Марыя Белуш — усмешлівая і прывабная дзяўчына са спакойным голасам і адкрытым тварам. Калі яна ў цывільным і на абцасах, нізашто не здагадаешся, што перад вамі шматдзетная мама, першая ў Беларусі чэмпіёнка свету па Муай Тай сярод жанчын і кваліфікаваны спецыяліст Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, які прымячае драбнюткія дэталі. Як удаецца спалучаць працу матулі, мужчынскую работу і жорсткі спорт, яна падзялілася з карэспандэнтам «Звязды».
У 22 Марыя выйшла замуж і за сем наступных гадоў паспела нарадзіць траіх дзяцей. Муж Уладзімір, якому тады было 27, хацеў не менш за трох дзетак, пра што адразу і папярэдзіў, спытаў, ці гатовая яна да такога.
— Я адказала, што, напэўна, так. Думала, спыніцца пасля першага, аднак не, — смяецца Марыя Белуш. — Эдзік нарадзіўся, калі я яшчэ працавала супрацоўнікам патрульна-паставой службы міліцыі. З дэкрэта выйшла ўжо на працу экспертам-крыміналістам, а калі з’явіўся камітэт судовых экспертыз — стала судовым экспертам. Пасля другога дзіцяці (дачкі Леры) я выходзіла на працу на тыдзень літаральна і — зноў у дэкрэт, з Настассяй.
На свайго мужа жанчына з мужчынскай прафесіяй не можа нарадавацца:
— Ён у мяне самы лепшы. Дзе трэба — мяне прытарможвае ці, наадварот, падштурхоўвае. Гэта адзіны мужчына, які здолеў утаймаваць мой нораў. Я бязмерна паважаю яго як чалавека, кахаю як мужа і люблю як бацьку нашых дзяцей.
Сын і дочкі заўжды ў жыцці Марыі: і ў прафесійным, і ў спартыўным, таму, пэўна, яны такія сацыяльна адаптаваныя і самастойныя, упэўнена мама:
— Дзеці павінны вучыцца жыць самастойна з дзяцінства. Вядома, калі ў іх узнікаюць нейкія цяжкасці, напрыклад з аднагодкамі, мы разбіраем такія сітуацыі, аднак я стараюся не ўмешвацца ў працэс, каб яны самі знаходзілі рашэнне. Аднак я лепш патрачу час, каб навучыць іх рабіць самастойна, чым пасля буду ўсё цягнуць на сабе.
Матуля даволі часта прыходзіць дадому позна, таму ўсе паспяваюць адзін па адным засумаваць. Марыя кажа, што да яе вяртання ў хаце ўжо ўсё зроблена, а дзеці чакаюць, што час мамы будзе толькі для іх, а не на хатнія клопаты.
— Малодшая, 6-гадовая Настасся, самая самастойная і адказная, ёй можна даручыць усё. Пакуль я на сваёй трэніроўцы, яна танцамі займаецца ў суседнім пад’ездзе: сама апранецца на заняткі і збярэ рэчы пасля, прыйдзе і яшчэ мяне чакае. Такая ж упартая і мэтанакіраваная, як і я, і займаецца ў мяне тайскім боксам.
Старэйшы з дзяцей, Эдзік, у свае 13 гадоў вельмі смачна гатуе, як, дарэчы, і тата. І заўжды стараецца парадаваць маму сняданкамі. Ён займаецца самба. 9-гадовая Лера захапляецца танцамі і ўжо мае прызавыя месцы. Яна — сапраўдная дзяўчынка, упэўнена мама і проста зачароўваецца літаратурнай мовай сваёй сярэдненькай.
— Калі Бог дасць яшчэ дзіця, то не адмовімся, аднак мэтанакіравана не плануем. Але ж калі будзе чацвёртае, то, упэўнена, і пятае будзе. Каб яшчэ раз сустрэцца з кіраўніком дзяржавы і ордэн Маці атрымаць з яго рук, — смяецца Марыя.
Сваю першую ўзнагароду медаль і званне заслужанага майстра спорту Марыя, дарэчы, атрымала сёлета, 30 сакавіка. А ўпершыню ў секцыю тайскага боксу дзяўчына прыйшла 13 верасня 1999 года і засталася ў ім больш як на 20 гадоў. Да гэтага яна займалася воднымі лыжамі, цяжкай атлетыкай, каратэ, танцамі, хадзіла нават у цыркавую студыю. Аднак нідзе не знаходзіла блізкай сабе энергетыкі і кантакту, пакуль не сустрэла свайго першага трэнера Пятра Пятровіча, пра якога ёй расказаў аднакласнік Мікіта.
