Удзельнікі аўтапрабегу «Садружнасць: ад Буга да Байкала», прысвечанага 80-годдзю абароны Брэсцкай крэпасці і 50-годдзю стварэння Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць», 24 мая пабывалі ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры.
Маршрут, па якім рухаецца экіпаж, пралягае па тэрыторыі Беларусі ды Расіі: ад Брэста да Іркуцка. І ў тым ёсць глыбокі сэнс: абаронцамі Брэсцкай крэпасці ў 1941-м былі савецкія воіны, прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Мільёны савецкіх людзей разам і набліжалі Перамогу. Гэта мы добра ведаем з гісторыі вайны, з гісторыі Савецкага Саюза — не будзе лішнім і паўтарыць важныя ўрокі ў пару, калі ёсць спробы перапісаць нашу супольную гісторыю. У часе сустрэч у розных гарадах і гаворыцца пра гераічную, інтэрнацыянальную па сваёй сутнасці абарону цытадэлі.
Праехаўшы 4 000 кіламетраў, экіпаж дабраўся і да Горада працоўнай доблесці Новасібірска. Дарэчы, такое ганаровае званне горад атрымаў летась, калі адзначалася 75-годдзе Вялікай Перамогі. Нягледзячы на тое, што Сібір у гады Вялікай Айчынай ад баявых дзеянняў не пацярпела, ды вайна і яе закранула. Шмат сібіракоў ваявалі ў радах Чырвонай арміі, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Таму сустрэча гасцей з Беларусі, з былых заходніх рубяжоў СССР у Новасібірскім цэнтры беларускай культуры была вельмі сімвалічнай. Кіраўніца НЦБК Анастасія Дзяменцьева расказала ім пра дзейнасць цэнтра, пра выставачны й кніжны фонды. Была зладжана экскурсія па культурна-асветніцкай экспазіцыі «Гісторыя перасялення народаў у Сібір».
Потым удзельнікі аўтапрабегу сустракаліся з прадстаўнікамі грамадскасці Новасібірска, сярод якіх былі й сябры Новасібірскай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў, пераважна маладыя людзі. Дакументальны фільм пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці, які прывезлі госці, выклікаў шмат роздумаў і эмоцый. Пасля прагляду госці адказвалі на пытанні — пра Брэст сённяшні, мемарыяльны комплекс і аўтапрабег. Музычным падарункам для гасцей сталі мастацкія нумары ад ансамбля беларускай песні «Завіруха» ды арт-студыі нацыянальнай творчасці «Праздничная шкатулка».
На маршруце аўтапрабегу ў экіпажа запланаваныя прыпынкі ў 20 гарадах, і ў кожным яны пакідаюць часцінку Брэсцкай крэпасці-героя — капсулы з яе свяшчэннай зямлёй.
Таццяна НЯЛЮБІНА, метадыстка Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Дома нацыянальных культур імя Г. Дз. Завалокіна
Фота: Таццяна Нялюбіна
Ад рэдакцыі. Паводле ўдакладнення спадарыні Таццяны, аўтапрабег праходзіць з 8 мая па 22 чэрвеня, даўжыня маршрута вялізная — каля 15 тысяч кіламетраў. Пра яго пісалі калегі з газеты «Беларусь сегодня» (28.01.2021) пасля прэзентацыі патрыятычнай акцыі ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. З тэкста Валянціны Казловіч (у газеце «СОЮЗ», 13.05.2021) вынікае: ідэю аўтапрабегу падалі брастаўчанін Аляксей Манец (ён жа й кіраўнік акцыі) з жонкай Аленай, рускай па нацыянальнасці. А задума ўзнікла ў іх не выпадкова: сужонкі любяць вандраваць, адкрываць новыя мясціны. Аляксей пасля службы ў войску па камсамольскай пуцёўцы паехаў у Заходнюю Сібір — там, у Сургуце, і жыў 28 гадоў, працаваў у нафтагазаразведцы. Там сустрэў Алену, якая родам з горада Рэўда Свярдлоўскай вобласці. Яны пажаніліся, гадавалі дзяцей, а з гадамі сям’я пераехала жыць у Брэст, на радзіму Аляксея Фёдаравіча. У якога, па сутнасці, дзве радзімы цяпер у сэрцы, бо «ў Сібіры сніўся Брэст, а ў Брэсце сніцца Сібір».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-06-2021_small1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/autaprabeg
[3] https://zviazda.by/be/tags/bug
[4] https://zviazda.by/be/tags/baykal
[5] https://zviazda.by/be/tags/novasibirsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/brest