Гэта святое для кожнага беларуса ўзвышша на 21-м кіламетры магістралі, якая вядзе з Мінска ў Маскву, цяжка праехаць або прайсці, не спыніўшыся. Мала хто ведае, што Курган Славы — гэта не проста помнік героям Вялікай Айчыннай вайны, манументальная падзяка ўдзельнікам пераможнай Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», сімвал стойкасці і мужнасці беларускага народа. Акурат на гэтым месцы ў пачатку ліпеня 1944 года разгарнуліся жорсткія баі за вызваленне беларускай сталіцы...
>
Тут, дзе сёння ўзвышаецца Курган Славы, была знішчана буйная групоўка праціўніка. Гісторыкі вайны пазней назавуць гэтае месца Мінскім катлом.
— 3 ліпеня 1944 года, у дзень вызвалення Мінска, воіны 1-га і 3-га Беларускіх франтоў замкнулі кола акружэння, у выніку чаго на ўсходзе ад горада ў «кацёл» трапіла 105-тысячная групоўка праціўніка, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Юлія КАЛТОВІЧ. — У гранічна сціслыя тэрміны, за шэсць сутак, з 5 да 11 ліпеня, войскі 2-га Беларускага фронту і 31-й арміі 3-га Беларускага фронту раздзялілі на ізаляваныя часткі і разграмілі асноўныя сілы групы армій «Цэнтр». 70 тысяч гітлераўцаў было знішчана, 35 тысяч — трапіла ў палон, у тым ліку 12 нямецкіх генералаў.
Звыш 1600 чалавек за вызваленне Беларусі сталі Героямі Савецкага Саюза. Падчас баёў у Мінскім катле цаной уласнага жыцця здзейсніў подзвіг лётчык Барыс Акрэсцін, які, як і Мікалай Гастэла ў 1941-м, накіраваў свой самалёт на варожую тэхніку. Сувязістка Таццяна Барамзіна, якая да апошняга берагла давераных ёй параненых вайскоўцаў, была расстраляна гітлераўцамі з супрацьтанкавай зброі. Артылерыст Мікалай Цяплоў апошняй гранатай узарваў сябе і фашыстаў, побач з якімі знаходзіўся. Да вызвалення Мінска заставаліся лічаныя гадзіны...
Увекавечыць подзвіг, а таксама памяць тых, хто загінуў на подступах да беларускай сталіцы, стала прыярытэтнай задачай пасляваеннага кіраўніцтва рэспублікі. Паўсюдна адбывалася добраўпарадкаванне брацкіх магіл і адзіночных пахаванняў, адзін за адным узнікалі помнікі і абеліскі, узводзіліся буйныя мемарыялы — сімвалы канкрэтных гераічных учынкаў і трагедый. А манумента, які б увекавечыў герояў Мінскага катла, так і не было.
І толькі ў пастанове «Аб добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў воінаў Савецкай Арміі, партызан і мірнага насельніцтва, якія загінулі ў 1941—1945 гг., і аб увекавечанні знамянальных месцаў і падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной на тэрыторыі Беларускай ССР», прынятай Саветам Міністраў БССР 8 красавіка 1959 года, прадпісвалася «на ўсходзе Мінска, у міжрэччы Бярэзіны і Свіслачы, на месцы Мінскага катла, у якім было знішчана 30 дывізій фашыстаў», устанавіць абеліск. Аднак вярнуліся да гэтага пытання толькі праз сем з паловай гадоў...
Першая жменька зямлі ў падножжа будучага помніка была кінута 30 верасня 1966 года. Узвядзенне Кургана Славы стала ўсенароднай справай. Тысячы людзей з розных куткоў Савецкага Саюза везлі сюды зямлю з мясцін, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбываліся жорсткія баі, дзе лілася кроў, дзе звычайныя людзі станавіліся героямі. З беларускай змяшалася і зямля, прывезеная з гарадоў-герояў: Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Кіева, Адэсы. Тут — і зямля з гераічнай Брэсцкай крэпасці.
Сёння цяжка ўявіць, што Курган Славы мог выглядаць інакш. Быў аб'яўлены творчы конкурс на ўзвядзенне помніка. Першапачаткова разглядаўся праект, які ўяўляў сабой узгорак, дзе павінны былі расці тры дубы.
Архітэктар Алег Стаховіч, будучы вельмі амбіцыйным маладым чалавекам, быў незадаволены такім творчым рашэннем будучага Кургана Славы. Ён падзяліўся сваімі думкамі з сябрам, тады студэнтам апошняга курса тэатральна-мастацкага інстытута Анатолем Арцімовічам, якому таксама не падабаўся праект. Тады таварышы дамовіліся на працягу тыдня папрацаваць над сваімі варыянтамі будучага мемарыяла.
— Калі мы сустрэліся, Алег Стаховіч падзяліўся сваёй ідэяй кургана з колам, якое стаяла вертыкальна, як вянок, — расказвае адзін з аўтараў Кургана Славы, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Арцімовіч. — У мяне з'явілася ідэя штыкоў. Першапачаткова іх было тры (чацвёрты, які сімвалізуе Прыбалтыйскі фронт, з'явіўся потым). Але на штыкі я чамусьці ўзняў імперскага арла, які сведчыў аб краху фашызму.