— Ён у той год пачаў займацца тайскім боксам і ўсё расказваў мне, як гэта крута, і што яны там рабілі, і які там класны трэнер. 13 верасня я не вытрывала і сказала: «Сёння ідзём разам», — расказвае, як трапіла ў свой спорт Марыя. — Я была ў секцыі адзіная дзяўчынка. Першы раз прыйшла з грашыма, каб запісацца, а трэнер паглядзеў на мяне і кажа:
«Ты паспрабуй, табе не спадабаецца, не траць грошы». А я засталася, і трэнер стаў для мяне другім бацькам. Я яго дагэтуль на ўсіх спаборніцтвах упісваю ў спецыяльную картку першым трэнерам, а цяперашняга — другім. Не прайшло і года, як паехала на чэмпіянат свету па кікбоксінгу ў Алушту, дзе ўзяла «срэбра». Тады я і задумалася займацца ўсур’ёз гэтай справай і далей. Цяпер я той фінальны бой з украінкай пераглядаю і думаю, што там можна было паспрачацца і за першынство.
У 2004-м на чэмпіянаце свету ў Чыангмаі (Тайланд) яна заняла трэцяе месца. Стоячы на п’едэстале, Марыя вырашыла, што больш не будзе на гэтай прыступцы, чаго б ёй гэта ні каштавала. І ўжо на наступны год яна выйграла чэмпіянат свету. Яшчэ праз год саступіла сваю вагавую катэгорыю дзяўчыне з каманды і пайшла ў большую вагавую катэгорыю, дзе ўсё адно перамагла. Потым правяла адзін бой за званне чэмпіёнкі свету сярод прафесіяналаў і... зацяжарыла на піку спартыўнай кар’еры.
— Я была такая шчаслівая, — свеціцца ад прыемных успамінаў мая суразмоўніца. — А праз год ужо вярнулася да трэніровак. Эдзік спаў, а я займалася. Цяпер на ўласныя трэніроўкі не так шмат часу. А яшчэ было цяжка аднаўляцца пасля трэціх родаў: я тады набрала шмат вагі. А чэмпіянат свету праходзіў якраз у Мінску, і мне прыйшлося за 1,5 месяца сагнаць больш як 20 кілаграмаў. Гэта была перамога над сабой, я нават не ведала, што так магу. Але ж самае крыўднае было, што, нягледзячы на ўсе мае высілкі, мяне ў фінале засудзілі. Я так раззлавалася, што парвала свой спартыўны пашпарт, раздала ўсю экіпіроўку і думала, што больш не вярнуся ў спорт. Мой цяперашні трэнер вярнуў мяне хітрыкамі. Ён пазваніў і сказаў: «Я прывёз табе ружовыя пальчаткі, забяры, гэта цябе не абавязвае ні да чога». Вядома, я вярнулася.
Сёлета чэмпіёнка ўжо выйграла два рэспубліканскія спаборніцтвы па тайскім боксе і па кікбоксінгу за права ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў снежні. Марыя з сумам кажа, што гэта будуць, пэўна, ужо апошнія яе прафесійныя спаборніцтвы, хаця выступаць яна можа да 40, а пакуль ёй толькі 35. Па-першае, вельмі цяжка арганізоўваць падрыхтоўку да чэмпіянатаў, стамляешся маральна і не паспяваеш аднаўляць энергію. Трэніроўкі падчас працоўнага водпуску — гэта ж не адпачынак. Па-другое, больш складанай становіцца і канкурэнцыя.
Спартсменка ўжо і цяпер, дарэчы, трэніруе дзяўчынак. Прычым адна з яе падапечных таксама прайшла адбор на чэмпіянат свету ў Тайландзе, і яны паедуць выступаць разам.
Марыя вельмі спадзяецца, што яны вернуцца з двума залатымі медалямі і для яе гэта стане прыгожым сыходам са спорту.
Кожны раз падрыхтоўка да чэмпіянату свету — гэта поўная канцэнтрацыя. Марыя на месяц з’язджае на зборы ў Стайкі і ў гэты час бачыць родных толькі па выхадных.
Аднак яна вельмі любіць свой від спорту і кажа, што насамрэч ён вельмі інтэлектуальны і мае свае традыцыі. Перад боем спартсмены выконваюць на рынгу танец байца. Для гэтага яны надзяваюць манконг — спецыяльную павязку на галаву — і праджат — павязкі на рукі.
