Гарачае надвор'е захаваецца ў нашай краіне да канца гэтага тыдня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Яны адзначаюць, што ў першай палове ліпеня на тэрыторыі Беларусі тэмпература паветра была на 3—6 градусаў вышэй за кліматычную норму. Разам з тым паветраная маса, якая паступае ў нашу краіну, няўстойлівая і насычана вільгаццю, а гэта значыць, што не выключаныя лакальныя навальнічныя дажджы.
У суботу месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 17 да 22 цяпла. Удзень — 27—34 градусы.
У нядзелю з Балтыйскага мора перамесціцца атмасферны фронт, і кароткачасовыя дажджы распаўсюдзяцца на большую частку тэрыторыі краіны. Месцамі ў гэты дзень яны будуць суправаджацца навальніцамі, чакаюцца моцныя дажджы (шквалістыя ліўні) і ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с, магчымы град. Уначы ад 17 да 22 цяпла. У дзённыя гадзіны — 26—32 градусаў, па паўднёвым усходзе — да 34 цяпла.
Пачынаючы з першых дзён наступнага тыдня, чакаецца паступовае аслабленне гарачыні да камфортных тэмпературных значэнняў.
У панядзелак уначы на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 15—22 градусы, а ўдзень — 23—30 цяпла. У аўторак і сераду яшчэ на некалькі градусаў пасвяжэе.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/garachae-nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/dazhdzhy
[5] https://zviazda.by/be/tags/navalnicy