У эфіры «Беларусь 3» на наступным тыдні гледачам прапануюць прагляд некаторых фільмаў з дакументальнага цыкла «Зваротны адлік». Праект распавядае пра малавядомыя падзеі на беларускіх землях і раскрывае па-новаму ключавыя эпізоды айчыннай гісторыі. Сёння на рахунку творчай групы студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» ўжо больш за 360 дакументальных карцін, кожная з якіх дае новыя ракурсы і падставы для разважанняў аўдыторыі.
Кінастужку «Па плане «Д». Як пачыналася сакрэтная вайна» ўбачым у аўторак 13 ліпеня. Нападзенне Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года стала поўнай нечаканасцю. Дакладных указанняў з Масквы не было, і дзейнасць партыйнага кіраўніцтва Беларусі ў першыя дні вайны была паралізавана. Не было нават плану эвакуацыі Мінска, таму што адступаць ніхто не рыхтаваўся. Але разам з тым у першы ж дзень вайны пад Пінскам сфарміраваўся партызанскі атрад…
У сераду аўдыторыю чакае паказ фільма пад назвай «Дзеці Камінтэрна. Выратаваныя ў Беларусі». Ён расказвае пра гісторыі тых, чые лёсы аб'ядналіся жыццём і збегам абставін. Інтэрнацыянальны дзіцячы дом у Іванаве быў адкрыты
1 мая 1933 года. Узяць пад апеку дзяцей, чые бацькі аказаліся ў турмах ці загінулі ў краінах з фашысцкім рэжымам, прапанавала старшыня Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МАДР) Алена Стасава. Сродкі на будаўніцтва будынка сабралі працоўныя калектывы Савецкага Саюза, а частку сумы выдзялілі аддзяленні МАДР Германіі, Швейцарыі, Даніі, Нарвегіі і іншых краін. З аднаго боку, інтэрнацыянальны дзіцячы дом быў праявай салідарнасці прадстаўнікоў рабочага руху розных краін, а з іншага — у пэўнай меры дапамагаў савецкай уладзе кантраляваць замежных партыйных кіраўнікоў — бацькоў і маці тых, хто тут выхоўваўся... І вось 19 чэрвеня 1941 года піянерскі атрад, у якім было 21 дзіця, выехаў з Масквы на адпачынак у беларускае мястэчка Наваельня. На наступны дзень пасля прыбыцця ў санаторый пачалася вайна. Аўтобус, які накіраваўся па дзяцей у лагер, не даехаў да месца прызначэння. А праз пэўны час горад быў акупаваны нямецкімі войскамі…
Фільм рэжысёра Анастасіі Мірашнічэнкі «Яны ўцякалі ад вайны. Беларуская трагедыя» распавядае пра падзеі Першай сусветнай вайны. 2 мая 1915 года ў паўднёвай Польшчы германская армія прарвала фронт і разгарнула наступленне.
І калі руская армія стала адступаць, пачаўся і масавы сыход мірнага насельніцтва. Тады царскае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб масавай эвакуацыі. Войскі атрымалі загад прымяняць тактыку «выпаленай зямлі»: пры адступленні разбураць шляхі зносін, паліць гарады і вёскі. Шматмільённая людская плынь накіравалася на ўсход. І гэта стала катастрофай, паколькі ні кіраўніцтва, ні ваенныя не былі гатовыя да наплыву такой колькасці людзей.
А ў пятніцу тэлеаўдыторыі падрыхтавалі кінастужку ад рэжысёра Наталлі Івановай «Джульбарс і Дзіна. Сабакі службы «Д», якая раскажа пра сабак-дыверсантаў і падрыўнікоў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое, што гэтых жывёл таксама прызывалі ў армію, мала хто ведае і памятае. Для такіх сабак першы бой станавіўся і апошнім, бо спецыяльна навучаных гадаванцаў адпраўлялі падрываць фашысцкія танкі. Ваенныя кінолагі шлі ў атаку са сваімі чатырохлапымі сябрамі, а вярталіся адны, і нават самыя загартаваныя вельмі цяжка перажывалі тыя страты. Між тым спецыялісты па дрэсуры імкнуліся прыдумаць, як зрабіць так, каб чатырохногі салдат умеў скінуць са спіны выбуховае прыстасаванне і хутка збегчы. Гісторыю двух сабак-дыверсантаў, якія паказалі сябе падчас «рэйкавай вайны» пад Полацкам, якраз і даведаемся 16 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 3».
Алена ДРАПКО
Фота з сайта http://bokun.bhc.by.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/praglyad-filmau
[5] https://zviazda.by/be/tags/epizody-aychynnay-gistoryi
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvarotny-adlik-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/kinastuzhka