Будучы галоўным ідэолагам Гомельшчыны, цяперашні дэпутат Ірына Даўгала вялікую ўвагу ўдзяляла захаванню ваенна-гістарычнай памяці ў рэгіёне. Прымала ўдзел у падрыхтоўцы і адкрыцці мемарыяльнага комплексу «Баграціён» у гонар беларускай наступальнай аперацыі ў Светлагорску, у рэканструкцыі мемарыяла ў Лоеве, прысвечанаму адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны — фарсіраванню Дняпра ў кастрычніку 1943 года. Мела дачыненне парламентарый і да стварэння помніка ў спаленай фашыстамі вёсцы Ала, дзе было знішчана 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей...
Нягледзячы на тое што цяпер Ірына Даўгала на дэпутацкай рабоце (яна член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу), і на гэтай пасадзе яна не абмінае тэму гістарычнай памяці. Аб чым, у прыватнасці, сведчыць прыняты нядаўна парламентарыямі закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», распрацоўку якога падтрымлівала дэпутат, а таксама тлумачыла яго неабходнасць і важнасць у сваёй акрузе.
Аднак неабыякавасць і трапяткое стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай вайны, да трагедыі беларускага народа ў старэйшага пакалення, безумоўна, закладзена на генным узроўні. Гэта дзеці і ўнукі тых, хто цаной уласнага жыцця здабываў для нас Перамогу. Бабуля Ірыны Даўгалы, перажыўшы амаль усю акупацыю, загінула ад рук фашыстаў незадоўга да вызвалення. Дзед — Павел Хацько — змагаўся з ворагам у падполлі. Як і многія ўдзельнікі тых падзей, успамінаць вайну ён не любіў. Так і памёр, амаль нічога не расказаўшы...
Калі яго не стала, Ірыне Даўгале было ўсяго два гады. Натуральна, што дзеда-падпольшчыка яна не памятае. Не магла пра яго добра расказаць і маці Ірыны: ёй было таксама два, калі бацька пайшоў у падполле. А пасля вайны на гэтую тэму асабліва не прынята было гаварыць — былі іншыя клопаты. Аднак дэпутат пайшла па іншым шляху. Інфармацыю пра падпольную дзейнасць свайго дзеда адшукала ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Аказалася, што, будучы інструктарам Лепельскага падпольнага райкама КП(б)Б, Павел Хацько са сваім падраздзяленнем удзельнічаў у многіх аперацыях і баях. Дакументы сведчаць, што «як палітрук, ён смела і рашуча змагаўся з ненавісным ворагам, захапляючы і натхняючы на подзвігі сваіх падначаленых. Асабліва адзначыўся на аперацыі пры налёце на нямецкі гарнізон, які знаходзіўся ў вёсцы Стагі за два кіламетры ад Лепеля. Будынак, у якім знаходзіўся гарнізон, быў абстраляны ўраганным агнём, дзе было шмат забітых і параненых немцаў. На бальшаку Гомель — Пышна было спалена 4 масты. Будучы інструктарам Лепельскага падполля, правёў 40 сходаў у вёсках.
Актыўна распаўсюджваў сярод насельніцтва савецкую літаратуру. Арганізаваў 11 падпольных партыйных арганізацый...»
Скупыя, сціплыя радкі з узнагародных лістоў, за якімі, безумоўна, — подзвіг чалавека. За падпольную дзейнасць Павел Хацько быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі».
Да вайны сям’я Хацько жыла ў вёсцы Радунь, што на Лепельшчыне. Гаспадар быў старшынёй сельскага Савета. Жылі па тым часе нядрэнна — шмат працавалі. У сям’і раслі чатыры дачушкі: Клаўдзія, Аліна, Ніна і Людміла. Вайна ўварвалася ў мірнае жыццё, абарвала ўсе планы...
Павел Хацько літаральна ў першыя дні сышоў у падполле. Ганна Сцяпанаўна разам з дзяўчатамі засталася ў вёсцы. Жыццё пры немцах было няпростае. Асабліва лютавалі гітлераўцы, калі савецкія войскі адзін за адным пачалі вызваляць беларускія гарады.
