Асэнсоўваць вайну і яе наступствы можна з розных ракурсаў: праз даследаванні, кнігі, мастацкія і дакументальныя кінафільмы. Магчыма зрабіць гэта, наведаўшы экспазіцыю ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы «У агні вайны. Гісторыя адной таполі», якая будзе працаваць да 24 ліпеня. Гэтая выстаўка — нібы падарожжа ў часе, бо дазваляе ўбачыць, як шмат усяго змянілася, і згадаць мінулае па знаходках апантаных людзей. Такім можна лічыць гісторыка, навуковага супрацоўніка музея Паўла Каралёва, які ў дзень адкрыцця правёў экскурсію для першых наведвальнікаў.
— Выстаўка ў нас адкрылася 22 чэрвеня, у дзень, які нагадвае пра тое, што 80 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна. Першая моцная бамбёжка Мінска трапіла якраз на гэты раён. Дом Янкі Купалы стаяў фактычна на месцы музея, у якім мы знаходзімся сёння. Ён згарэў, — распавядае Павел Каралёў. — Два гады таму, калі вяліся земляныя работы вакол музея, знайшлі падмуркі. Некаторыя з іх бачныя з боку вуліцы адразу за музеем. У экспазіцыі можна паглядзець якраз тыя рэчы, якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў зямлі пасля той бамбёжкі. Удалося іх адшукаць, і цяпер яны даступныя для азнаямлення.
Вера ў Перамогу і надзея на тое, што настане мірнае жыццё, знайшлі адбітак у паэзіі і публіцыстыцы Янкі Купалы. Аднак беларускі класік не дажыў да тых часоў, бо загінуў у чэрвені 1942 года. І як ён імкнуўся словам падтрымаць дух народа ў той цяжкі перыяд, так і сёння людзі жадаюць аднаўляць і захоўваць кожны экспанат, які можа больш расказаць пра майстра слова. Выставачны праект «У агні вайны. Гісторыя адной таполі» адразу з уваходу сустракае і знаёміць з цікавінкамі. Вось у вітрыне — фотаздымак, на якім відовішча сталіцы пасля бамбёжкі, гліняная цацка, шэраг шкляных бутэлечак, кафля, дзвярны званок — цяпер толькі адгалоскі ранейшага жыцця і нечаканага яго зруйнавання. Прадметы, прадстаўленыя навокал, Павел Каралёў ратаваў ад забыцця і знікнення, калі падчас рэканструкцыі парку яны маглі апынуцца на сметніку. Вось, напрыклад, фрагменты посуду, знойдзеныя ў раёне Тэатра оперы і балета на Троіцкай гары. Менавіта там у 1940 годзе адзначалі юбілей творчай дзейнасці Купалы...
А калі аказваешся ў зале асноўнай экспазіцыі, гісторыя абрастае новымі фактамі, фарбамі і падзеямі. Вялікая выява, на якой тая самая таполя, што расла каля дома пісьменніка, нібы хісткі масток паміж мінулым і цяперашнім. Як распавядае Павел Каралёў, часта дом Янкі Купалы называлі домам пад таполяй. І калі гэты раён згарэў на трэці дзень вайны, 24 чэрвеня, то дрэва выжыла. Яно абгарэла з аднаго боку, але не загінула. Таполя засталася — нібы сімвал, што памяць пра яе гаспадара тут застанецца...
У вітрынах сутракаюцца рэчы са згарэлага дома паэта. Кафля, кубачак і сподак (ёсць гісторыя, што калі гэты набор аднойчы паказалі Уладзіславе Францаўне, жонцы Купалы, то яна расплакалася, бо пазнала посуд, які быў у іх доме), часткі шкляной папяльнічкі, з якой увогуле пачаўся пошук усіх астатніх экспанатаў праекта.
Вось на фотаздымку маці Янкі Купалы, яна любіла сядзець пад таполяй і крышыць крышаны (гэта бульбяны суп, запраўлены салам), на іншым фота — паэт падчас сустрэчы з журналістамі. Знаходзіцца тут і скульптура Льва Гумілеўскага «Развітанне».
— Купала больш за ўсё шкадаваў, што маці яго засталася ў Мінску і што ён не змог яе вывезці. Для яго гэта быў боль. І другое, велізарная калекцыя кніг, аўтографаў — усё гэта загінула ў полымі вайны, — працягвае аповед Павел Каралёў. — Уявіце сабе, бамбёжка, гараць дамы, б'ецца посуд... Шмат аскепкаў яго можна ўбачыць тут.
Дарэчы, на той самай сустрэчы з журналістамі ў 1941-м, што адлюстравана на здымку, паэт сказаў: «Вораг знойдзе магілу ў нашай зямлі». Але гэта супярэчыла перакананню, якое тады існавала, што ворага савецкае войска будзе біць на яго зямлі. Купалу патэлефанавалі і папрасілі ўнесці праўку у гэтую фразу, на што паэт не пагадзіўся. Ён прадчуваў, разумеў, што будзе менавіта так, як ён кажа, і вайна пройдзе на нашай тэрыторыі.
У наступнай вітрыне размясціліся рэчы з лазні Плаўскага: кафля белага колеру, цукерачніца ці, можа, падстаўка для садавіны і іншае. Знаходкі з парку Янкі Купалы — статуэтачкі, падковы... Дом заўсёды прымаў гасцей, сяброў. Вось на фотаздымку 1928 года бачым домік пісьменнікаў, сярод якіх Купала, Колас, Уладзіслава Францаўна, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар і многія іншыя. Можна ўбачыць медыцынскія колбы, верагодна, Стэфана Луцкевіча — ён быў урачом і ўратаваў паэта па просьбе яго маці падчас няўдалай спробы самагубства. Сярод знаходак з раёна Тэатра оперы і балета — бутэлечка, напалову абпаленая, плітка з прыгожым узорам (на думку гісторыка, можа, нават з Троіцкага касцёла), цацачны пісталецік. Як рэха былых падзей.
Асаблівым акцэнтам можна лічыць графічную работу Анатоля Александровіча «Першыя дні вайны», дзе адлюстраваны якраз раён Тэатра оперы і балета ды падзеі, звязаныя з яго знішчэннем і руйнаваннем. Фотаздымак са скарбам, які знайшоў Павел Каралёў, дзе манеты, зубная каронка, пярсцёнак і ланцужок. І варта падумаць, што той, каму яны належалі, ужо не верне свайго багацця ці не знойдзе нарабаванае. І становіцца сумна ад разумення трагічнасці гісторыі. Кавалачак калючага дроту за шклом вітрыны... Фотаздымак сям'і Шкляевых, якія глядзяць з акна на былой вуліцы Садовай — рэальнасць мірнага жыцця амаль стогадовай даўнасці. Уражвае суседства рэчаў, якія асацыююцца з мірным існаваннем, і тых, што сведчаць пра трагічныя наступствы вайны. Завяршаецца экспазіцыя адной з работ Льва Гумілеўскага «Апошняе развітанне з Янкам»: помнік загінуламу паэту і схіленая над ім ягоная ўдава. Зноў напамін, што трэба берагчы памяць пра вайну, каб больш не паўтаралася трагедый такога маштабу.
Алена ДРАПКО
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pavel-karalyou
[4] https://zviazda.by/be/tags/u-agni-vayny-gistoryya-adnoy-tapoli
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-litaraturny-muzey-yanki-kupaly