Спартсмены ведаюць, лічы, усе прыёмы, таму важна сарыентавацца ў сітуацыі на рынгу і згуляць на памылцы свайго апанента, гэтаксама, як у шахматах. Толькі тут ты не фігуру збіваеш, а сіняк атрымліваеш. Аднак пасля бою мы заўжды абдымаемся, незалежна ад выніку, няма злосці, — сцвярджае спартсменка.
Марыя Белуш скончыла Акадэмію МУС. Трапіць сюды жаночай палове даволі цяжка, таму дзяўчыне, якая нарадзілася ў Наваполацку, прыйшлося пастарацца.
— Сяброўка маёй бабулі — палкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Калі яна прыходзіла да нас у госці, расказвала цікавыя гісторыі, як яна расследавала розныя справы. І я зразумела, што гэта маё, я абавязкова павінна стаць міліцыянерам, — успамінае Марыя. — У мяне абвостранае пачуццё справядлівасці, праз што я і дагэтуль пакутую. Ужо з дзявятага класа я пачала грунтоўна вывучаць прадметы, патрэбныя для экзаменаў у акадэмію.
Да таго ж трэба было атрымаць рэкамендацыі і прайсці ўрачэбна-ваенную камісію ў Віцебску. Заўзятая спартсменка была ўпэўнена, што са здароўем ніякіх праблем не будзе.
Аднак на прыёме ў вышэйшага міліцэйскага начальства свайго рэгіёна, каб атрымаць накіраванне на паступленне, прыйшлося праявіць настойлівасць, каб атрымаць патрэбную паперу.
«І што, што я не выдатніца? Затое я чэмпіёнка свету па тайскім боксе», — заявіла яна ў адказ на заяву, што «толькі дзяўчынкі-выдатніцы могуць спрабаваць паступаць у акадэмію».
Марыя кажа, што на рабоце яе акружаюць людзі, якія энергетычна ёй пасуюць, а яшчэ — праца разнастайная. Яна можа выступаць як экспертам, так і спецыялістам.
— Калі я выязджаю на нейкае здарэнне, я аўтаматычна станаўлюся там спецыялістам, — усміхаецца Марыя. — Я першы чалавек, які ступае на месца злачынства і чыя задача — знайсці следавую інфармацыю, каб аднавіць сапраўдную карціну таго, што адбылося. Людзі хлусяць, каб абяліць сябе, а доказы — не.
Такім чынам спецыялісты дапамагаюць следчаму камітэту ўстанавіць злачынцу па слядах на месцы здарэння. Удзельнічаюць яны таксама ў следчых эксперыментах, падчас якіх фіксуюць на відэа і аўдыя ўсё, што адбываецца.
— Судовы эксперт — чалавек, які праводзіць экспертызу, — працягвае тлумачыць Марыя. — Напрыклад, узялі сляды пальцаў рук. Па-першае, трэба прызнаць іх прыдатнымі для ідэнтыфікацыі. Па-другое, параўнаць іх з узорамі дактыласкапічнай карткі. А калі даследуеш след абутку на пяску, то на месцы яго адбітак залівае спецыяліст, а даследуе на супадзенні — судовы эксперт. Прычым часта гэта можа быць адна і тая ж асоба. Я і спецыяліст, і судовы эксперт.
Доказам можа быць амаль што заўгодна, бо бясследна чалавек не можа існаваць нідзе. Захоўваюцца сляды розны час у залежнасці ад абставін: тэмпературы, вільготнасці паветра... Адбіткі пальцаў могуць і гадамі існаваць, калі рукі былі тлустымі, пералічвае судовы эксперт:
— Аднойчы злачынца дакрануўся да дзвярэй вухам, каб паслухаць, ці ёсць хто дома. Спецыяліст забраў гэты адбітак, і па ім, калі злодзея затрымалі, даказалі вінаватасць у крадзяжах. У пэўнай меры мая работа творчая, бо мне трэба падумаць, як знайсці спосаб устанавіць, напрыклад, што менавіта гэтай пілой спілавалі тое дрэва. І пры гэтым памятаць, што ад вашых высноў залежыць нечы лёс. Памятаю, выехала я на крадзеж веласіпеда з бальніцы, дзе штодня мноства людзей. І знайшла адбітак далоні на дзвярах іншага выхада з тамбура, які праверылі па базе і ўстанавілі асобу злачынца. Так што веласіпед вярнулі.
Бадай, штодня яна скрупулёзна вывучае дзясяткі і сотні дробных кавалачкаў, каб убачыць толькі адну цэлую карцінку. А нядаўна ў справе па наркотыках за тыдзень прыйшлося разгледзець 6000 аб’ектаў.
Ірына СІДАРОК,
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/maryya-belush
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/tayski-boks
[6] https://zviazda.by/be/tags/sudovy-ekspert