Раней студэнты, якія ехалі на вучобу з вёскі, цягнулі ў горад поўныя чамаданы ды сумкі. У іх былі напакаваны слоікі з варэннем, з тушонкай, кавалкі сала, загорнутыя ў паперу… Ноша — як пад- няць! Вярталіся ж звычайна з пустым багажом. Добра яшчэ, калі везлі назад парожнія слоікі. А часцей за ўсё ў заплечніках ды сумках было пуста…
Неяк адзін студэнт-першакурснік ехаў дадому. У Лунінцы, як звычайна, адбывалася перасадка на іншы цягнік, чакаць доўга… Каб не насіць з сабой чамадан, хлопец пакінуў яго ў камеры захоўвання ды пайшоў гуляць па горадзе. Паспеў нават кіно паглядзець...
Вярнуўся на вакзал. Падышоў да ячэйкі, набраў шыфр. Не адчыняецца! Тузаў, тузаў дзверцы — ніяк. Кінуўся шукаць дзяжурнага…
— Што там у цябе ляжыць? — строга пытаецца той, стоячы каля камеры захоўвання.
— Чамадан.
— А ў ім?
— Вожыкі.
— Дзе браў?
— Купіў.
Цішыня. Мужчына пільна паглядзеў на хлопца.
— Навошта з сабой возіш?
— Гляджу іх. Дзядзечка, адчыніце, калі ласка! Я на цягнік спазнюся!
Між тым, дзяжурнаму даліся ў знакі вожыкі. Ён задуменна прамовіў:
— Як яны там?
— Хто? — не зразумеў студэнт.
— Ды вожыкі твае!
— А што ім зробіцца: ляжаць, — паціснуў плячамі хлопец і зноў пачаў прасіцца. — Дзядзечка, адчыніце, дальбог, спазнюся!
— Яны нежывыя? Навошта яны табе? — не мог супакоіцца той.
— Я ж кажу, гляджу іх!
Мужчына на хвіліну задумаўся.
— А што ў цябе яшчэ ў чамадане? — ужо з яўным падазрэннем спытаў ён. — Кажы праўду!
— Кракадзілы.
— Хто? — аслупянеў дзяжурны. — Я зараз міліцыянера паклічу! Што гэта робіцца!..
Мужчына дрыжачымі рукамі адчыніў ячэйку і загадаў:
— Адкрывай чамадан! Паказвай! І вожыкаў, і кракадзілаў… У цябе там, можа, і змеі якія сядзяць ці іншая трасца? — і адышоўся на два метры. — Адкрывай, кажу!
Студэнт нарэшце зразумеў, чаму так расхваляваўся дзяжурны, і зарагатаў. Той яшчэ больш насцярожыўся.
Але дарма...
— Ну ты і жартаўнік! Напужаў мяне моцна, — круціў ён потым галавою ды пасміхаўся ў вусы. — Вожыкі, кракадзілы… Чаму не сказаў адразу пра часопісы? Я ж іх таксама чытаю, цікавыя…
— Ды не падумаў неяк… Хваляваўся, што на цягнік спазняюся, — апраўдваўся хлопец. — А вы яшчэ міліцыяй прыгразілі…
Ён працягнуў дзяжурнаму некалькі нумароў:
— Чытайце, калі ласка!
— Дзякуй, не адмоўлюся, — заўсміхаўся мужчына. — Можа, таксама жартаўніком стану, як і ты…
Галіна БАБАРЫКА
Столінскі раён, в. Мачуль.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vozhyk-2
[2] https://zviazda.by/be/tags/studenckaya-gumaryna
[3] https://zviazda.by/be/tags/chasopis