Ад ліпеня ў Літве для большасці спажыўцоў выраслі цэны на газ і электраэнергію, паведаміла Delfі са спасылкай на Дзяржаўны савет па рэгуляванні энергетыкі. Так, газ для дамашніх гаспадарак з ліпеня даражэе на 26-50 працэнтаў. Разбежка абумоўлена колькасцю спажывання. Напрыклад, для дамашніх гаспадарак, якія выкарыстоўваюць газ для ацяплення, кошт вырасце значна больш, чым для тых, хто спажывае «блакітнае паліва» толькі для гатавання ежы. Кошт электраэнергіі для насельніцтва ў ліпені ў сярэднім вырас на 8,4 %. Адчувальнае павышэнне тарыфаў для насельніцтва Літвы пракаментавала прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманітэ. Яна заявіла, што ўрад у працэс ўстанаўлення цэн не ўмешваецца. Павышэнне энергатарыфаў закранула і жыхароў Латвіі і Эстоніі. Чаму ў Прыбалтыцы «таўсцеюць» «плацёжкі» за кватэру?
У часы СССР у рэгіёне дзейнічалі гідра- і электрастанцыі. Самымі буйнымі ГЭС былі Рыжская, Каўнаская і Нарвская. Яны забяспечвалі святлом і цяплом і дамашнія гаспадаркі, і прамысловасць, згадвае rіa.ru. Але да 1970-х гэтага ўжо не хапала. Вырашылі будаваць атамную станцыю ў Літве. У 1983-м запусцілі Ігналінскую АЭС. Вільнюс з імпарцёра энергарэсурсаў ператварыўся ў экспарцёра. Ігналінская АЭС давала электрычнасць не толькі Прыбалтыцы, але і краінам Усходняй Еўропы, Беларускай ССР, а таксама анклаўнай Калінінградскай вобласці.
У 1990-х краіны Балтыі пазбаўляліся ад усяго савецкага. Меркавалася і перабудова энергасістэмы. Але выходзіць з адзінага энергакола, не стварыўшы дадатковыя магутнасці, было рызыкоўна. Любы блэкаўт моцна б ударыў па эканоміцы. Каб падстрахавацца, у 2001 годзе Латвія, Літва і Эстонія падпісалі з Расіяй і Беларуссю пагадненне аб сістэме БРЭЛЛ (па першых літарах дзяржаў, якія ў яе ўвайшлі). Доўгі час энергетыка лічылася адзінай сферай, дзе ў пяці краін не было прэтэнзій адна да адной. У 2009-м пад націскам ЕС і НАТА Літва закрыла Ігналінскую АЭС, хоць станцыя магла б бесперабойна працаваць як мінімум да 2032-га. І Вільнюс з экспарцёра энергарэсураў адразу зноў ператварыўся ў імпарцёра. Затое цяпер Фінляндыя пастаўляе ў рэгіён па падводных кабелях энергію, што выпрацоўваецца АЭС, якая была пабудавана па тым жа праекце, што і Ігналінская станцыя.
Электрычнасць у краінах Балтыі — нятаннае задавальненне, у месяц на сям’ю набягае каля 45 еўра. І энергаспажыванне пастаянна расце. Прычым асноўныя пакупнікі — менавіта дамашнія гаспадаркі (на прамысловасць прыпадае не больш чым 20 працэнтаў). Як заўважаюць эксперты, працэс імклівага падаражання пачаўся якраз з таго моманту, калі краіны пачалі падключацца падводнымі кабелямі да Фінляндыі, Швецыі, а цяпер яшчэ і Польшчы.
Расія і Беларусь па адзіным энергетычным коле БРЭЛЛ пастаўляюць у Прыбалтыку каля пяці мільярдаў кілават-гадзін. Амаль столькі ж генерыруюць у рэгіёне. Астатні аб’ём купляюць на біржы Nord Poll. Пастаўкі — з Польшчы, Фінляндыі і Швецыі. Мяркуеца, што ў 2025-м Балтыя выйдзе з БРЭЛЛ і аб’яднае лініі электраперадач (ЛЭП) з Заходняй Еўропай. Энергасістэмы трох дзяржаў будуць сінхранізаваныя з еўрапейскімі сістэмамі праз Польшчу (праз ужо пабудаваную змычку LіtPol Lіnk і марскі кабель Harmony Lіnk).
