З палескім каларытам і душэўнасцю спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшло ў Мазыры. Традыцыйна на Палессі радуюцца гасцям і прымаюць іх ад усёй душы, гэтыя выхадныя не былі выключэннем. Гомельшчына парадавала сваёй гасціннасцю, цікавымі гісторыямі і яркім спартыўным настроем.
Каб адразу даць магчымасць пасябраваць з горадам і прасякнуцца яго гісторыяй, арганізатары пачалі свята з экскурсіі. Пазнаёміцца са знакавымі месцамі горада прыехалі тураператары з Гомельскай вобласці і журналісты. Пачалося знаёмства з галоўнай славутасці — Замкавай гары. Тут сканцэнтравана ўся гісторыя Мазыра за шмат гадоў. У рэканструяваным Мазырскім замку можна даведацца пра культурнае жыццё, промыслы мясцовых жыхароў розных эпох. Госці пазнаёміліся з жыццём палешукоў у музеі народнай культуры «Палеская веда». Важны пункт экскурсіі — Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор, храм з незвычайнай гісторыяй і каштоўнымі абразамі, узрост якіх вымяраецца не гадамі, а стагоддзямі. Скончылася экскурсія на знакавым для Мазыра месцы — Кургане Славы, помніку Вялікай Айчыннай вайне. Мазыр — першы горад, дзе ў межах фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшла аглядная экскурсія па горадзе. Начальнік аддзела спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Галіна Касцюшкіна растлумачыла гэта новаўвядзенне: «Мы вырашылі, што перш чым праводзіць круглы стол аб прасоўванні гісторыка-культурнай спадчыны і абмяркоўваць развіццё турызму, трэба паказаць гасцям гэтую самую гісторыка-культурную спадчыну».
Круглы стол на тэму «Прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны» адбыўся ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа. Яго, дарэчы, арганізавала кампанія «Белбрэндаўдыт», якая спецыялізуецца на стварэнні і прасоўванні новых брэндаў на аснове гісторыка-культурных традыцый. Дырэктар кампаніі і каардынатар круглага стала Валянціна Дыніч прадставіла прысутным цікавую трактоўку назвы праекта, які сабраў усіх у Мазыры. «Першае слова «Вытокі» вельмі жыццесцвярджальнае. Яно паказвае, што нам трэба часцей успамінаць, а лепш увогуле ніколі не забываць пра свае карані, пра тое, адкуль, мы родам, і пра шчасце, да якога мы ўсе імкнёмся, а магчыма, проста яго не заўважаем. Можа, варта шырэй адкрыць вочы і паглядзець на тое, што побач. «Крок да Алімпу» сімвалізуе, што ў гэтым годзе 30 гадоў Нацыянальнаму Алімпійскаму камітэту. Але ў гэтага выразу ёсць цудоўны сэнс: кожны з нас робіць такі крок у сваіх сферах», — расказала яна.
Пасля хвілінкі лірыкі ўдзельнікі круглага стала вярнуліся да галоўнай тэмы. Пасля жывога знаёмства з турыстычным патэнцыялам Мазыра яны абмеркавалі, як яго развіваць і прапаноўваць людзям. У рэгіёне дастаткова цікавых прадуктаў і прафесійных экскурсаводаў, і нельга не паказваць гэта ўсё. Валянціна Дыніч прапанавала цікавы варыянт прасоўвання славутасцяў і дасягненняў краю. У прыватнасці, некаторыя рэчы з музея «Палеская веда» можна выкарыстоўваць на школьных занятках па фізіцы. «Першыя заняткі па фізіцы пачынаюцца з таго, як старажытныя людзі ставіліся да агню. Дык чаму б не паказаць прыладу, якую нашы продкі выкарыстоўвалі для здабычы полымя, а магчыма, нават і ім самім даць паспрабаваць гэта зрабіць. Цікава пазнаёміцца з простымі механізмамі можна на прыкладах таго, як рабілі борці для пчол і падымалі іх на дрэвы... Ёсць яшчэ адзін цікавы прыклад. Зараз цяжарным жанчынам патрэбна наведваць адмысловыя лекцыі. Дык чаму б ім не паказаць, як раней жылі жанчыны, як рыхтаваліся да родаў, даглядалі немаўлят. Гэта выдатны спосаб прыцягнуць увагу да гісторыі, звязаць мінулае і сучаснае», — растлумачыла Валянціна Дыніч.