Калі на Лепельшчыне пачалася блакада, Ганна Хацько ўзяла дзяцей, карову і пайшла ў лес. «Падчас чарговай бамбёжкі яны схаваліся ў яму, бабуля закрыла дзяцей рукой, яе саму моцна параніла ў плячо, — расказвае Ірына Даўгала. — Кроў, як успамінае цётка, ішла фантанам, дзеці моцна спужаліся. На шчасце, іх хутка знайшлі партызаны, якія адвезлі бабулю на падводзе ў партызанскі шпіталь. Там яны сустрэліся з дзедам. Ён арганізаваў ім каня, і Ганну Сцяпанаўну з дзецьмі павезлі дахаты».
Праўда, дадому яны не дабраліся. На падводзе ехалі жанчына і дзве яе малодшыя дачкі, старэйшыя ішлі пешшу. На досвітку пад’ехалі да ракі. Ганна Хацько ўзяла малодшую дачку на руку (другая была падвязана), на кабыле сядзела Ніна. Старэйшыя ў гэтай мітусні згубіліся... Так і спрабавалі перайсці вадаём, як раптам кабыла пачала тануць, а разам з ёй, вядома, і дзяўчынка. Людзі не разгубіліся і выцягнулі іх на бераг. Уся рака была ў трупах...
На падводу паклалі параненага партызана і пайшлі далей. Спыніліся на ўзлеску, як раптам іх акружылі немцы. Мужчын, а таксама тых, у каго знайшлі медыкаменты, адразу расстралялі. Астатніх паставілі ў ланцуг, і людзі, ужо развітваючыся з жыццём, нерухома прастаялі так да вечара. На шчасце, іх адпусцілі і загналі ў хлеў найбліжэйшай вёскі. Людзі былі ўпэўнены: іх спаляць. Аднак і тут, як кажуць, Бог сцярог. Раніцай жыхароў выпусцілі, спалілі некалькі хат і пагналі ва Ушачы. Там, у вялікім будынку без даху, Ганна Хацько з малодшымі дочкамі сустрэлі старэйшых дзяўчат.
— Ганна Сцяпанаўна прасіла ў людзей хоць што-небудзь паесці: на яе плячах — чатыры галодныя раты, — расказвае Ірына Даўгала. — Але адкуль у каго была тая ежа! Ранкам большую частку людзей адправілі ў канцлагер, астатніх, у тым ліку бабулю, цётак і маму, прыгналі ў нейкую вёску, дзе ў адну хату размясцілі па пяць сем’яў. Есці не было чаго. Дзеці пабіраліся. Пайшоў тыф. Але маіх хвароба абмінула.
Праз некалькі дзён, баючыся захварэць, Ганна Хацько забрала дзяцей і пайшла ў сваю вёску — у Радуні жылі яе бацькі. Але там было цесна, і адна сям’я іх пусціла жыць у другую палову хаты. Плячо ніяк не зажывала. Жанчына хадзіла ў нямецкі шпіталь па лекі, таемна прыносіла іх і для партызан. З сабой яна часта брала Людмілу: убачыўшы малую, людзі часта давалі паесці. Аднойчы Ганну схапілі немцы. Тым часам маленькая Люда сядзела на лаўцы і ела хлеб з маслам, якім яе пачаставаў урач. Калі забіралі маму, дзяўчынка пачала крычаць. Ганна не падала выгляду, што ведае яе: жанчына не хацела, каб забралі і малую.
— Бабулю пасадзілі ў турму: відаць, нехта выдаў, што яе муж — падпольшчык, — мяркуе парламентарый. — Цётка ***
Да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя дні... Чатыры сястрычкі пасяліліся ў дзядулі. Старэйшая, Клаўдзія, узяла на сябе ўвесь клопат па гаспадарцы, малодшым яна была за маму. Аднак, вядома, яе ніхто не змог замяніць. Нават бацька, які вярнуўся з вайны і забраў дзяцей да сябе.
Імя Ганны Хацько сімвалічна пазначана на помніку каля брацкага пахавання ў Лепелі. Магілы жанчына не мае... У сям’і Ірыны Даўгалы спадзяюцца, што калісьці яны яе абавязкова адшукаюць, як і даведаюцца, калі і пры якіх абставінах абарвалася жыццё дарагога для іх чалавека.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/iryna-daugala
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/bagraciyon-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pavel-hacko