Эксперты адзначаюць, што гэта непазбежна прывядзе Прыбалтыку да росту цэн на электрычнасць і моцна ўдарыць па кішэнях насельніцтва. Шматлікасць пастаўшчыкоў пакуль дазваляе ўтрымліваць цэны на ўзроўні агульнаеўрапейскіх. Але пасля разрыву з Расіяй і Беларуссю падаражэнне непазбежнае, заўважае rіa.ru. Гэта паказалі праведзеныя сёлета ў красавіку ў Латвіі, Літве і Эстоніі выпрабаванні. Толькі за чатыры дні тэставага адключэння ЛЭП цэны выраслі амаль на дзевяць працэнтаў! Спажыўцы абурыліся, бо нават зімой, на максімуме энергаспажывання, было танней.
Як заўважаюць эксперты, аб’яднанне энергасістэм Балтыі і Заходняй Еўропы — працаёмкі працэс. Не ўсе лініі электраперадач дабудаваныя. На некаторых участках трэба пракладваць марскі кабель. Да таго ж цяпер латышы, літоўцы і эстонцы плацяць падатак на экалогію, яго, як правіла, уключаюць менавіта ў цану за святло. Аб’яднанне з энергетыкай ЕС азначае, што на першым этапе пойдуць пастаўкі з Польшчы, Швецыі і Фінляндыі. А ў гэтых краінах шмат электрычнасці выпрацоўваюць з неэкалагічнага вугалю.
Улады балтыйскіх краін лічаць, што залежнасць ад вугальных станцый — часовая, і збіраюцца перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі (АКЭ) — энергію сонца і ветру. Аднак будаўніцтва такіх аб’ектаў абыдзецца нятанна. І выдаткі зноў перакладуць на насельніцтва, заўважаюць эксперты.
«Але палітыка для балтыйцаў важнейшая за эканоміку», — адзначыў rіa.ru спецыяліст па краінах Балтыі Мікалай Мяжэвіч. Эксперт заўважыў, што ўзімку нагрузка на энергасістэмы Еўропы вырастае, цэны ідуць уверх. Нярэдкія і аварыі. «Разрыў БРЭЛЛ азначае, што Латвія, Літва і Эстонія застаюцца сам-насам з Еўропай. У надзвычайнай сітуацыі ім прыйдзецца чакаць дапамогі ад Бруселя, які не заўсёды дзейнічае аператыўна. Ператок электраэнергіі з Расіі і Беларусі мог бы стаць запасным варыянтам, але балтыйцы самі сякуць сук, на якім сядзяць», — мяркуе Мікалай Мяжэвіч.
Скептычна эксперт ставіцца і да перспектыў аднаўляльных крыніц энергіі ў Балтыі. «Супраць ветракоў выступіла Міністэрства экалогіі Эстоніі. Там заявілі, што ветраныя станцыі ствараюць моцныя электрамагнітныя памехі», — адзначыў Мікалай Мяжэвіч. І дырэктар Фонду энергетычнага развіцця Сяргей Пікін адзначае, што БРЭЛЛ выгадны ўсім. «Ён дазваляе аптымальна і тэхналагічна кіраваць рэжымамі энергасістэм», — лічыць эксперт.
Ці дапамагло балтыйскім краінам выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі? Мяркуючы па павелічэнні рахункаў на электраэнергію, гэтага не адбылося. Разам з тым урады краін Балтыі працягваюць выступаць за нарошчванне магутнасцяў адпаведнай генерацыі і не лічацца з выдаткамі на такія праекты. Напрыклад, эстонская Eestі Energіa падпісала дамову з дацкай Оrsted аб стварэнні новага ветрапарка ў Балтыі. Суму праекта, праўда, не агучылі, мабыць, не хацелі хваляваць падаткаплацельшчыкаў. Зрэшты, гульні з «зялёнай» энергетыкай ідуць і ў іншых частках Еўропы.
