Старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава правялі сёння пленарнае пасяджэнне VIII Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Асноўнай тэмай стала «Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў эпоху лічбавізацыі». Мерапрыемства прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі паміж Масквой і Мінскам.
Старшыня Савета Федэрацыі лічыць галоўным доказам запатрабаванасці Форуму дзясяткі паспяховых міжрэгіянальных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі, якія ахопліваюць усю прастору Саюзнай дзяржавы.
— У рамках VIII форуму падпісана ўжо больш за 20 пагадненняў паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі і амаль столькі ж дакументаў аб супрацоўніцтве паміж нашымі універсітэтамі, установамі культуры і іншымі структурамі, — прыводзіць словы Валянціны Мацвіенкі прэс-служба Савета Федэрацыі.
Што датычыцца асноўнай тэмы форуму, спікер падкрэсліла, што лічбавыя і іншыя навукаёмістыя тэхналогіі сёння літаральна пранізваюць усе сферы жыцця, становяцца фактарам і эканамічнага развіцця дзяржаў, і росту дабрабыту грамадзян. Паводле яе слоў, і Расію, і Беларусь заўсёды адрознівалі высокі ўзровень акадэмічнай і галіновай навукі, імкненне эфектыўна выкарыстоўваць вынікі перадавых даследаванняў і распрацовак.
— Супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій з першых гадоў Саюзнай дзяржавы ўваходзіла ў лік прыярытэтаў агульнай працы. Ужо рэалізаваны комплекс саюзных праграм у галіне мікраэлектронікі, касмічных тэхналогій, атамнай энергетыкі, многіх іншых высокатэхналагічных напрамкаў, — адзначыла Валянціна Мацвіенка.
У лічбавай сферы, на думку спікера Савета Федэрацыі, узаемадзеянне Расіі і Беларусі, у тым ліку міжрэгіянальнае, здольна прынесці добрыя практычныя вынікі.
Валянціна Мацвіенка высока ацаніла мерапрыемствы, якія адбыліся ў рамках Форуму рэгіёнаў, гаворка ідзе і аб пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва гандлёва-прамысловых палат Расіі і Беларусі, і сустрэчы маладых парламентарыяў дзвюх краін, а таксама пасяджэнні двухбаковай Міжпарламенцкай камісіі паміж верхнімі палатамі парламентаў.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава закранула пытанні эфектыўнасці рэалізацыі падпісаных на форуме пагадненняў. Яна падкрэсліла важнасць умацавання прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі і навукова-даследчымі інстытутамі, развіцця фарматаў маладзёжнага дыялогу, у тым ліку паміж маладымі парламентарыямі дзвюх краін. Кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента таксама звярнула ўвагу на неабходнасць падтрымкі рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праграм.
Намеснік Старшыні Урада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Чарнышэнка расказаў аб рабоце па рэалізацыі двухбаковых дакументаў у сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Адзін з прыярытэтаў — фарміраванне адзінай інфармацыйнай і навукова-тэхналагічнай прасторы, сказаў віцэ-прэм’ер Расіі. У прыватнасці, адзначыў ён, рыхтуецца праект па пашырэнні нацыянальнай даследчай камп’ютарнай сеткі і падключэнні да яе вядучых навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў Расіі, Беларусі і іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза.
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка адзначыў, што цяпер расійска-беларускія праграмы накіраваны на развіццё перадавых напрамкаў у сферы навукі і тэхнікі. Асаблівую ўвагу, лічыць ён, неабходна надаць такім перспектыўным кірункам сумесных навуковых даследаванняў, як інтэлектуальная сістэма аналізу інфармацыі, суперкамп’ютары, нейронавыя сеткі, штучны інтэлект, новыя лазерныя матэрыялы, касмічнае прыборабудаванне і тэхналогіі, шматфункцыянальныя беспілотныя комплексы, ядзерная энергетыка, інфармацыйная бяспека, электрамабілебудаванне.
Генеральны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў паведаміў аб рэалізацыі нацыянальных праграм Расіі і Беларусі ў сферы лічбавізацыі.
— Бачыцца асабліва значнай далейшая дзейнасць па ўдасканаленні, адаптацыі, актуалізацыі заканадаўства дзвюх краін да новых лічбавых практык і тэхналогій, — падкрэсліў ён.
Старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Лілія Гумерава ў ліку галоўных напрамкаў супрацоўніцтва, пра якія ішла гаворка на секцыях Форуму, назвала аб’яднанне намаганняў у барацьбе з COVID-19, стварэнне адзінай стратэгіі вірусалогіі Расіі і Беларусі. Акрамя таго, лічыць сенатар, як ніколі актуальная распрацоўка праграмы сумесных фундаментальных даследаванняў.
— Разам з гэтым неабходна стварэнне адзінай даследчай інфраструктуры Саюзнай дзяржавы, — пераканана яна.
Па выніках пленарнага пасяджэння Старшыня Савета Федэрацыі назвала карыснай рэкамендацыю ў адрас акадэмій навук Расіі і Беларусі прапрацаваць пытанне аб стварэнні праграмы сумесных фундаментальных навуковых даследаванняў. Акрамя таго, па словах Валянціны Мацвіенкі, удзельнікі Форуму выразна вызначылі прыярытэт грамадскіх інтарэсаў над інтарэсамі глабальных транснацыянальных карпарацый.
— На гэтай аснове мы будзем імкнуцца да выпрацоўкі адзіных падыходаў у сферы заканадаўчага рэгулявання лічбавага асяроддзя, — падкрэсліла яна.
У пленарным пасяджэнні таксама прынялі ўдзел міністр эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі Максім Рашэтнікаў, міністр навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі Валерый Фалькоў, міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чарвякоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Аляксандр Сяргееў, губернатары Маскоўскай і Новасібірскай абласцей Андрэй Вараб’ёў і Андрэй Траўнікаў, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, прэзідэнт «Курчатаўскага інстытута» Міхаіл Кавальчук, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі дзелавых колаў.
Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі, сустаршыня расійскай часткі Міжпарламенцкай камісіі Савета Федэрацыі і Савета Рэспублікі Юрый Вараб’ёў па выніках Форуму падкрэсліў, што далейшы рост эканомік у сучасным свеце магчымы толькі праз навуковае развіццё. Паводле яго слоў, лічбавізацыя з’яўляецца ключавым момантам у развіцці як навукі і прамысловасці, так і кіравання рознымі структурамі дзяржавы.
— У рамках Саюзнай дзяржавы, яго праграм неабходны адзіны падыход да ўдасканалення навуковай і лічбавай сфер. Форум паказаў, што такая праграма можа быць рэалізавана ў Саюзнай дзяржаве, — падкрэсліў ён.
Вольга АНУФРЫЕВА па матэрыялах прэс-службы Савета Федэрацыі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/viii-forum-regiyonau-rasii-i-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-macvienka-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/namesnik-premer-ministra-igar-petryshenka
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mezencau
[7] https://zviazda.by/be/tags/liliya-gumerava