Вішні пладаносіць ў сярэдзіне лета, і любяць яе ўсюды. Таму «вішнёвыя сталіцы» ёсць у многіх краінах. У Літве гэта горад Жагарэ, у Харватыі — Лаўран, у ЗША — Трэвер-сіці, у Расіі — Уладзімір. У Беларусі «вішнёвай сталіцай» лічыцца гарадок Глыбокае ў Віцебскай вобласці, недалёка ад Полацка. Менавіта сюды ў сярэдзіне і канцы ліпеня едуць па сапраўдныя беларускія вішні. Мы таксама вырашылі з'ездзіць у Глыбокае ў «вішнёвы сезон» — пакаштаваць экалагічна чыстыя ягады і ўдакладніць, як правільна выбіраць вішні і што з іх варта гатаваць
Кліматычныя ўмовы Беларусі падыходзяць для вырошчвання вішні, у нас выдатна пладаносяць сарты сярэдняга тэрміну паспявання. У асноўным садаводы выкарыстоўваюць сарты беларускай селекцыі (Вянок, Грыёт Беларускі, Жывіца, Заранка, Ласуха і г. д.). Але самы, напэўна, старажытны і самы аўтэнтычны з тых, што дайшлі да нашых дзён, сорт беларускай вішні з'явіўся якраз у Глыбокім у пачатку мінулага стагоддзя. Першыя вішнёвыя сады заклаў у ваколіцах Глыбокага памешчык-селекцыянер Баляслаў Лапыр. Свой сорт аматар садоўніцтва назваў без вынаходстваў — «Вішнікіслая», а за аснову пры селекцыйнай рабоце ўзяў польскія сарты і спрадвечныя мясцовыя. Галоўнай вартасцю лапыроўскага сорту стала зімаўстойлівасць і здольнасць выдатна плоданасіць, нягледзячы на любыя капрызы надвор'я. З панскага саду «Вішня кіслая» перабралася ў сады навакольных вёсак і хутароў.
— Ягады сапраўды кіслыя?
— Кісла-салодкія, — кажа прадавец на мясцовым рынку. — І яшчэ ў гэтых вішань ёсць адметная рыса — такі, ведаеце, лёгкі смак чарэшні. Калі пакаштуеце — ужо не зблытаеце нашы, глыбоцкія, вішні ні з якімі іншымі.
Мясцовы, глыбоцкі сорт вішні садаводы хваляць за тое, што яна непатрабавальная і марозаўстойлівая. Але вішня сама па сабе — досыць складаная ў вырошчванні культура. Вядома, што прыжываецца больш за 80 % яблыневых пасадак, а вішнёвых — усяго 20-25 %. Дрэўца не любіць скразнякоў, у яго шмат шкоднікаў (напрыклад, вішнёвую кару любяць аб'ядаць зайцы). І ўсё ж кожную вясну, у пару цвіцення вішнёвых садоў, Глыбокае нібы накрывае вэлюм нявесты, а штолета гарадок падобны на вялікі вішнёвы сад. Тут вішнёвыя дрэўцы ёсць без перабольшання каля кожнага жылога дома: ці то прыватны домік, ці то пяціпавярховік.
Вішнёвыя дрэвы — абавязковы атрыбут навакольных вёсак ды хутароў. А ў 2013 годзе, за год да святкавання 600-й гадавіны заснавання гарадка, на ўездзе ў Глыбокае быў пасаджаны вішнёвы сад — 1414 дрэў. Лічба гэтая сімвалічная: упершыню горад згадваецца ў летапісах у 1414 годзе.
— Частку дрэў мы прывезлі з Батанічнага саду, але вельмі многія — менавіта наш, лапыроўскі сорт: саджанцы збіралі і ў самім Глыбокім, і па навакольных вёсках і хутарах, — распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч. — Сад расце і пладаносіць, хоць мы не арыентаваліся на высокія ўраджаі.
Месца для яго было выбрана з пункту гледжання эстэтыкі, але наогул для вішнёвых дрэў яно занадта ветранае, а вішні не любяць скразнякоў. Таму сёлета плануем абсадзіць наш сад жывой агароджай з бэзу, каб стварыць перашкоду для ветру. Так ці інакш, ураджай наш сад дае кожнае лета, і любы ахвотны можа прыйсці туды і паласавацца ягадамі.
Вішні ў Глыбокім прадаюць на мясцовым рынку і на стыхійных міні-рынках. Збочваеш з цэнтральнай вуліцы, а там у цяньку — вішні ў вёдрах, клапатліва накрытых чыстай марляй, у кошыках, у літровых і паўлітровых слоічках.