У ЕС могуць колькі заўгодна казаць аб тым, што ў 2020-м доля АКЭ-генерацыі ўпершыню перавысіла выпрацоўку энергіі з дапамогай вуглевадародаў. Еўрапейскія кампаніі могуць і надалей выдаткоўваць вялікія сумы на праекты накшталт HyDeal Ambіtіon (400 мільярдаў еўра інвестыцый дзеля штогадовай вытворчасці і транспарціроўкі 3,6 тоны «зялёнага» вадароду), а Еўракамісія — вылучаць 42 млрд еўра на вытворчасць 40 ГВт электралізёраў для стварэння таго ж вадароду. Вось толькі эканамічная мэтазгоднасць усіх гэтых ініцыятыў пад пытаннем.
Энергапераход і «зялёная энергетыка», якія прасоўвае Еўракамісія, таксама нічога добрага ў Еўропу не прынеслі. Ветрапаркі ў Германіі і Эстоніі, сонечныя панэлі ў Літве і Латвіі, вытворчасць «зялёнага» вадароду ў Нідэрландах — усе гэтыя праекты на выхадзе даюць больш дарагую электраэнергію, чым станцыі, якія працуюць на вугалі або газе, заўважыў baltnews.ee. У выніку Еўропа пагоршыла сваю энергабяспеку, а таксама зрабіла рахункі на камунальныя паслугі для жыхароў еўрапейскіх краін, у тым ліку і балтыйскіх, значна даражэйшымі.
Энергетычны рынак Еўропы ў чарговы раз перажывае крызіс. Спотавыя цэны на электраэнергію зноў на рэкордна высокім узроўні, паколькі попыт на яе сур’ёзна ўзрос з-за гарачага надвор’я. У нейкі момант кошт дасягнуў 100 еўра за 1 МВт/гадзіну. Гэты рэкорд быў зафіксаваны ў Чэхіі.
З пачатку месяца сярэдні кошт электраэнергіі ў Літве павялічыўся на 28 працэнтаў, у Эстоніі — на 24 %, а ў Латвіі — на 37 %. Усе краіны рэгіёна не могуць забяспечваць выпрацоўку неабходнай колькасці энергіі нават для ўнутранага спажывання. Пры гэтым не занадта надзейныя пастаўкі з Польшчы, Швецыі і Фінляндыі не толькі ствараюць рызыку энергадэфіцыту для Прыбалтыкі, але і высокую валацільнасць, асабліва ў перыяд павышанага попыту.
«На рост цэн на электраэнергію ў краінах Балтыі паўплывалі больш высокія цэны на электраэнергію ў дзяржавах Паўночнай Еўропы і ўсё яшчэ нізкі ўзровень вытворчасці электраэнергіі з аднаўляльных крыніц энергіі — цана электраэнергіі па-ранейшаму моцна залежыць ад цаны на паліва», — распавёў кіраўнік аддзела карпаратыўных кліентаў Elektrum Lіetuva Артурас Затулінас.
Спякота не толькі павысіла нагрузку з-за кандыцыяніравання на прадпрыемствах і ў дамашніх гаспадарках, але і практычна спыніла ветрапаркі (слабы вецер істотна знізіў генерацыю). Так, у Германіі, паводле ацэнкі Цэнтра даследаванняў сонечнай энергіі і вадароду Бадэн-Вюртэмберга (ZSW) і Нямецкай асацыяцыі энергетыкі і кіравання воднымі рэсурсамі (BDEW), вытворчасць энергіі ветру зменшылася сёлета на 20 працэнтаў. У лютым гэтага года 30 тысяч ветрагенератараў у ФРГ былі фактычна спынены з-за анамальных маразоў і наледзі на ветраках.
Сёння «зялёная» энергетыка — занадта нестабільны рэсурс. Падчас анамалій надвор’я, калі попыт на электрычнасць расце, генерацыя ад ветракоў і сонечных панэляў, наадварот, падае. Гэта прыводзіць да дэфіцыту і, як вынік, да падаражэння электрычнасці. Але Еўропа ўсё роўна настойвае на неабходнасці поўнага пераходу на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Зрэшты, як адзначыў baltnews.lt , з некаторымі агаворкамі для сябе (Германіі, Францыі і іншых эканамічна развітых краін), але затое з жорсткімі патрабаваннямі для «перыферыі» ЕС.
