэрства кіравання бронетранспарцёрамі БТР-80 па перасечанай мясцовасці і на плаву, а таксама вядзенне агню на плаву з узбраення баявых машын па шматлікіх цэлях. Асноўная мэта вучэнняў — узаемадзеянне воінскага кантынгенту Беларусі, Расіі і Сербіі ў барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, у тым ліку ва ўмовах інфармацыйнага ўздзеяння, — была дасягнута.
Беларускі бок у вучэнні прадстаўляла звыш 200 ваеннаслужачых. Намеснік камандзіра разведвальна-дэсантнай роты па ідэалагічнай рабоце 103-й паветрана-дэсантнай брыгады Арцём Цырулік у падобных манеўрах удзельнічае не ўпершыню. Аднак «Славянскае братэрства — 2021», па яго словах, адрозніваецца ад папярэдніх вучэнняў. «Манеўры адбываліся
ва ўмовах нязвыклага для нас ландшафту: горы, яры, цясніны, — расказвае гвардыі старшы лейтэнант. — У Беларусі такой мясцовасці няма, таму для нас гэта каштоўны вопыт. Аднак чым больш складанымі былі задачы вучэння, тым цікавей іх было выконваць. Усе адзін аднаму дапамагалі, дзяліліся вопытам — для гэтага і арганізоўваюцца падобныя манеўры».
Камандзір аддзялення 103-й паветрана-дэсантнай брыгады Аляксандр Окунеў у вучэннях за межамі краіны быў упершыню. «Нягледзячы на анамальную спёку (больш чым 35 градусаў па Цэльсію), мы выканалі ўсе пастаўленыя задачы, — перакананы гвардыі сяржант. — Хачу адзначыць зладжанасць — як паміж сабой, так і паміж вайскоўцамі з іншых краін. Згодна з Дагаворам аб калектыўнай бяспецы, у выпадку ваеннага канфлікту мы павінны разам змагацца з праціўнікам. І калі, не дай бог, гэты час настане, разам мы многае зможам».
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/slavyanskae-braterstva-2021
[4] https://zviazda.by/be/tags/103-y-vicebskaya-asobnaya-pavetrana-desantnaya-brygada
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaennyya-vuchenni