Каму не знаёмы такі дэфект маўлення, калі не атрымліваецца вымавіць літару «р»? Дзеці ў школе дражняць, незнаёмыя перапытваюць словы, бо не разумеюць... Ці можна навучыцца правільна прамаўляць гэтую злашчасную літару? Сваімі парадамі з чытачамі «Краіны здароўя» падзялілася фельчар-валеолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ірына Брытвіч.
«Трыццаць гадоў таму, калі гадавала сына, мне на вочы трапіўся артыкул у газеце, дзе даваў рэкамендацыі лагапед. Мне дапамагло — сын вельмі хутка навучыўся вымаўляць літару «р». Можа, і вам будуць карысныя гэтыя простыя парады.
Чаму літара «р» можа так доўга не паддавацца? Усё вельмі проста: язычная мышца «лянівая», і тады гэтая літара вымаўляецца горлам. Каб гэта выправіць, мышцу трэба трэніраваць. Як? Трэба падняць язык уверх і імітаваць ім барабанны дробат: «д-д-д-д-д», а ў гэты час пластмасавай закругленай на канцы палачкай (альбо дзіцячай соскай, шчыльна запоўненай ватай) рабіць пад кончыкам языка маятнікападобныя рухі. Тады замест «д-д-д-д-д» атрымаецца «др-р-р-р». Трэніравацца такім чынам трэба рупліва і старанна, многа разоў у дзень на працягу некалькіх месяцаў.
Калі дзіця не вымаўляе гэтую літару, з выпраўленнем дэфекту нельга зацягваць. Многія бацькі лічаць, што малога не трэба мучыць, з часам маўленне само выправіцца. Аднак калі да чатырох гадоў гэтага не адбылося, трэба пачаць практыкаванні.
Паспрабуйце — і ў вас атрымаецца. Галоўнае — не ленавацца. Няхай вашы дзеткі будуць шчаслівыя і здаровыя і прыгожа вымаўляюць літару «р».
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/defekt-maulennya
[4] https://zviazda.by/be/tags/lagaped
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/iryna-brytvich
[7] https://zviazda.by/be/tags/3-ya-garadskaya-dzicyachaya-klinichnaya-paliklinika-minska