— У мяне самыя салодкія, бярыце тут, там далей будуць кіслейшыя, — вітае мяне вясковая бабуля.
Да прыезджых тут прывыклі. Па вішні ў Глыбокае сапраўды едуць і з Мінска, і з Віцебска. Наогул, у Глыбокім летам дастаткова многа прыезджых для беларускай глыбінкі. Людзі едуць адпачываць на азёры. Сама назва мястэчка паходзіць ад старажытнай назвы возера ў межах горада. Хоць з ХІХ стагоддзя яно называецца Кагальскае — гэта значыць «агульнае», «супольнае» (ад «кагал» — яўрэйская абшчына). Тут праходзіла мяжа аседласці: у пазамінулым і ў пачатку мінулага стагоддзя каля 70 % насельніцтва Глыбокага былі яўрэі (з Глыбоччыны, дарэчы, родам знакаміты яўрэйскі лінгвіст і перакладчык Элізэр Бэн-Егуда, які адрадзіў іўрыт у якасці сучаснай гутарковай мовы). А недалёка ад горада знаходзіцца самае глыбокае ў Беларусі возера Доўгае, якое прыцягвае аматараў дайвінгу — у Глыбокім кожнае лета праходзяць розныя дайверскія мерапрыемствы, злёты і фестывалі. Глыбіня Доўгага — больш за 53 метры, і гэта не канчаткова высветленая велічыня: дайверы даследуюць дно, і, магчыма, знойдуць яшчэ больш глыбокія ўчасткі. Так што гасцініцы ў Глыбокім летам не пустуюць, а іх у горадзе пяць. Плюс аграсядзібы па берагах азёр (дзень пражывання з харчаваннем — ад 30 да 50 рублёў).
Але вернемся да глыбоцкіх вішань. На рынках у буйных гарадах можна знайсці вішні з Грэцыі, з поўначы Турцыі, з Украіны і з поўдня Расіі. Але ў цёплых рэгіёнах, з веданнем справы расказваюць жанчыны, што прадаюць глыбоцкія вішні, дрэва садоўнікі вымушаныя апрацоўваць пестыцыдамі ад хвароб і шкоднікаў значна часцей, чым у беларускім клімаце. А спрадвечныя глыбоцкія, лапыроўскія вішні (калі верыць прадаўцам) наогул нічым не апрацоўваюць — яны, маўляў, самыя экалагічныя. Толькі ісці па іх лепш як мага раней.
— Большая частка прадаўцоў гандлюе вішнямі на рынку з 6 да 9 раніцы, — расказала Людміла Карніловіч. — Пазней ужо распрадаюць рэшткі.
Вішні, дарэчы, у Глыбокім даражэйшыя, чым у Мінску — попыт нараджае прапанову, і пяцілітровае вядзерца можа каштаваць 20 рублёў і нават даражэй. Цэны «ўзлятаюць» у дні Вішнёвага фестывалю, які сёлета пройдзе ўжо дзявяты раз, з 22 да 24 ліпеня. Дата фестывалю «плавае» — яна традыцыйна прымеркаваная да піку мясцовага ўраджаю вішань. Перад фестывалем і адразу пасля яго літровы слоічак глыбоцкіх вішань абыдзецца вам у 4-5 рублёў, вядзерца — у 12-15.
Вішні чым буйнейшыя, тым саладзейшыя. Ягады драбнейшыя — таннейшыя, іх купляюць на пірагі і варэнне. Слодыч залежыць і ад колеру — цёмныя ягады саладзейшыя чым ярка-чырвоныя, да таго ж у ягадах цёмнага колеру ўтрымліваецца больш антыаксідантаў. Выбіраць лепш цвёрдыя вішні, але пры слабым націсканні на ягадку (расказалі мне) павінна ўзнікаць адчуванне, што з яе гатовы пырснуць сок. Вельмі важна купіць спелыя (але не пераспелыя) вішні, таму што гэтыя ягады пасля таго як іх сарвалі з дрэва, больш не даспяваюць. Ну а прыкмета закісання вішань — выразны вінны пах. Ад такой пакупкі варта адмовіцца.
