З пачатку лета на гарачую лінію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі паступіла звыш 100 зваротаў аб парушэнні тэмпературнага рэжыму на працоўных месцах. Кожнае з іх бярэцца на кантроль, паведамілі БелТА ў ФПБ.
Адна са скаргаў паступіла з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Працаўніца цэха № 3 распавяла, што ў яе падраздзяленні звыш 30 градусаў, з пітных фантанчыкаў ідзе гарачая вада, а аўтаматы з астуджанай зламаныя.
«Пры наведванні прадпрыемства мы зафіксавалі, што тэмпература ў вытворчых памяшканнях сапраўды перавышае дапушчальныя параметры: на слупку тэрмометра было 31-32 градусы, — адзначыў галоўны тэхінспектар працы ФПБ Павел Манько. — Пасля маніторынгу на заводзе з'явілася распараджэнне, якое вызначыла дадатковыя меры, у тым ліку па прадухіленні пагаршэння здароўя людзей. Таксама на прадпрыемства завезлі бутыляваную ваду і адрамантавалі аўтаматы з астуджанай вадой».
Падобныя сітуацыі зафіксаваныя і ў некаторых іншых арганізацыях. На працягу месяца тэхінспекцыя ФПБ выязджала па зваротах, якія паступілі, каб праверыць выкананне тэмпературнага рэжыму. У кожным выпадку выкананне ўсіх выдадзеных рэкамендацый кантралюецца прафсаюзамі.
Павел Манько растлумачыў: пры тэмпературы паветра на працоўных месцах, вышэйшай за дапушчальныя велічыні — ад 26 да 28 градусаў, — у залежнасці ад работ, якія выконваюцца, мікракліматычныя ўмовы павінны разглядацца як шкодныя і небяспечныя. Такім чынам, наймальнік абавязаны прадугледзець меры абароны людзей. Гаворка ідзе пра дадатковыя перапынкі, кандыцыянаванне паветра, паветранае апырскванне, прымяненне спецыяльных сродкаў індывідуальнай аховы, доступ у памяшканні для адпачынку і душавыя пры іх наяўнасці, змяншэнне працоўнага часу з улікам шкодных умоў. «Мы звяртаем увагу ўсіх наймальнікаў на тое, што на прадпрыемствах працуюць жывыя людзі. І жартаваць з іх здароўем і пытаннямі аховы працы прафсаюзы не дазволяць. Мы спрацуем аператыўна», — падкрэсліў ён.
У ФПБ дадалі, што пры наяўнасці на працоўным месцы праблем з захаваннем нормаў тэхнікі бяспекі і парушэнні тэмпературнага рэжыму варта паведамляць на гарачую лінію ФПБ па нумарах (+37517) 203-90-48 і (+37517) 356-89-37. Аналагічныя гарачыя лініі адкрыты ва ўсіх галіновых, абласных і Мінскім гарадскім аб'яднанні прафсаюзаў. Тэхнічная інспекцыя працы адразу выедзе на месца, зафіксуе парушэнне і прымусіць наймальніка прыняць неабходныя меры і паклапаціцца пра здароўе работнікаў.
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/fpb
[3] https://zviazda.by/be/tags/pavel-manko
[4] https://zviazda.by/be/tags/garachaya-liniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/federacyya-prafsayuzau-belarusi-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/parushenne-temperaturnaga-rezhymu