Пра гэта гаворыцца ў заяве беларускага знешнепалітычнага ведамства. У сувязі з сістэматычнымі недружалюбнымі дзеяннямі Літвы, якія груба парушаюць дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай, у Міністэрства замежных спраў была выклікана часовы павераны ў справах Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аста Андрыяўскенэ.
«Літоўскаму дыпламату паказана, у прыватнасці, на катэгарычную непрымальнасць заяў кіраўніцтва МЗС Літвы аб надзяленні нейкіх эфемерных структур у выглядзе офіса так званага беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва ў Вільнюсе афіцыйным дыпламатычным статусам. Вышэйзгаданае рашэнне Літвы працягвае серыю зробленых у апошні час афіцыйным Вільнюсам недарэчных і адкрыта варожых крокаў, якія прама супярэчаць духу і ўзроўню добрасуседскіх адносін і падрываюць двухбаковае супра-
цоўніцтва», — адзначаецца ў заяве МЗС.
«Відавочна, што з міжнародна-прававога пункту гледжання ўрад Літвы ператварыў свае суверэнныя паўнамоцтвы ў выбудоўванні міждзяржаўных адносін у фарс, у якім беларускі бок не мае намеру браць удзел. У гэтай сувязі да часовага паверанага ў справах даведзена інфармацыя аб рашэнні Беларусі скараціць да мінімуму дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў нашай краіне на перыяд да адмены ёю ўчарашняй і іншых недружалюбных ініцыятыў, што распальваюць канфрантацыю ў адносінах з Беларуссю», — заявілі ў ведамстве.
Падкрэслена, што публічныя развагі афіцыйных асоб Літвы аб так званым прадстаўніцтве беларускай дэмакратыі не маюць нічога агульнага з палажэннямі Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах 1961 года. «Па сутнасці гэта толькі чарговае дзіўнае рашэнне МЗС Літвы, якое, кажучы сухой, але дакладнай юрыдычнай мовай, з'яўляецца нікчэмным па сваіх міжнародна-прававых падставах і наступствах, — адзначаюць у МЗС. — Разам з тым рашэнне заклікана, відавочна, дапамагчы літоўскім уладам абгрунтаваць сваім падаткаплацельшчыкам немалыя фінансавыя выдаткі на ўтрыманне асоб, якія пакінулі Беларусь і якія называюць сябе яе прадстаўнікамі. Гэта, бадай, адзіная лагічная трактоўка ўчарашніх вербальных эскапад кіраўніка МЗС Літвы».
У той жа час, звяртаюць увагу ў МЗС, характэрна, што згаданы крок фармальна тлумачыцца ў Літве тым, што супрацоўніцтва з так званым афіцыйным прадстаўніцтвам адпавядае мэтам літоўскай знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі. «Гэта значыць, літоўскі бок сам пацвердзіў аўтарства і «прыналежнасць» ініцыятывы па стварэнні, прасоўванні і фінансаванні дадзенага праекта. Вольная і вельмі своеасаблівая інтэрпрэтацыя літоўскімі ўладамі палажэнняў дыпламатычнага і міжнароднага права не падменіць сапраўднага стану рэчаў», — падкрэслілі ў ведамстве.
«Наданне заведама нелегітымным структурам уяўнага афіцыйнага статусу так і застанецца ілюзорнай спробай сфарміраваць паралельную рэальнасць», — дадалі ў МЗС.
Як удакладнілі БелТА ў прэс-службе МЗС Беларусі, прынята рашэнне пакінуць у пасольстве Літвы аднаго супрацоўніка консульскай службы для вырашэння консульскіх пытанняў у інтарэсах грамадзян, а таксама трох супрацоўнікаў адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[3] https://zviazda.by/be/tags/dyplamatychnaya-pradstaunictva
[4] https://zviazda.by/be/tags/litva