Вішні — ягады сардэчнікаў і «фітаняшак». Яны ўтрымліваюць збалансаваны комплекс вітамінаў (А, К, групы В) і мікраэлементаў (марганец, медзь, жалеза, фосфар, цынк і г. д.), дапамагаюць змагацца са старэннем скуры (паколькі багатая на антыаксіданты) і нармалізуюць работу сэрца (за гэта адказваюць калій і магній). А яшчэ гэтыя ягады памяншаюць ацёкі, расшчапляюць тлушчы, выводзяць таксіны і паляпшаюць метабалізм. Гэта прыроднае гарачкапаніжальнае і заспакаяльнае (у старажытнасці адвар з вішань ужывалі пры эпілепсіі). На рынку ў Глыбокім вам ахвотна раскажуць, што вішні дапамогуць пры склерозе і артрыце (калі з'ядаць у дзень па кілаграму ягад, запіваючы літрам малака), і нават пры ковідзе (па-першае, падтрымаюць імунітэт, па-другое, гэта старадаўні адхарквальны сродак пры захворваннях дыхальных шляхоў).
У халадзільніку вішні захоўваюцца каля двух тыдняў. У маразільнай камеры — больш за паўгода (замарожваць вішню трэба без костачак). У слоічках з вішнёвым варэннем — колькі хопіць сілы волі. Калі варыце варэнне без костачак, яно захоўваецца даўжэй. З костачкамі — лепш з'есці на працягу некалькіх месяцаў, таму што ў костачках ёсць сінільная кіслата, якая з цягам часу можа трапіць у сіроп.
— Многія любяць вішнёвае варэнне з костачкамі з-за лёгкага міндальнага смаку, — кажа Людміла Карніловіч. — Але лепш усё ж костачкі выдаліць, а ў варэнне дадаць некалькі міндальных арэшкаў.
Калі варыце варэнне з вішань з костачкамі — пракаліце ягадкі ў некалькіх месцах. І абавязкова дадайце трохі вады, бо свежыя вішні з костачкамі дрэнна даюць сок, раіць бабуля, што гандлюе вішнямі на глыбоцкай вуліцы.
А наогул, з вішань можна гатаваць не толькі варэнне, пірагі і варэнікі. Напрыклад, спакон веку ў Глыбоцкім раёне соляць сала з вішнямі, Глыбоцкі мясакамбінат запатэнтаваў рэцэпт шашлыку ў вішнёвым соку, а Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, які робіць знакамітую глыбоцкую згушчонку, дапоўніў лінейку згушчанага малака згушчонкай «Чэры-брэндзі». На «Вішнёвым
фестывалі», які традыцыйна доўжыцца пяць дзён, можна прадэгуставаць самыя розныя (часам неверагодныя, але абавязкова смачныя, запэўнілі мяне) стравы з вішнямі ад прадпрыемстваў і проста ад мясцовых кулінараў. І, канешне, самі вішні з розных вёсак Глыбоцкага раёна. У 2017 годзе фестываль атрымаў статус міжнароднага: на яго прыязджаюць госці і ўдзельнікі з-за мяжы — з Расіі, Прыбалтыкі і нават Ізраіля (пабрацім Глыбокага — горад Кір'ят-Бялік). Дарэчы, лагатып фестывалю ў 2012 годзе распрацоўвала рэкламнае агенцтва «Крынь», прызёр фестывалю рэкламы «Канскія львы». Канчатковых варыянтаў было некалькі — у тым ліку алень з вішнёвым дрэвам на лбе і вішанькі-ноткі на нотным стане (у выніку быў абраны апошні варыянт). Чаму алень? Аказваецца, у Глыбокім, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і пахаваны... барон Мюнхаўзен.
На старадаўніх могілках у цэнтры Глыбокага краязнаўцы знайшлі незвычайную магілу. На крыжы — надпіс, што тут пахаваныя Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхаўзен, і ўказаны год (1878). І хоць герой кнігі, як пішуць літаратуразнаўцы і гісторыкі, спачыў у 1797 годзе, у Глыбокім вырашылі ўстанавіць помнік «таму самаму Мюнхаўзену» і зрабіць барона часткай гарадской легенды. І ў год 600-годдзя Глыбокага на вуліцы Горкага з'явіўся бронзавы Мюнхаўзен вярхом на ядры — адна са славутасцяў, каля якой любяць фатаграфавацца і госці горада, і мясцовыя жыхары. Ці трэба казаць, што на капелюшы барона — галінка вішні?..
Яшчэ адна гарадская славутасць — помнік... каму б вы думалі? Правільна, вішні! Варыянтаў, як і ў выпадку з лагатыпам, было некалькі, але спыніліся на трох вішаньках на пастаменце. Кажуць, калі пацерці самі вішанькі — гэта да павелічэння сям'і (наведванне помніка вішні — абавязковая частка фотасесіі маладых пасля загса), калі пагладзіць лісцікі — да грошай. Ну а дакрануцца да галінак — да доўгага жыцця.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vishnyovy-festyval-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vishnya-kislaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/glybokae
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyudmila-karnilovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/myunhauzen