Доўгі час беларускія прадпрыемствы былі закрытыя для чужога вока. Але паступова сюды зачасцілі госці. Прадстаўнікі прадпрыемстваў нават жартуюць, што турысты нагадваюць дадатковы кантрольны орган: калі па тэрыторыі заводаў пастаянна ходзяць экскурсіі, работнікі больш сочаць за парадкам. Сёння можна не проста зазірнуць у вытворчыя цэхі, але і прадэгуставаць прадукты, якія толькі сышлі з канвеера, патрымаць у руках інструменты і нават пад наглядам работнікаў прадпрыемства паўдзельнічаць у вырабе прадукцыі.
І хоць прамысловы турызм для Беларусі — з’ява даволі маладая, ужо зроблена шмат: распрацаваны маршруты, абнаўляюцца музеі прадпрыемстваў, ствараецца інфраструктура і сувенірная прадукцыя пад турыстаў. Удзельнікі выязнога семінара, які праводзіўся Нацыянальным агенцтвам па турызме, змаглі не толькі пазнаёміцца з напрацоўкамі, якія створаны ў гэтым кірунку, але і абмеркаваць перспектывы. Усё ж прамысловыя экскурсіі — важкі рэсурс для развіцця ўнутранага турызму, якому ў часы каранавіруснага выкліку мы пачалі аддаваць асаблівую увагу.
Безумоўна, на адным паходзе па музеях прадпрыемстваў паўнавартаснай экскурсіі не зробіш. Давядзецца да дробязяў прадумаць праграму і забавы для турыстаў. Напрыклад, на «Камунарцы» маршрут з наведваннем вытворчасці зацвердзілі ў галоўнага санітарнага ўрача Мінска, распрацавана спецыяльная інструкцыя, дзе ўлічваюцца нюансы выканання санітарных нормаў і правілаў бяспекі. Закупляюцца санітарнае адзенне для турыстаў і нават аўдыягіды — цяпер нават вытворчы шум не перашкода: кожны наведвальнік усю інфармацыю, што распавядае экскурсавод, будзе чуць у навушніках. Змест экскурсій падбіраецца пад узрост наведвальнікаў. Так, для дзяцей тут усё падаецца ў гульнявой форме, з віктарынамі, праглядамі азнаямляльных ролікаў у чытальнай зале, дэгустацыямі і салодкімі падарункамі. Нядзіўна, што да пандэміі ў канікулярны час цукеркавая фабрыка нагадвала філіял навучальнай установы: тут магло ладзіцца да трох экскурсій на дзень. Прычым прыязджалі і юныя госці з Кітая, Сірыі, Пакістана, Украіны, Еўропы — не менш як з дзесяці краін. Генеральны дырэктар фабрыкі «Камунарка» Іван Данчанка згадвае, што да пандэміі праз вытворчыя экскурсіі (а яны тут праводзяцца з 2015 года) праходзіла да 11 тысяч чалавек у год. Прыбытак з прамысловага турызму дазваляў акупляць усю рэкламную дзейнасць прадпрыемства. Да таго ж такія пазнавальныя сустрэчы — інвестыцыі ў будучыню прадпрыемства, бо дзеці, якія наведалі фабрыку, — гэта пакупнікі на ўсё жыццё.
А яшчэ прамысловы турызм працуе на прафарыентацыю і запрашэнне новых спецыялістаў на працоўныя месцы.
На развіццё прамысловага турызму можа ўплываць і месца размяшчэння прадпрыемстваў. Адна справа, калі яны знаходзяцца ў сталіцы і ў буйных гарадах, іншая — на перыферыі. Але чаму не ўключыць наведванне прадпрыемстваў у іншыя маршруты? Як аказалася, прамысловыя экскурсіі карыстаюцца поспехам у замежных гасцей. Як паведаміў экскурсавод ААТ «Лідскае піва» Генадзь Запаснік, на яго завод больш едуць усё ж не беларусы, а турысты з бліжняга замежжа — Польшчы, Расіі, Літвы.
Так прадпрыемствы працуюць на павелічэнне пазнавальнасці брэнда. Па сутнасці, прамысловая экскурсія — гэта выдатная рэклама, за якую яшчэ і плацяць.
