Аказваецца, менавіта ў Гродне ўпершыню пачалі брукаваць вуліцы, тут з'явіўся першы ў Беларусі водаправод і знаходзіцца самы старажытны гадзіннікавы механізм у Еўропе. Супрацоўнік аддзела краязнаўства, атэставаны экскурсавод, падчас вандроўкі знаёміць гродзенцаў з цікавымі фактамі з гісторыі абласнога цэнтра. Усе аглядныя лекцыі аб'яднаныя агульнай назвай — «Падарожжа па горадзе». Карэспандэнт «Звязды» таксама далучылася да групы і даведалася аб незвычайным мінулым сучасных вуліц і тых знакамітых асобах, якія пакінулі тут свой след.
Мы пачынаем наш рух з вуліцы Карбышава. Адпраўны пункт — будынак абласной бібліятэкі. Дарэчы, адзін з маршрутаў распрацаваны і па самой установе. Будынак належаў польскаму банку і быў першым шматпавярховікам горада ў 30-я гады мінулага стагоддзя. З тых часоў тут захаваліся шыкоўныя лямпы і сейфавыя дзверы.
Супрацоўнік бібліятэкі Іна Міцкевіч пачынае аповед пра вуліцу, якая сёння носіць імя славутага генерал-лейтэнанта і ваеннага інжынера-фартыфікатара Дзмітрыя Карбышава. Вайна застала яго ў Гродне, ён прыязджаў сюды інспектаваць будаўніцтва 68-га ўмацаванага гродзенскага раёна — так званай лініі Молатава. Пры спробе выйсці з акружэння быў цяжка кантужаны ў баі і ў непрытомным стане захоплены ў палон.
Немцы імкнуліся перацягнуць яго на свой бок, ад адміністрацыі лагераў ён атрымліваў прапановы супрацоўнічаць, яго імкнуліся ачарніць, але ён быў нязломны, загінуў зімой 1945 года падчас катавання халоднай вадой на марозе. Дзмітрыя Карбышава называюць «ледзяным генералам», яго імем вуліцу назвалі ў сярэдзіне 1960-х гадоў.
Назва вуліцы часта мянялася з-за змены ўлады. Падчас Першай сусветнай вайны горад амаль пяць гадоў знаходзіўся пад уладай кайзераўскай Германіі, тады яна была Hohensteіner Str., пасля Другой сусветнай вайны — вуліца Камінтэрна. А яшчэ раней, у ХІХ стагоддзі, называлася Падвальнай, таму што знаходзілася пад валамі — фартыфікацыйнымі збудаваннямі. Тады гэта быў ускрай горада, цяпер — гістарычны цэнтр.
Такая вуліца знаходзіцца непадалёк і сёння носіць імя нямецкага камуніста 30-х гадоў мінулага стагоддзя Эрнста Тэльмана. Але раней у яе таксама было некалькі назваў. Напрыклад, з 20-х гадоў мінулага стагоддзя насіла імя прэзідэнта ЗША Герберта Гувера. З гэтым звязана пэўная гісторыя. Вось што расказала Іна Міцкевіч:
— Калі тут у 1920-я гады быў голад, польскія дзеці напісалі ліст ў гуманітарную арганізацыю ЗША, дзе ў той час працаваў будучы прэзідэнт. Гувер адказаў, і ў краіну, і ў наш горад была выслана дапамога. Удзячныя гродзенцы вырашылі назваць яго імем вуліцу, якая да гэтага, між іншым, мела дрэнную славу.
Чым не падабалася гараджанам Іванаўская? Назву гэтую яна атрымала ў канцы ХІХ стагоддзя падчас уваходжання ў склад Расійскай імперыі і сярод гродзенцаў яшчэ называлася «вуліцай чырвоных ліхтароў». Тады ў горадзе было шмат ваенных, якія ўзводзілі ўмацаванні Гродзенскай крэпасці. На перыяд будаўніцтва колькасць ваенных будаўнікоў была нават большая, чым жыхароў горада, у сувязі з чым пачала расці колькасць дамоў распусты. Нумары здаваліся і ў гасцініцы «Раяль», якая знаходзілася побач. Будынак, дарэчы, захаваўся, у савецкія часы тут быў рэстаран, а нядаўна аб'ект выкупіў прыватны інвестар і вядзе там капітальны рамонт. Вуліца Тэльмана вядомая сёння тым, што тут знаходзіцца шмат праваахоўных устаноў.