Сваімі задумкамі маладыя людзі падзяліліся з настаўнікам Арцімовіча Андрэем Бембелем. «Мы паказалі яму свае ідэі з прапановай, каб ён узначаліў наш калектыў, — успамінае скульптар. — Мы не верылі ў свае сілы. Мы былі надзвычай маладыя, а Андрэй Ануфрыевіч — ужо вядомы і аўтарытэтны майстар. Ён уважліва вывучыў нашы распрацоўкі, «зняў» арла, з ідэі Алега пасмяяўся: маўляў, што гэта за арба, куды яна коціцца. Гэта працверазіла нам галовы, і мы пачалі працаваць у яго майстэрні».
Аднак на пэўным этапе праца затармазілася. «Мы былі ў пэўнай разгубленасці: якія рабіць рэльефы, што там павінна быць? — расказвае Анатоль Арцімовіч. — Аднак не яны былі галоўныя. Галоўным было рашэнне ў цэлым Кургана Славы. Мы пачалі са штыкоў. Кола адразу не было. Бембель прапанаваў зрабіць камандны пункт, звонку якога прадугледжваліся барэльефы фігур. І вось аднойчы Андрэй Ануфрыевіч пачаў усур'ёз гаварыць аб пяхоце як царыцы ўсіх родаў войск. Так з'явілася галава пехацінца ў касцы. Гэта нас збянтэжыла, бо мы планавалі адлюстраваць фігуры, пэўныя падзеі. Але больш за ўсё нас турбаваў гэты камандны пункт. Аднойчы Алег Стаховіч купіў дзіцячага пластыліну, зляпіў з яго камандны пункт, які атрымаўся круглы. Я прапанаваў выцягнуць усё, што было ўнутры «каманднага пункта», і пакінуць адно кола, якое сімвалізуе вянок. Мы вырашылі яго звязаць са штыкамі...»
Мала хто ведае, што першапачаткова Курган Славы ўзводзіўся з правага боку шашы. Анатоль Арцімовіч успамінае, што там была сіласная вежа, якую яны меркавалі змясціць унутры скульптурнай кампазіцыі. Аўтарам помніка падавалася, што гэта павінна быць музейная частка з выхадам наверх. Калі ж яны пазнаёмілі са сваім праектам Пятра Міронавіча Машэрава, ён пасмяяўся і сказаў забыць пра гэтую сіласную вежу: яна, маўляў, старая і нікчэмная. Па правым баку шашы помнік знаходзіўся б супраць сонца. Машэраў жа прапанаваў узводзіць мемарыял на левым баку магістралі.
— Ідэя нам спадабалася, — гаворыць Анатоль Арцімовіч. — Пачалася новая валтузня. Мы сталі ляпіць галовы салдат. Нічога не атрымлівалася. І тады Андрэй Ануфрыевіч выказаў вельмі цікавую думку, што патрэбна адлюстраваць роды войск. Я пайшоў у ваенгандаль і купіў значкі з родамі войск. Прымацаваў іх на чырвоную стужку старэнькага паліто, паклаў перад сабой і ляпіў прадстаўнікоў радоў войск са знакамі адрознення. Яны вельмі ясна і хутка склалі ўсю кампазіцыю.
Нарэшце праект Кургана Славы быў зацверджаны ў абкаме партыі. Але атрымлівалася, што галовы, якія змяшчаліся на коле, былі крыху абрэзаныя. «Ахрэмчык, які быў старшынёй экспертнага савета, пасмяўся: што яны ў вас усе «бязмозглыя»? — успамінае мастак. — Але выходзіць за межы кола мы не хацелі. Таму ўсё так і засталося. Бембель толькі прапанаваў іх аформіць залатой смальтай. Гэта было цудоўнае выратаванне. Дзякуючы майстру, з'явіўся яшчэ і чацвёрты штык. Дарэчы, Андрэй Ануфрыевіч быў яркі насмешнік. Ён мог высмеяць так, што станавілася сорамна, і ты пачынаў думаць, як правільна гэта зрабіць. Гэтым талентам ён валодаў як ніхто. Дастаткова яму было сказаць, што арба коціцца, каб Стаховіч зразумеў, што ён зрабіў. Але «арба» выжыла, яна стала колам, вянком. Усе ідэі, з якімі мы прыйшлі да Бембеля, выжылі».
Адкрыццё Кургана Славы адбылося 5 ліпеня 1969 года. У гэты ж дзень з нагоды 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адкрывалі і мемарыял у Хатыні. Сімвалічна, што сёння Курган Славы з'яўляецца філіялам мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
У сваім першапачатковым выглядзе Курган Славы праіснаваў больш за тры дзесяцігоддзі. За гэты час стан мемарыяла па аб'ектыўных прычынах пагоршыўся. Таму, калі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапанавала адрэстаўраваць помнік за ўласны кошт, аднаўленне мемарыяла мела дзяржаўны маштаб. Ужо праз год, у 60-ю гадавіну Вялікай Перамогі, Курган Славы набыў новае аблічча. Пасля рэканструкцыі яго адкрывалі прэзідэнты трох братэрскіх краін: Беларусі, Расіі і Украіны.
Для сённяшняга пакалення беларусаў Курган Славы — гэта сімвал памяці аб тых страшных гадах вайны, якая забрала кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. Сімвал стойкасці і мужнасці нашых папярэднікаў, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля нашай светлай будучыні.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва Белдзяржмузея гісторыі ВАв.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kurgan-slavy-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/yuliya-kaltovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynaya-vayna
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-fen-0