Толькі Мазыром удзельнікі круглага стала не абмежаваліся, яны абмеркавалі турыстычны патэнцыял усёй Гомельскай вобласці. Абавязковае для наведвання «Залатое кола Гомельшчыны». Турыстычны маршрут уключае 9 пунктаў з адметнай і цікавай гісторыяй: Гомель, Ветка, Чачэрск, Чырвоны Бераг, Рэчыца, Тураў, Мазыр, Юравічы і Лоеў. Плануецца ўключыць у гэты маршрут і дзесяты пункт — горад Светлагорск. Начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Павел Старасвецкі адзначыў, што ў рэгіёне актыўна развіваюць патрыятычны турызм. У прыватнасці, ён расказаў пра турыстычны маршрут «Вечнай памяццю жывыя...», распрацаваны ў межах праекта «Патрыятычны імпульс». Маршрут аб'ядноўвае тры мемарыяльныя комплексы. Кранальны помнік дзецям, ахвярам Вялікай Айчыннай вайны «Чырвоны Бераг» у Жлобінскім раёне. За 20 кіламетраў ад Жлобіна быў лагер, праз які прайшлі каля 2000 дзяцей ад 8 да 14 гадоў. Гераічны мемарыял «Багратыён» каля вёскі Ракавічы Светлагорскага раёна — як мяркуецца, адсюль савецкія войскі пачалі самую значную наступальную аперацыю «Багратыён», у выніку якой была вызвалена Беларусь. І заключны пункт гэтага маршруту — мемарыяльны комплекс «Ала» ў Светлагорскім раёне. Мемарыял пабудаваны ў памяць вёскі, якая раздзяліла лёс Хатыні і была спалена ў 1944 годзе.
Адразу пасля круглага стала ў Мазырскім драматычным тэатры імя Івана Мележа адкрыліся выстава «Кола часу» і выстава дзіцячых малюнкаў. Іх арганізавала галерэя «АртХаос». Як расказала дырэктар галерэі Лілія Лукашэнка, на выставе сабраны карціны мастакоў розных пакаленняў: «Мы ставілі мэтай паказаць разнастайнасць нашага сучаснага мастацтва, розныя стылі і кірункі, бо ў нас ёсць чым ганарыцца і чым захапляцца. Вельмі мала выстаў, дзе сабраныя розныя мастакі, і людзям, асабліва ў рэгіёнах, важна гэта ўбачыць».
Дырэктар галерэі падзялілася сваімі ўражаннямі ад Мазыра. «Я кожны раз прыязджаю ў новы горад і думаю, што ён лепшы. Ад Мазыра я ў захапленні. Ён гістарычна вельмі насычаны, вельмі маляўнічы, і людзі тут вельмі гасцінныя. І атмасфера свята робіць сваю справу. Галоўны паказчык — ці хочацца сюды вярнуцца. Вось у Мазыр мне хочацца вярнуцца», — сказала Лілія Лукашэнка.
Скончыўся першы дзень фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» канцэртам арганнай музыкі ў выкананні Валерыя Шмата.
Другі дзень фестывалю быў прысвечаны творчасці, інавацыям і адукацыі. Семінар па прасоўванні творчых і інавацыйных праектаў «Маладзёжны брэнд» аб'яднаў педагогаў і іх вучняў з усёй вобласці. Гэты семінар стаў своеасаблівым парадам крэатыву. Напрыклад, прадстаўнікі ясляў-сада № 40 горада Мазыра расказалі аб праекце «Інфарматыка без разеткі», у межах якога дашкаляты спасцігаюць азы праграмавання. Вучні школы № 15 прадставілі сваю працу ў кірунку ваенна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Студэнты-педагогі тэхніка-біялагічнага факультэта Мазырскага педуніверсітэта прэзентавалі творчую майстэрню.
