У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў чарговы раз прэзентаваўся творчы праект дружбы народаў. Гэтым разам на імпрэзу сабраліся прадстаўнікі Амбасады Казахстана ў Беларусі, пісьменнікі Беларусі і Казахстана. Сабраліся аўтары і тыя, хто генераваў, увасабляў у жыццё літаратурны альманах «Казахстан — Беларусь».
Ёмісты фаліянт сабраў пад адной вокладкай творы многіх паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратуразнаўцаў Казахстана і Беларусі. Кніга выйшла ў свет накладам 3010 экзэмпляраў на трох мовах — казахскай, беларускай і рускай. Укладальнікамі выдання сталі Любоў Шашкова ды Святлана Ананьева — добра вядомыя і ў Беларусі арганізатары беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў. Укладальнік казахскіх тэкстаў у альманаху — Б. Хабдзіна. Дзеля падрыхтоўкі выдання быў створаны рэдакцыйны савет. Ад Беларусі ў яго ўвайшлі М. Чаргінец, М. Мятліцкі, А. Бадак, Ю. Алейчанка, А. Чарота, А. Карлюкевіч. Ад Казахстана — У. Есдаўлет, К. Матыжанаў, Б. Канап’янаў, А. Аспандзіярава, Г. Жайлыбай, К. Бакбергенаў. Арганізатарамі творчага праекта з’яўляюцца Міністэрства культуры і спорта Казахстана, Амбасада Казахстана ў Беларусі, Саюз пісьменнікаў Казахстана, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда». Выданне прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі ды 175-годдзю з дня нараджэння вялікага казахскага паэта, мысляра, філосафа Абая Кунанбаева — тым важным падзеям, якія і ў Казахстане, і ў свеце адзначаліся летась.
Хто з беларускіх аўтараў сваімі творамі ўвайшоў у змест альманаха? Янка Купала, Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, Віктар Шніп, Марыя Кобец, Навум Гальпяровіч, Віктар Гардзей, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Вячаслаў Рагойша, Генадзь Даронін (ён прыехаў з Казахстана і больш за пяць гадоў жыве ў Мінску; журналіст, публіцыст, празаік, чые творы па-беларуску і па-руску друкуюцца ў беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях), Васіль Ткачоў, Алег Ждан-Пушкін, Алена Мальчэўская, Генадзь Аўласенка, Алена Стэльмах, Андрэй Федарэнка, Людміла Рублеўская, Міхась Пазнякоў, Валерый Казакоў, Іван Арабейка, Маргарыта Назарук, Наталля Міцкевіч, Іван Саверчанка, Алесь Карлюкевіч. Пагадзіцеся, уражлівы абсяг розных аўтараў, якія ў асноўным (за выключэннем народнага песняра Беларусі Янкі Купалы і мемуарысткі Наталлі Міцкевіч — дачкі Янкі Маўра і нявесткі Якуба Коласа: у альманаху пададзены ўрывак яе ўспамінаў пра жыццё ў эвакуацыі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Казахстане) і сёння працуюць у беларускай літаратуры.
Душа і сэрца альманаха — вядомы казахскі паэт, публіцыст, перакладчык Бахытжан Канап’янаў. Ён даўно выношваў ідэю такога праекта, памеры сваіх сіл і магчымасцяў, а часам і звыш сіл, падключаючы ўсю сваю энергію, грукаўся ў самыя розныя дзверы, каб толькі была падтрымана ідэя выдання. І вось справа зрушылася. Альманах у 512 старонак прыбыў у Мінск, кніга патрапіць на паліцы розных бібліятэк Беларусі. Пра тое парупіцца казахская Амбасада ў Мінску. Беларускія майстры прыгожага пісьменства ўбачаць, што новага, сучаснага выяўляе сабою казахская літаратура, асэнсуюць, што ж і па якой прычыне прыцягнула ўвагу казахскіх выдаўцоў, казахскіх калег з твораў беларускай нацыянальнай літаратуры. Канешне ж, альманах патрабуе і сур’ёзнага разгляду беларускіх і казахстанскіх літаратуразнаўцаў, што, несумненна, і будзе зроблена.
На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы выступілі паэтэса Любоў Шашкова, якая перадала прывітанне з Казахстана ад усіх, хто спрычыніўся да складання, падрыхтоўкі, выпуска ў свет альманаха «Казахстан — Беларусь», беларускія пісьменнікі Мікола Мятліцкі, Міхась Пазнякоў, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.
Прэзентацыя стала і ў некаторай ступені падсумоўваннем тых спраў, што сёння, у апошняе дзесяцігоддзе фарміруюць прастору беларуска-казахскіх літаратурных сувязяў. Пачынаючы прыблізна з 2007–2010 гадоў, назіраецца ўздым актыўнасці ў гэтым кірунку. Выйшаў у Беларусі том новых перакладаў Абая — «Стэпавы прастор». Пабачылі свет адразу тры кнігі казахстанскага пісьменніка і літаратуразнаўца Нямата Келімбетава — «Не хачу губляць надзею», «Лісты сыну», «Зайздрасць», над перакладам якіх працавалі Алесь Бадак, Генадзь Аўласенка, Алесь Карлюкевіч. Выйшлі два тамы легендарнага рамана-эпапеі Мухтара Ауэзава «Шлях Абая», твор пераклаў Міхась Пазнякоў. І яшчэ былі дзясяткі публікацый у беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы твораў казахскіх паэтаў і празаікаў у перакладзе на беларускую і рускую мовы — у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Белая Вежа».
Сярод іншых ініцыятыў, што прагучалі ў часе прэзентацыі альманаха ў Нацыянальнай бібліятэцы, і такая: альманах «Казахстан — Беларусь» павінен мець працяг. Пра тое гаварылі таксама ўдзельнікі прэзентацыі з Казахстана — яны выступалі ў фармаце анлайн: Святлана Ананьева, Бахытжан Канап’янаў, Арынбай Жанайдараў... І няма сумненняў, што новы выпуск беларуска-казахстанскага літаратурна-мастацкага альманаха пабачыць свет. Магчыма, гэтым разам — ужо ў Мінску.
Мікола БЕРЛЕЖ
Фота: nlb.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/praekt-druzhby-narodau
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[3] https://zviazda.by/be/tags/pismenniki-belarusi-i-kazahstana