Праз колькі метраў выходзім на цэнтральную вуліцу горада — Савецкую. Гэта, што называецца, мясцовы Арбат, бо яна толькі для пешаходаў. Яшчэ яе можна назваць тутэйшым Брадвеем з-за вулічных музыкаў. Ва ўтульных дворыках часта праходзяць танцавальныя імпрэзы.
Першапачаткова вуліца была брукаваная. Ад Іны Міцкевіч даведваемся, што менавіта Гродна пачаў першы ў Беларусі брукаваць вуліцы. Гэта адбылося яшчэ ў XVІ стагоддзі па загадзе каралевы Боны Сфорцы, жонкі караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда, якая часта тут бывала. Напрыклад, у Мінску брук сталі класці толькі ў канцы ХІХ стагоддзя. Праўда, сёння на Савецкай ў Гродне ляжыць плітка вырабу 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і рабілася яна тут, на заводзе каля Нёмана. Плітка клалася па дыяганалі, каб швы не разбівалі коламі.
Адметнасць гэтага месца — балконы, якія захаваліся на старых будынках. Раней іх было значна больш. Аказалася, што многія знікалі пры рэканструкцыі. Некаторыя потым знаходзілі на сучасных катэджах. Кошт такога балкона — ад некалькіх тысяч долараў. На адным з падобных старых балконаў кожны аўторак увечары праходзіць невялікі канцэрт артыстаў абласной філармоніі.
У цэнтры вуліцы — звычайная на від цырульня. Яна вядомая тым, што тут пастаянным кліентам быў Васіль Быкаў, які жыў у Гродне амаль 30 гадоў. Праўда, цяпер цырульня зачыненая. А нядаўна ў дворыку вуліцы Савецкай з'явілася пано, дзе вядомы пісьменнік стаіць у гарадскім асяроддзі з кнігай у руках.
Бадай што, адзіны на ўсю вуліцу помнік прысвечаны маршалу Васілю Сакалоўскаму, Герою Савецкага Саюза, ураджэнцу Гродзеншчыны. Гэта знакавая мясціна часта з'яўляецца арыенцірам для сустрэч, а да вайны тут стаяў помнік Сталіну ў горадзе, дарэчы, іх было восем помнікаў. Пасля 1950-х гадоў іх ліквідавалі. Як казаў адзін пажылы гродзенец, раней для гэтага не было спецыяльнай тэхнікі, таму, помнік Сталіну, што стаяў на Савецкай, магчыма, проста закапалі побач. Факт не пацверджаны, але ніхто і не правяраў.
У канцы вуліцы, якраз перад плошчай Савецкай, не так даўно ўстаноўлены помнік святому Губерту — ахоўніку горада. Цікава, што на гербе горада Гродна — выява не самога святога, а аленя з крыжом паміж рагамі, які сустрэўся Губерту на паляванні.
Як прадстаўнік бібліятэчнай справы Іна Міцкевіч не можа не спыніцца каля былога дамініканскага манастыра — самага доўгага будынка на вуліцы Савецкай. Праўда, цяпер аб манастырскім укладзе тут нічога не нагадвае, але гісторыя кажа аб тым, што ордэн дамініканцаў займаўся ў горадзе адукацыйнай дзейнасцю. Гэта была элітная ўстанова з вельмі багатай бібліятэкай, лабараторыяй, абсерваторыяй. Напэўна, тут і знаходзілася памяшканне для грамадскай бібліятэкі, бо першым яе бібліятэкарам быў манах-дамініканец, выкладчык дамініканскай гімназіі і павятовага вучылішча, прарэктар мужчынскай гімназіі Кандыд Зялёнка. Публічная бібліятэка была першая не толькі ў горадзе, але і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Увогуле, гістарычны цэнтр вельмі добра захаваўся. Гродна — самы насычаны горад у Беларусі па колькасці помнікаў культуры і архітэктуры, а трыста гектараў старога цэнтра маюць міжнародны ахоўны статус.
Малюнак вуліц застаўся яшчэ з XV-XVІ стагоддзяў, таму ў цэнтры ў асноўным аднабаковы рух і як вынік — аўтамабільныя заторы. Гэта даніна таму, што сучасныя аўто ездзяць па сярэднявечным горадзе.
Практычна на кожным будынку пасведчанне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Хоць многія збудаванні пасля рэканструкцыі займелі сучасны выгляд, але сцены ці скляпы там могуць быць старажытныя.
Як толькі мы выйшлі на плошчу Савецкую, пачулі бой гадзінніка. Некалі ён быў на гарадской ратушы, а цяпер устаноўлены на Фарным касцёле. Наколькі гадзіннік старажытны, сведчыць дакумент 1540 года, дзе даецца загад на яго рамонт.
