Спатрэбіцца: кабачкі невялікія — 2 шт., тварог — 300 г, сыр цвёрды — 150 г, часнок — зубчык, пятрушка — пучок, соль і перац — на смак, алей.
Кабачкі добра памыць, разрэзаць уздоўж напалам. З дапамогай чайнай лыжкі выскрабці насенне.
Часнок здрабніць. Пятрушку дробна пасекчы. Сыр надзерці на бурачнай тарцы. Тварог расцерці відэльцам або здрабніць у блэндары. Змяшаць палову сыру, тварог, часнок і пятрушку. Пасаліць і паперчыць. Напоўніць кабачкі начынкай.
Змясціць на змазаную алеем бляху, прысыпаць зверху сырам, які застаўся, і запякаць у разагрэтай да 180 °C духоўцы 30-40 хвілін.
Спатрэбіцца. Для цеста: мука — 1,5 шклянкі, цукар — 1,5 шклянкі, разрыхляльнік — 1,5 ч. л., сметанковае масла — 100 г, яйка — 1 шт., ванілін — 1 г.
Для начынкі: чарніцы — 4 шклянкі, густая смятана — 2 шклянкі, цукар — 0,5 шклянкі, яечныя жаўткі — 2 шт., ванілін — 1 г.
Для цеста ў місцы змяшайце муку, цукар, ванілін і разрыхляльнік. Дадайце масла, размешваючы рукамі да таго часу, пакуль сумесь не стане нагадваць буйныя крошкі. Дадайце яйка, хутка змяшайце. Выкладзіце цеста ў форму, размяркоўваючы па дне і зрабіўшы борцікі вышынёй у 2-3 см. Зверху высыпце чарніцы.
У іншай ёмістасці для начынкі калатоўкай узбіце смятану, цукар, яечныя жаўткі і ванілін да аднастайнай масы. Выліце на чарніцы.
Выпякайце 30—40 хвілін у папярэдне разагрэтай да
190 °С духоўцы, пакуль верх злёгку не падрумяніцца. Дайце астыць, а затым даставайце з формы.
Квас — адзін з найлепшых танізавальных напояў, які паляпшае абмен рэчываў, умацоўвае імунітэт, узбагачае арганізм вітамінамі і мінераламі. Малінавы квас атрымліваецца прыгожага колеру, з насычаным смакам.
Спатрэбіцца: вада — 1,5 л, дрожджы сухія — 4 г, маліна свежая — 200 г, цукар — 100 г.
Пакласці падрыхтаваную маліну ў рондаль з вадой. Давесці да кіпення. Дадаць цукар. Змяшаць. Зняць з агню і пакінуць для настойвання пад накрыўкай на тры гадзіны.Пасля настойвання працадзіць адвар. Маліна за гэты час аддасць адвару ўсе карысныя рэчывы. Дадаць у адвар сухія дрожджы (тэмпература вадкасці не павінна перавышаць 38 °C).
Пакінуць для закісання ў цёплым месцы пад вечкам на 7-8 гадзін. За гэты час з'явіцца пенка.
Разліць квас у бутэлькі і адправіць у халадзільнік на 2-3 дні для даспявання. Калі магчыма, то лепш пакласці бутэлькі з квасам гарызантальна.
Падаваць квас халодным.
Накаленнікі можна пашыць у хатніх умовах так якасна, што яны атрымаюцца нічым не горшыя за тыя, якія прадаюцца ў крамах.
Спатрэбіцца: шчыльная тканіна, якая ў той жа час добра цягнецца, штучная скура, фліс, гумка шырынёй не менш за 25 міліметраў.
Неабходна зняць тры меркі: абхват нагі вышэй і ніжэй калена і вышыню накаленніка. Дакладнасць зняцця мерак важная, для таго каб вырабы шчыльна сядзелі, не спадалі і не сціскалі каленны сустаў пры згінанні. Па гэтых мерках робіцца форма на 5 сантыметраў больш, чым вышыня накаленніка. Гэта неабходна для падшыўкі гумкі шырынёй 2,5 см зверху і знізу.
Для трываласці накаленніка выразаюцца скураныя дэталі памерам прыкладна 12 на 9 см. У форме скураных дэталяў можна праявіць творчасць: яны могуць быць круглыя, квадратныя, трохвугольныя або ў форме сэрцайкаў, функцыянальнасць ад гэтага не пацерпіць.
Спачатку падгінаем ніз на шырыню гумкі, яна ўкладваецца за падгіб і прашываецца трыкатажным швом, затым з добрага боку прышываюцца па перыметры латкі з флісу і скуры, аналагічным чынам мацуецца верхняя гумка, а затым робіцца вертыкальнае шво. Для гэтага тканіна злучаецца нахлёстам або з дапамогай унутранага шва.
Можна замест тканіны выкарыстаць падыходзячага памеру часткі якіх-небудзь непатрэбных трыкатажных вырабаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/hatnyaya-encyklapedyya