Не ўсе прадпрыемствы гатовы прымаць турыстаў. Па самых розных прычынах: вузкія цэхі, небяспечная вытворчасць, каранцінны рэжым ці апаскі супрацоўнікаў, што «левыя» людзі будуць перашкаджаць працы. Але заўсёды можна знайсці выйсце, пераабсталяваць музеі прадпрыемстваў, выдзеліць асобныя зоны, куды можна пусціць турыстаў, назіраць за вытворчасцю праз шкло альбо выкарыстаць хітрыкі еўрапейскіх харчовых заводаў, якія паказваюць турыстам свае сыравінныя базы. Напрыклад, завод, які вырабляе «малочку», можа завабіць турыстаў на ферму, а аматары піва — на плантацыі хмелю.
Да пандэміі турызм прыносіў вялікую карысць і гандлю. Невыпадкова тая ж «Камунарка» старалася размясціць свае фірмовыя крамы у буйных гарадах на пешаходных вуліцах, і пад іх ствараўся пэўны асартымент — пры распрацоўцы ўпаковак прадукцыі дапамагалі нацыянальныя мастацкі і гістарычны музеі, на абгортках цукерак рэкламаваліся беларускія строі, слуцкія паясы, помнікі архітэктуры.
Нават гарадскія вандроўкі могуць працаваць на прамысловы ці гастранамічны турызм, бо ў многіх гарадах жыццё населеных пунктаў моцна звязана з прадпрыемствамі, якія там працуюць. Наведванне вытворчасці можна сумясціць з вандроўкай па рабочых пасёлках ці паходам па фірмовых крамах.
Удзельнікі семінара даведаліся, як прамысловы турызм можна вынесці за межы прадпрыемства. Гісторык, экскурсавод Дзмітрый Скварчэўскі распрацаваў прамысловую экскурсію, у якую можна выдатна ўплесці і старую гісторыю горада (паказаць, дзе ў ХІХ—ХХ стагоддзях мінчане любілі бавіць час і набываць салодкую прадукцыю), і сучасныя фірменныя кавярні «Камунаркі». Апошнія выдатна спрацоўваюць як месцы, дзе турысты пасля вандроўкі змогуць адпачыць, выпіць гарачага шакаладу, пазнаёміцца з рэцэптамі і гарадскімі гісторыямі.
Элементы гэтай экскурсіі можна выдатна спалучаць з любымі турпраграмамі. Напрыклад, якія будуць распавядаць пра развіццё горада, вядомых асоб (згадаем знакамітую карціну Хаіма Суціна «Маленькі кандытар»: мастацкая школа, у якой ён вучыўся, размяшчалася ў будынку з кандытарскай), а можа, гэта будзе праграма для жанчын накшталт вандроўкі «Прыгажосць і стыль».
Уявіце прамысловы гарадок у 154 з паловай гектара. Ад цэнтральнай прахадной да прахадной на супрацьлеглым баку амаль два кіламетры. Колькасць работнікаў тут роўная жыхарам невялікага населенага пункта, як, напрыклад, Клімавічы, дзе жыве прыкладна 16 тысяч чалавек. Свой медпункт, стаматалагічныя кабінеты, кулінарыі і буфеты, сталовая, рэстаран. Два разы на тыдзень вяшчае ўласнае радыё, выходзіць свая газета. На заводской тэрыторыі 35 уласных вуліц і тры праспекты, назвы якіх звязаны з вытворчасцю: Канструктарскі праспект, вуліцы Тэхнічная, Прэсавая і іншыя.
