У Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі адбылася прэзентацыя кнігі «Акрыленыя родным словам: «Ларыса Косач-Квітка (Леся Украінка) і Алаіза Пашкевіч (Цётка)», што днямі пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
Зборнік выдадзены да 150-гадовага юбілею славутай прадстаўніцы ўкраінскага рамантызму і 145-годдзя з дня нараджэння беларускай паэтэсы і асветніцы.
У кнігу ўвайшлі матэрыялы, прысвечаныя дзвюм вядомым пісьменніцам, біяграфічныя звесткі і паэтычныя творы, прадстаўленыя на беларускай і ўкраінскай мовах. З літаратуразнаўчымі артыкуламі на яе старонках выступілі вядомыя навукоўцы Вячаслаў Рагойша і Іван Саверчанка. Ініцыятарамі выдання сталі Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт і Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.
Намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта адзначыла, што выданне — вынік працы двух братніх народаў, якіх аб’ядноўвае шматвяковая гісторыя, культура, сяброўства. Аўтары і складальнікі кнігі расказалі пра гісторыю яе стварэння, свае творчыя пошукі і знаходкі. У імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі вядучых навуковых устаноў, бібліятэк краіны, Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Музея А. С. Пашкевіч (Цёткі), што знаходзіцца ў Астрынскай сярэдняй школе, якая таксама носіць імя пісьменніцы, Выдавецкага дома «Звязда» і аматары творчасці славутай зямлячкі.
— Пра гэтую кнігу мы, магчыма, яшчэ будзем гаварыць у Нацыянальнай бібліятэцы, Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, Саюзе пісьменнікаў Беларусі, — выказаў спадзяванне першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Іван Башняк. — Як праз церні да зор ішлі дзве нашы вялікія паэтэсы, так праз церні мы прыйшлі да гэтай кнігі, якая стане зоркай у вялікім святкаванні юбілею АлаізыПашкевіч.
Аляксей ЦІМАФЕЕЎ
Фота Кастуся Дробава
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/lim
[2] https://zviazda.by/be/tags/prezentacyya-knigi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vydavecki-dom-zvyazda-2