13 ліпеня 2021 года ў Шчучыне, на Гродзеншчыне, пройдзе прэзентацыя кнігі «Акрыленыя родным словам», прысвечанай біяграфіям і творчасці беларускай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і класіка ўкраінскай літаратуры Лесі Украінкі.
Аб’ядналіся на старонках кнігі, выдадзенай па-беларуску і па-украінску, два вялікія таленты: Алаіза Пашкевіч, якую ў творчых памкненнях падтрымалі Львоў, Україна, і Лесі Украінкі, якая звязана з Мінскам, Беларуссю і праз лёс рэвалюцыянера Сяргея Мяржынскага, і многімі зваротамі беларускіх перакладчыкаў да яе творчай спадчыны.
Спярша гасцей чакаюць у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі ў Шчучыне па вуліцы Леніна, 50 на прэзентацыі самога выдання. Пачатак — а 11. 30. Мясцовыя бібліятэкары падрыхтавалі і адмысловую экспазіцыю бібліятэчных рарытэтаў «Бліскавіца на небе Шчучыншчыны».
Затым ля помніка Алаізе Пашкевіч (Цётцы) пройдзе літаратурна-музычная імрэза «Яе жыццё жывое слова». Адбудзецца і ўзнагароджванне пераможцаў інтэрнэт-конкурса чытальнікаў твораў Цёткі.
А з 15.30 гасцей, удзельнікаў святочных мерапрыемстваў чакаюць у гарадскім пасёлку Астрына, дзе ў Астрынскай сярэдняй школе імя А. С. Пашкевіч (Цёткі) будзе магчымасць наведаць народны музей беларускай пісьменніцы. Пасля гэтага: яшчэ і наведванне радзімы Цёткі — вёскі Стары Двор і ўскладанне кветак на магілу легендарнай асобы ў гісторыі беларускай культуры, беларускага асветніцтва.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/lesya-ukrainka-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/cyotka
[6] https://zviazda.by/be/tags/shchuchyn
[7] https://zviazda.by/be/tags/akrylenyya-rodnym-slovam