З просьбай аб дапамозе да кіраўніка рэгіёна звярнулася 28-гадовая гамяльчанка. Пасля аварыі ў 2018 годзе яна атрымала інваліднасць. Зараз перамяшчаецца на калясцы, прайшла курс рэабілітацыі. У кастрычніку мінулага года была адноўленая на былым процоўным месцы — да ДТЗ працавала касірам касавага абслугоўвання ў адным з гомельскіх банкаў. Аднак наймальнік прымае загады аб ліквідацыі яе пасады.
— Апелюе да таго, што я на калясцы магу нанесці шкоду маёмасці, хоць у банку створана даступнае асяроддзе. Ёсць тры рашэнні суда, усё ў маю карысць. У дакументах пазначана, што я магу выконваць любую працу, я ж згодна на любую пасаду. Сама езджу на машыне, самастойна езджу на калясцы, — распавяла гамяльчанка. — Усюды бачыш, як дзяржава стараецца стварыць роўныя ўмовы, укараняюцца новыя метады, праводзіцца сацыялізацыя, а мы з наймальнікам не можам знайсці рашэнне.
Генадзь Салавей запэўніў, што пытанне, агучанае гамяльчанкай, будзе вырашана. Зварот застаецца на кантролі губернатара. Між тым маладая жанчына скарысталася магчымасцю і падзякавала органам ўлады за дапамогу, якую ёй аказалі раней — усталявалі электрапад’ёмнік у шматпавярховым доме, дзе яна жыве.
На прыём да кіраўніка рэгіёна звярнуліся ўладальнікі дамоў па вуліцы Палескай абласнога цэнтра. Іх цікавяць тэрміны зносу будынкаў.
— Паведамленні аб зносе прыходзілі ў 2011 і 2016 гадах. Людзі рыхтаваліся. Потым усё спынілася. Некаторым дамам на вуліцы больш за 100 гадоў, у іх немагчыма жыць, — апісала сітуацыю заяўніца Марына Робертаўна. Паводле яе слоў, участак старой жылой забудовы псуе аблічча абласнога цэнтра, добраўпарадкаванню якога надаюць дастаткова ўвагі.
Больш за тое, уладальнікі старых дамоў, многія з якіх знаходзяцца ў дрэнным стане, доўгія гады не могуць вырашыць сваё жыллёвае пытанне. Заяўніца сама вымушана жыць у інтэрнаце.
Губернатар даручыў у бліжэйшы час арганізаваць нараду, на якой прапрацуюць варыянты вырашэння гэтага пытання.
Між тым да старшыні аблвыканкама звярнуліся прадстаўнікі аднаго з кафэ ў Гомелі. Яны нязгодныя з устаноўкай каля іх харчовага аб’екта знака «Стаянка забаронена з 7.00 да 18.00».
— Мы зрабілі для наведвальнікаў паркоўку, але пасля з’яўлення знака ёю скарыстацца нельга, — звярнулі ўвагу прадпрымальнікі. — Ці магчыма скарэктаваць час?
У гадзіны пік на гэтым участку аўтамабілі не могуць раз’ехацца, патлумачыў у сваю чаргу начальнік УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Андрэй Гаркуша. Пасля прыёму Генадзь Салавей выехаў на месца — прынята рашэнне аб змене часу дзеяння забароны.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-kaprylenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/genadz-salavey-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/chalavek-z-abmezhavanymi-magchymascyami
[5] https://zviazda.by/be/tags/dtz
[6] https://zviazda.by/be/tags/gubernatar
[7] https://zviazda.by/be/tags/andrey-garkusha