Тут вы даведаецеся гісторыю аднаго з найбуйнейшых створаных пасля вайны прадпрыемстваў (рашэнне аб будаўніцтве прымалася ўрадавай дэлегацыяй на чале са Сталіным). Вам раскажуць, якая тэхніка і ў якія часы выраблялася, і пра тое, што першы серыйны трактар МТЗ-2 зроблены тут і сёння без праблем паедзе, калі яго зняць з п’едэстала. Вам прапануюць адгадаць, колькі прадпрыемству спатрэбілася гадоў, каб выпусціць першы (другі і трэці) мільён трактароў, і якая мадэль стала самай масавай у свеце (выпускаецца з 1973 года і па наш час). Ці маглі мы раней уявіць, што нам дазволяць прагуляцца па тэрыторыі Мінскага трактарнага завода — гэтага схаванага за плотам гарадка, зайсці ў вытворчыя цэхі і паназіраць за тым, як робяцца трактары. Тут турысты нават могуць заказаць незвычайную паслугу: сабраць трактар і атрымаць аб гэтым адпаведны сертыфікат. Такіх гасцей пераапранаюць у фірменнае спецадзенне і вядуць на галоўны канвеер, дзе пад наглядам спецыялістаў яны робяць рэальную машыну, якая пасля будзе працаваць у полі ў Беларусі ці нават у далёкай Аўстраліі. На выстаўцы тэхнікі вам дазволяць ускараскацца ў кабіну любой упадабанай машыны і сфатаграфавацца. А яшчэ вас могуць пакатаць па заводской тэрыторыі на самай магутнай на сёння серыйнай мадэлі BELARUS-3522.
Мінскі трактарны завод прымае турыстаў з 2017 года, і за гэты час за тэрыторыяй прахадной пабывала ўжо больш як 15 тысяч аматараў вытворчых экскурсій з амаль 70 краін свету. Тут могуць праводзіць экскурсіі на англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай мовах, а таксама даць у суправаджэнне сурдаперакладчыкаў.
Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што вытворчы турызм — важны складнік фарміравання станоўчага іміджу як прадпрыемства, так і краіны. Госці актыўна дзеляцца сваімі ўражаннямі і фатаграфіямі ў інтэрнэце, вязуць адсюль сувеніры, тавары з лагатыпам завода. Ці не лепшае гэта ўкладанне ў прасоўванне брэнда? Таму на МТЗ вядуцца пастаянныя пошукі новых шляхоў да сэрца турыстаў: удасканальваецца экспазіцыя музея, з якога таксама праз мультымедыйныя экраны можна назіраць за работай цэхаў.
У планах — развіваць інтэрактыўныя падыходы, 3D- і 5D-кінатэатры, інтэрактыўны шлем, трактарны трэнажор...
А можа, будучыня прамысловага турызму і за супрацоўніцтвам — за стварэннем тураў, разлічаных на цэлы дзень, калі турысты могуць наведаць адразу некалькі прадпрыемстваў альбо сумясціць вытворчую экскурсію з гістарычнай і культурнай праграмай. На заводах гатовы наладзіць і недарагое харчаванне для турыстаў. Вось толькі часта госці замест комплексных якасных абедаў на заводской тэрыторыі перавагу аддаюць фастфуду. Магчыма, сітуацыю ўдасца перамяніць, калі перагледзець меню і дадаць туды стравы з эфектнымі тэматычнымі назвамі і афармленнем. І навошта ехаць у «Макдональдс», калі на месцы можна зрабіць эфектную фотку для «Інстаграма» з «трактар-бургерам»?
Яшчэ адно прадпрыемства, якое можа падзяліцца багатым вопытам у арганізацыі прамысловага турызму, — БелАЗ. З 2015 года тут пабывала больш за 150 тысяч турыстаў, і нават такой нятаннай паслугай, як катанне на кар’ерным самазвале, скарысталася 5 тысяч чалавек. Для перамяшчэння турыстаў па вялікай заводскай тэрыторыі тут закупілі камфартабельныя электробусы, пераабсталявалі музей працоўнай славы, распрацавалі маршруты па цэхах, і цяпер фатаграфіі з самым вялікім самазвалам у свеце можна пабачыць у акаўнтах падарожнікаў з розных краін.
Прамысловы турызм сёння — ужо не проста пазнавальная сустрэчы. Дзякуючы майстар-класам, інтэрактыўным формам, дэгустацыям ці сучасным тэхналогіям ён пачынае выдатна ўпісвацца ў індустрыю забаў. Супрацоўнікі прадпрыемстваў палююць за новымі ідэямі і шукаюць, пад якім «соусам» розныя вытворчыя моманты ператварыць у расповеды для цікаўных гасцей. А пасля таго як падобныя маршруты будуць абкатаны на ўнутраных турыстах, варта падумаць, як іх зладзіць для замежных гасцей, якія, будзем спадзявацца, вернуцца да нас з заканчэнем сусветных каранцінаў.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pramyslovy-turyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/kamunarka-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-skvarcheuski
[6] https://zviazda.by/be/tags/mtz