Як аказалася, у жыцці вядомага французскага ваеннага і дзяржаўнага дзеяча знойдзены беларускі след. Шарль дэ Голь трапіў сюды падчас Першай сусветнай вайны маладым капітанам. Менавіта такім і паўстане ён у бронзе. На сёняшні дзень ужо ёсць эскіз і абрана месца для пастамента. Наступны этап работы — за аўтарамі, якія павінны здзейсніць праект.
Помнік з’явіцца побач з заводам «Аўтапровад», ля дарогі. Тут днямі адбылася закладка першага каменя і ўзгоднены дакументы з французкім бокам. Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта расказала аб вялікай даследчай рабоце, якая папярэднічала дадзенамуу праекту. У мінулым годзе быў аб’яўлены адкрыты конкурс эскізных праектаў будучага помніка. Было пададзена некалькі дзясяткаў заявак ад творчых калектываў і асобных аўтараў.
Абмежаванняў у выкананні вобраза не ставілася — гэта магла быць любая кампазіцыя. Галоўнае патрабаванне — адлюстраваць тую эпоху, калі будучы генерал быў яшчэ маладым і дапасаваць яго вобраз да таго месца, дзе будзе ўстаноўлены манумент ці нават архітэктурны ансамбль.
Лепшым праектам кампетэнтнае журы палічыла праект творчага калектыву ў складзе скульптара Мікалая Байрачнага і архітэктараў Валерыя Мусіенкі Алены Дземіда. У ліпені праект зацверджанны Рэспубліканскім мастацка-экспертным саветам па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Міністэрстве культуры РБ. Як зазначалася, гэта адзіны помнік, дзе Прэзідэнт Францыі паўстане ў вобразе маладога капітана.
Ідэя ўвекавечыць імя славутага французскага генерала і прэзідэнта Францыі ўзнікла невыпадкова. Як аказалася, у лёсе Шарля дэ Голя ёсць і беларускі след. Знойдзены дакументы, якія сведчаць аб тым, што будучы французкі прэзідэнт падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне.
Аб гэтым факце стала вядома з пісьма аднаго з французкіх афіцэраў, які таксама знаходзіўся сярод палонных. У адным са сваіх лістоў на радзіму ён зазначае, што іх, 37 французскіх афіцэраў, прывезлі ў Шчучын паміж Гродна і Лідай і ўтрымлівалі на другім паверсе двухпавярховага цаглянага будынка.
Праўда, нейкі час меўся на ўвазе польскі Шчучын, але больш падрабязныя дэталі прывялі даследчыкаў у Беларусь. Было, напрыклад, вядома, што ў будынку знаходзіцца вытворчасць драўніны, а на той момант тут якраз працавала піларама князёў Друцкіх-Любецкіх. Указвалася таксама на тое, што ў будынку 13 вокнаў. І гэта таксама не цяжка было праверыць, бо гэты будынак захаваўся, і зараз тут знаходзіцца адзін з цэхаў завода «Аўтапровад». Вокнаў там сапраўды 13.
Французская дыпламатычная дэлегацыя не аднойчы наведвала Шчучын з мэтай увекавечыць памяць свойго знакамітага суайчынніка. Днямі адбылося падпісанне дакументаў, неабходных на вырабу помніка.
Да канца жніўня мастакам трэба будзе выканаць скульптуру ў поўную велічыню з мяккага матэрыялу. А пасля помнік будзе адліты з бронзы. Работы плануецца завяршыць у кастрычніку. Шчучынскія будаўнікі падрыхтуюць пастамент з каменяў і бетону.
У музеі гісторыі Шчучынскага раёна ёсць экспазіцыя з матэрыяламі аб капітане французскай арміі Шарле дэ Голе, нядаўна яна папоўнілася копіямі ўнікальных фотаздымкаў з прыватнай калекцыі менавіта аб шчучынскім перыядзе будучага генерала. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што новы праект стане яшчэ адным цікавым фактам для прыцягвання сюды турыстаў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/shchuchyn
[5] https://zviazda.by/be/tags/m-pomnik
[6] https://zviazda.by/be/tags/sharl-de-gol