У Выдавецкім доме «Звязда» прайшла сустрэча з дарадцам Пасольства Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматулой НАЗАРАВЫМ.
Размова ішла пра двухбаковыя беларуска-узбекскія сувязі, пра тое, як народам нашых краін — Беларусі і Узбекістана данесці як мага болей інфармацыі пра сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя прыярытэты развіцця нашых дзяржаў. Спадар Рахматула Назараў заўважыў, што літаральна ў разы павялічваецца з сёлетняга верасня колькасць узбекскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ. Глеба пад такі ўсплёск зацікаўлення нашай сістэмай адукацыі рыхтавалася не адзін год. Паступова змены назіраліся на працягу апошніх двух-трох гадоў. Было праведзена нямала перамоў на гэтую тэму. «І калі яшчэ мы шырэй будзем інфармаваць ва Узбекістане пра Беларусь, жыццё ў вашай краіне, то, несумненна, зацікаўленні стануць яшчэ болей істотнымі», заўважыў Рахматула Джурабаевіч.
Традыцыйна ў апошнія гады пачалі складвацца добрыя адносіны паміж навукоўцамі, творчай інтэлігенцыяй Беларусі і Узбекістана. Па запрашэнню Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі Мінск, Слонім, іншыя мясціны нашай краіны наведалі ўзбекскія пісьменнікі Рысалат Хайдарава, Сіражыддзін Сайід, Ахмаджон Мелібаеў і іншыя літаратары. У беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях былі надрукаваны новыя пераклады твораў узбекскіх паэтаў на беларускую мову. Не так даўно пабачыла свет беларуская кніга Алішэра Наваі — класіка ўзбекскай літаратуры, аднаго з найболей яркіх прадстаўнікоў прыгожага пісьменства Усходу. Спадар Рахматула Назараў зазначыў, што гэтыя традыцыі будуць прадоўжаны. Дыпламат выклаў просьбу прадставіць сучасную паэзію Узбекістана ў пераўвасабленні на беларускую мову асобнай старонкай у газеце «Літаратура і мастацтва».
Таксама былі абмеркаваны пытанні аб тым, як данесці найболей аператыўна навіны з Беларусі ва Узбекістан, да ўзбекскага чытача.
Раман СЭРВАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/raman-servach
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/uzbekistan
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/rahmatula-nazarau
[7] https://zviazda.by/be/tags/sirazhyddzin-sayid
[8] https://zviazda.by/be/tags/rysalat-haydarava
[9] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2