Летась, у 2020м, былі 135я ўгодкі літаратуразнаўца, літаратурнага крытыка, педагога Івана Векслера (1885 — 1954), які нарадзіўся ў Віцебску.
Сярод найболей вядомых прац Івана Векслера — «Из литературного наследия Ф. М. Решетникова» (1932), «И. С. Тургенев и политическая борьба шестидесятых годов» (1934 і 1935), «Алексей Николаевич Толстой» (1948). А шлях ураджэнца Віцебска ў вялікую навуку пачаўся з Віленскага настаўніцкага інстытута, які ён закончыў у 1912 годзе. У 1912-14 гадах Іван Іванавіч працаваў у Магілёўскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, адначасова — настаўнікам у адной з школ горада. Пасля займаў кіраўнічыя пасады ў аддзеле народнай адукацыі. У 1918 годзе ўзначаліў Магілёўскую настаўніцкую арганізацыю. У 1919 — 1922 гады Іван Векслер — член праўлення Саюза работнікаў асветы. У 1925 — 1930 гадах служыў у Маскве: інспектарам, навуковым супрацоўнікам у Народным камісарыяце асветы.
Наш зямляк выкладаў у Акадэміі камуністычнага выхавання імя Н. К. Крупскай, Інстытуце павышэння кваліфікацыі педагогаў. Быў намеснікам адказнага сакратара часопіса «Русский язык в советской школе». Закончыў аспірантуру АН СССР па кафедры літаратуразнаўства (1932). У 1934-1935 гадах Іван Векслер выкладаў у Ленінградскім інстытуце філісофіі, лінгвістыкі ды гісторыі (ЛІФЛІ), там жа некаторы час займаў пасаду намесніка дэкана. Там жа, у Ленінградзе ў 1932 — 1942 і 1945 — 1949 гадах Іван Векслер працаваў у Інстытуце рускай літаратуры (Пушкінскім Доме) Акадэміі навук СССР навуковым супрацоўнікам, загадчыкам музея, старшым навуковым супрацоўнікам. У 1944-м абараніў доктарскую дысертацыю.
З блакаднага Ленінграда ў 1942 годзе вучоны быў эвакуяваны ў Ташкент, і там у 1943-45 гадах быў прафесарам кафедры рускай літаратуры Сярэднеазіяцкага ўніверсітэта. Згадаем, што ў той час у Ташкенце жылі, працавалі таксама іншыя ўраджэнцы Беларусі: літаратуразнаўца Сцяпан Ліхадзіеўскі, народны паэт Беларусі Якуб Колас, тэатразнаўца Міхась Модэль, паэтэса Эдзі Агняцвет... Магчыма, з кімсьці з іх і перасякаліся жыццёвыя сцяжынкі Івана Векслера.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-06-2021_small1.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/ivan-veksler
[3] https://zviazda.by/be/tags/sayuz-rabotnikau-asvety
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-kamunistychnaga-vyhavannya-imya-n-k-krupskay