80 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, перавярнуўся звыклы мірны свет, у якім жылі, працавалі, гадавалі дзяцей нашы бацькі, дзяды, прадзеды.
Большасць з нас не можа ўспамінаць пра тую вайну: страшэннае ўсенароднае гора было не на памяці нашай. Выбудоўваліся развагі мае спачатку пад умоўным загалоўкам «Яна яшчэ баліць». Але зразумеў: баліць далёка ж не ўсім. Скажам, маладым людзям: ці ёсць у іх чаму балець і ад чаго балець?.. І ўявіць сабе цяжка, што перажылі ў 1941-45-м нашы продкі, родныя, блізкія людзі. Можам штосьці ўсведамляць, слухаючы іх аповеды. І ў кіно, кнігах, тэатральных пастаноўках, мемуарыстыцы, фота- і відэахроніцы ваенная тэма жыве. Ды толькі акцэнты ў асвятленні падзей мінулага з часам зменьваюцца, і мы таму сведкамі. Асабліва ж кашчунна выглядаюць спробы некаторых гісторыкаў і палітыкаў зрабіць вінаватамі ў развязванні Другой сусветнай вайны... Савецкі Саюз. Зрабіць агрэсарамі тых самаахвярных салдатаў-пераможцаў, хто вызваляў краіны Еўропы ад «карычневай чумы». І тысячы беларусаў палеглі ж менавіта там, на захад ад пагранічнай рэчкі пад Брэстам, дзе ў 41-м «форсировала Буг Вторая мировая». Так што хоць і змаглі ў той раз перамагчы фашызм нашы продкі, цаною неймаверных ахвяраў, але ж ідэі нацызму выжылі ды, відаць, набіраюць сілу. І ніяк не закончыцца тая вайна...
Некалькі загалоўкаў з інтэрнэта. «Тень нацизма встает в Германии в полный рост», «Возвращение нацизма. Почему Германия вновь поднимает правую руку?», «Их дело ультраправое. В Германии становится все больше неонацистов. Как они проникают в спецназ и полицию». Гэта — пра нездаровыя тэндэнцыі ў германскім грамадстве апошніх гадоў. А ў 2020-м калегі так пішуць пра Германію: «Радикализм растет. В последние годы число преступлений праворадикалов растет, пусть и не так стремительно, как число преступлений со стороны мигрантов». Зразумелая рэч: чым больш там «чужых» — тым большае жаданне ў праварадыкалаў ад іх пазбавіцца. І што далей? Загаловак з канца сакавіка 2021-га: «Настоящие фашисты уже у порога: праздник непослушания в Германии».
Абнадзейвае, што немцы старэйшага пакалення ўрокі гісторыі памятаюць. Калі пішуцца нататкі, у інтэрнэце з’явіўся загаловак: «Президент ФРГ назвал варварством войну нацистской Германии против СССР». Як заявіў Франк-Вальтэр Штайнмаер 18 чэрвеня, абавязкам немцаў з’яўляецца зберажэнне памяці пра Другую сусветную вайну: «Як бы цяжка тое ні было для нас, мы павінны памятаць пра мінулае. Памяць аб тым пекле, абсалютнай варожасці й нялюдскасці — гэтая памяць застаецца для нас, немцаў, абавязкам і перасцярогай усяму свету». Гэта ён падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця выставы ў Берліне «Маштабы аднаго злачынства. Савецкія ваеннапалонныя ў Другой сусветнай вайне».
Вось дзе праходзіць нябачная мяжа — у нашых розумах і сэрцах. Ёсць адны немцы: якія зноў гатовыя забіваць іншых — у імя сваіх нацысцкіх ідэалаў. Ёсць іншыя немцы: хто гатовы разважаць над мінулым, рабіць высновы, у тым ліку і з прыцягненнем фактаў з беларускай ваеннай гісторыі. Франк-Вальтэр Штайнмаер лічыць, што вайна нацысцкай Германіі супраць СССР была варварствам, і што сучасныя немцы недастаткова ведаюць пра жахі вайны: «Мы наогул часта глядзім туды, на малазнаёмы ўсход нашага кантынента? Хто з немцаў цяпер ведае Малы Трасцянец, што пад Мінскам, дзе ў 1942-1944 гадах было забіта мінімум 60 тысяч чалавек?»
Але ж попел нашага Малога Трасцянца, відаць, далёка не ўсім нацыстам стукае ў сэрцы. Чаму? Пра тое можна шмат разважаць. Цікавы погляд на праблему, скажам, у пісьменніка, аднаго з аўтараў, ініцыятараў стварэння знакамітай «Блакаднай кнігі» Алеся Адамовіча. Знайдзіце яго апавяданне ««Мут», по-немецки означает «мужество»» (ёсць у інтэрнэце аўдыёкніга з такой назвай) — там занатаваны каштоўныя назіранні-разважанні былога малалетняга партызана, які бачыў і адных немцаў, і другіх. Вядома ж, ён на баку тых, якія заставаліся людзьмі, апранаючы фашысцкую форму і нават перад тварам немінучай смерці.
На жаль, нацысты не толькі ў Германіі — і ў іншых краінах падымаюць галаву. Каб супрацьстаяць націску разбуральных для ўсяго чалавецтва ідэй, Генеральная пракуратура Беларусі сёлета ўзбудзіла «крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд». Пра тое ёсць матэрыялы ў інтэрнэце. І хто з беларусаў замежжа сталага веку можа даць свае сведчанні супраць нацыстаў — гэта цяпер можна зрабіць.
Гэта трэба зрабіць абавязкова! Бо ніяк не закончыцца тая вайна...
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота: Іван Ждановіч, БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-06-2021_small1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/nemcy
[3] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[4] https://zviazda.by/be/tags/pradzedy
[5] https://zviazda.by/be/tags/trascyanec-0