«З усіх гарадоў, дзе мы былі з «Вытокамі» Мазыр — адзіны горад з універсітэтам. ВНУ дадае вельмі важную асаблівасць — дадатковы прыток моладзі, якая будзе развіваць культурны патэнцыял. А Мазыр выступае як праваднік», — падкрэсліла Валянціна Дыніч.
«Мне вельмі падабаецца, што ў адным мерапрыемстве аб'яднаны і спорт, і культура, і мастацтва, і прамысловасць. Такія мерапрыемствы заўжды праходзяць на «ўра». Цяжка знайсці сям'ю, дзе любяць толькі спорт ці толькі культуру. А калі ўсё сабрана разам, то кожны знойдзе для сябе нешта цікавае. Таму гэтае мерапрыемства і называецца сямейным. І кожны рэгіён мае магчымасць паказаць свае адметнасці. Дарэчы, 15 спартсменаў з беларускай алімпійскай каманды — ураджэнцы Гомельшчыны», — расказаў Павел Старасвецкі.
У заключны дзень свята ў Мазыры панаваў спорт! На плошчы Леніна, у самым цэнтры горада, размясцілася больш за 30 спартыўных пляцовак. Дарэчы, гэта своеасаблівы рэкорд фестывалю. Кожны ўдзельнік змог паспрабаваць свае сілы ў розных відах, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы. Адкрыла спартыўную частку свята «Вытокі» прызёр Алімпійскіх гульняў Марына Літвінчук, яна пажадала ўсім атрымаць як мага больш пазітыву і даведацца аб спартыўнай і культурнай спадчыне горада. Разам з Марынай свята адкрывала заслужаны дзеяч культуры Беларусі Святлана Стацэнка, якая вырасла ў Мазыры.
Адзін з арганізатараў фестывалю — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яркія і цікавыя пляцоўкі традыцыйна прыцягваюць моладзь кожнага горада. «Адметная рыса фестывалю — шмат станоўчых і яркіх эмоцый. Выдатны пачатак для ўсіх, хто жадае займацца фізічнай культурай, знайсці від спорту, які яму падыходзіць. У структуры Федэрацыі прафсаюзаў больш за 100 спартшкол у краіне, і Мазыр тут займае адну з вядучых пазіцый», — падкрэсліў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.
Пакуль удзельнікі спартыўнага квэсту правяралі сябе ў розных відах спорту, свой крок да Алімпу зрабілі спевакі, конкурс якіх падарыў гораду яркі канцэрт. У старшай узроставай групе перамагла Аляксандра Хамутоўская. А найлепшай у малодшай групе стала гамяльчанка Марыя Садыгава, уладальнік Гран-пры і лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, удзельніца кастынгаў «Голас дзеці» ва Украіне і Маскве.
За чатыры разы правядзення свята ў розных гарадах «Вытокі» ўжо набылі свае традыцыі. Сярод іх — цікавыя і прадукцыйныя семінары і круглыя сталы, натхняльныя выставы і канцэрты, захапляльныя спартыўныя і творчыя спаборніцтвы. А самая галоўная традыцыя — пазітыўныя эмоцыі і яркія ўражанні ўсіх удзельнікаў свята. Яны, як эстафетная палачка, пераходзяць ад горада да горада. Цяпер традыцыі свята «Вытокі. Крок да Алімпу» рыхтуецца праверыць і памножыць Бабруйск, які прыме свята з 15 да 17 ліпеня.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота НАК Беларусі
г. Мазыр.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mazyr
[4] https://zviazda.by/be/tags/vytoki-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/belbrendaudyt
[6] https://zviazda.by/be/tags/festyval