— Атрымліваецца, што ўжо тады ён не толькі працаваў, але і зламаўся, — распавядае наш гід. — Вось такі ўзрост механізма — самага старога ў Еўропе. Цяпер ён адлічвае час на вежы Кафедральнага сабора святога Францыска Ксаверыя. Праўда, тут новы цыферблат. Яго зрабілі ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Тады ж сталі спрабаваць завесці гадзіннік, які прастаяў амаль цэлае стагоддзе. І гэта атрымалася. Таму механізм не мянялі. За работай яго назірае захавальнік (такая пасада значыцца ў працоўнай кніжцы), які два разы на дзень падымаецца па 130 прыступках, каб выконваць сваю работу.
З'яўленне храма звязанае з прыходам у горад іезуітаў, якіх запрасіў Стафан Баторый, кароль Рэчы Паспалітай. Так ён укладваў інвестыцыі, кажучы па-сучаснаму, у адукацыю. Быў пабудаваны калегіум, дзе змаглі вучыцца бясплатна прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. Касцёл мае тытул малой базілікі, у Беларусі толькі тры такія храмы (у Расіі — адзін), якія ніколі не зачыняліся і маюць найбольшую колькасць паломнікаў. На яго асвячэнні ў 1705 годзе прысутнічалі кароль Аўгуст ІІ і расійскі цар Петр І.
Дарэчы, тут жа на плошчы ёсць і сучасны гадзіннік, праўда, сонечны. Ён знаходзіцца на месцы старажытнага рыначнага калодзежа.
Збочваем на вуліцу Замкавую. Яна прымыкае да Савецкай плошчы і вядзе да вытокаў Гродна — Замкавай гары, адкуль і пачаўся горад. Месца вельмі зручнае, на беразе Нёмана, схіл якога быў заслонай ад ворагаў. Тут князь Усеваладка ў ХІІ стагоддзі і пачаў будаваць абарончы замак. У гэтым жа стагоддзі была ўзведзена Каложская царква, якая захавалася да нашых дзён, а вось замкі разбураліся і зноў будаваліся.
У Старым замку цяпер вядзецца маштабная рэканструкцыя, ён цалкам адновіцца і прыме выгляд прыгожага палаца часоў Стафана Баторыя. Менавіта ён зрабіў тут сваю рэзідэнцыю ў ХVІ стагоддзі, тут сустрэў свой апошні дзень. Ён хацеў быць пахаваным у Гродне, і некаторы час яго цела захоўвалася ў Фары Вітаўта, але потым труну вывезлі ў польскі Кракаў, дзе знаходзіцца пахавальня каралёў і знакамітых асоб. Але дагэтуль ходзіць паданне, што сэрца Стафана Баторыя засталося тут, у яго любімым Гродне.
Насупраць Старога замка знаходзіцца Новы. Знешне ён не такі велічны, але цікавы сваёй гісторыяй.
Менавіта тут прайшоў знакаміты Маўклівы сейм 1793 года, які завяршыў Другі падзел Рэчы Паспалітай, калі значная тэрыторыя адышла Расійскай імперыі і Прусіі.
Шпацыр атрымаўся цікавы і пазнавальны. Гродзенцы Жанна і Сяргей прыйшлі ўпершыню, але плануюць здзейсніць вандроўку па яўрэйскім горадзе, маршрут распрацоўваецца ў аддзеле краязнаўства. Іх мэта — даведацца больш пра тыя вуліцы, якімі яны карыстаюцца, удакладніць некаторыя факты.
Прыцягнуў увагу турыст з веласіпедам. Аказалася, Уладзімір Грынёў прыехаў ажно з Новасібірска, каб пабываць разам з сынам на радзіме сваёй маці-беларускі. Яны наведалі Палессе, бліжэй пазнаёміліся СА сваякамі, якіх бачылі толькі віртуальна. У канцы падарожжа падвярнуўся шанц зрабіць экскурсію па Гродне.
— Уражанне ад Беларусі вельмі пазітыўнае. Я рады, што напалову беларус. Гродна, асабліва ў цэнтры, адрозніваецца ад іншых гарадоў, мае свой шарм, — прызнаўся
Уладзімір.
Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/bona-sforca
[5] https://zviazda.by/be/tags/ina-mickevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha-pa-goradze
[7] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[8] https://zviazda.by/be/tags/publichnaya-bibliyateka