Ужо ў 2019 годзе дэфіцыт электраэнергіі ў краінах Балтыі вырас да 43 працэнтаў ад агульнага аб’ёму спажывання. Імпарт дадзенага рэсурсу стаў абавязковы для Літвы, Латвіі і Эстоніі. Але колькасць пастаўшчыкоў у далейшым будзе толькі скарачацца. Краіны Балтыі могуць нарасціць уласную вытворчасць энергіі і здабыць практычна поўную энерганезалежнасць, але Еўрасаюз проста не дазволіць ім пайсці такім шляхам, прасоўваючы «зялёную здзелку», а таксама адстойваючы інтарэсы Швецыі і Фінляндыі, адзначыў baltnews.lt.
Дырэктар Цэнтра вывучэння сусветных энергетычных рынкаў Інстытута энергетычных даследаванняў РАН Вячаслаў Кулагін у размове з baltnews.lt растлумачыў, як адаб’ецца на Літве яе адмова ад выкарыстання беларускай электраэнергіі. Па словах эксперта, існуе рызыка парушэння стабільнай пастаўкі і павелічэння кошту для спажыўцоў. «У першую чаргу тут варта задаць пытанне: а ці будуць спажыўцы далей гэтак жа стабільна і надзейна атрымліваць электраэнергію, якую яны атрымлівалі да гэтага? І вось тады тут ёсць рызыкі. Другі момант заключаецца ў тым, што кошт той электраэнергіі, якую атрымлівалі з усходу, ніжэйшы, чым кошт вытворчасці электраэнергіі у самой Літве», — адзначыў Вячаслаў Кулагін.
У штогадовым звароце да Сейма ў пачатку чэрвеня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў правесці выпрабаванні работы электраэнергетычнай сістэмы краін Балтыі ў ізаляваным рэжыме ўжо ў 2023 годзе. Па сутнасці, літоўскі лідар хоча, каб адключэнне ад БРЭЛЛ адбылося на пару гадоў раней за прызначаны тэрмін, які прыпадае на 2025-ты.
Зрэшты, дарагоўля энергіі — гэта яшчэ не ўсе «бонусы» для Прыбалтыкі, якую Літва падштурхоўвае да заўчаснага адключэння ад БРЭЛЛ. Як паясніў baltnews.lt старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў ІСЭМА РАН Уладзімір Аленчанка, спешка з адключэннем можа прывесці да збояў, а значыць — да большага дэфіцыту энергіі ў рэгіёне. «Збоі падводных кабеляў, якія ідуць са Скандынавіі, сапраўды былі, прычым ніхто не застрахаваны ад іх і ў будучыні. Да канца 2021 года па нарматывах, устаноўленых ЕС, спажыўцы ў Літве павінны вызначыцца з пастаўшчыком электрычнасці. Відавочна, што прасцей за ўсё абраць больш танны прадукт — з сеткі БРЭЛЛ. Швецыя з яе кабелем, выходзіць, застанецца за бортам. Дарэчы, нагадаю, Швецыя, працягнуўшы кабель у Літву, спрабавала яшчэ і ўгаварыць Латвію таксама купляць у яе электрычнасць, але не выйшла. А як захаваць хоць бы літоўскага пакупніка? Правільна, трэба адсекчы іншых пастаўшчыкоў, у дадзеным выпадку — Расію і Беларусь», — акрэсліў сітуацыю Уладзімір Аленчанка.
Ён нагадаў, што кіраўнік Літвы — выхадзец з колаў паўночнаеўрапейскага капіталу. Гітанас Наўседа на працягу дзесяці гадоў працаваў саветнікам прэзідэнта і галоўным эканамістам банка SEB bankas (даччыная кампанія аднаго з найбуйнейшых шведскіх банкаў SEB Group). Няма нічога дзіўнага ў тым, што Наўседа так клапоціцца пра інтарэсы Швецыі. У выніку насельніцтва Эстоніі, Латвіі і Літвы будзе і надалей вымушана са сваіх кашалькоў аплачваць імпарт электраэнергіі, кошт якой будзе павялічвацца.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/pyotr-dunko
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/tags/prybaltyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/elektraenergiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/gaz
[6] https://zviazda.by/be/tags/taryfy