Беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам прыняла ўдзел у выязным пасяджэнні Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ у Душанбэ (Рэспубліка Таджыкістан). паведамілі БелТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Да пачатку пасяджэння савета Уладзімір Андрэйчанка прыняў удзел у сустрэчы са старшынёй Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. У межах сустрэчы абмеркаваны рэалізацыя прыярытэтаў Рэспублікі Таджыкістан на перыяд старшынства ў АДКБ, сітуацыя ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне зоны адказнасці АДКБ, пытанні ўдасканалення мадэльных заканадаўчых актаў Парламенцкай асамблеі АДКБ і іх імплементацыі ў нацыянальнае заканадаўства дзяржаў — членаў арганізацыі.
Уладзімір Андрэйчанка праінфармаваў Эмамалі Рахмона аб сітуацыі ў Беларусі і яе знешнепалітычных прыярытэтах у сучасных умовах. Старшыня Палаты прадстаўнікоў перадаў Прэзідэнту Таджыкістана прывітальныя словы і найлепшыя пажаданні Прэзідэнта Беларусі. У сваю чаргу Эмамалі Рахмон перадаў словы падзякі і найлепшыя пажаданні кіраўніку беларускай дзяржавы і ўсяму беларускаму народу.
Далей спікер правёў кароткія працоўныя сустрэчы са старшынёй Валесі Джырга Ісламскай Рэспублікі Афганістан Мір Рахманам Рахмані і намеснікам старшыні Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія Радаванам Тврдзішычам. Былі абмеркаваны пытанні развіцця двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
На Савеце Парламенцкай асамблеі АДКБ разгледжаны пытанні, звязаныя з рэалізацыяй прыярытэтаў старшынства Таджыкістана ў АДКБ, гарманізацыяй нацыянальнага заканадаўства дзяржаў — членаў АДКБ, узаемадзеяннем нацыянальных дэлегацый краін АДКБ у Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
Члены савета таксама абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку ў зоне адказнасці Арганізацыі і падвялі вынікі работы групы міжнародных наглядальнікаў ад Парламенцкай асамблеі АДКБ на выбарах у Казахстане і Кыргызстане ў 2021 годзе. Акрамя таго, на пасяджэнні была прынята заява Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ аб недапушчальнасці замежнага ўмяшання ў выбарчыя працэсы дзяржаў — членаў арганізацыі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выступіў на пасяджэнні савета ў рамках разгляду пытання парадку дня «Аб прыярытэтах старшынства Рэспублікі Таджыкістан у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў 2021 годзе»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/adkb
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/emamali-rahmon-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/tadzhykistan